Смяротны прысуд для асуджаных на расстрэл Вячаслава Сухаркі і Аляксандра Жыльнікава застаецца ў сіле. Такое рашэнне 30 мая прыняў Вярхоўны суд пасля вывучэння апеляцый, піша Tut.by.
«Пакінуць без зменаў, і пакінуць апеляцыйныя скаргі без задавальнення», — абвясціў рашэнне старшыня суддзя Сяргей Гураў.
У фігурантаў застаўся апошні шанец: прасіць памілавання ў Лукашэнкі, які можа замяніць пакаранне на іншае пакаранне. Але праваабаронцам вядомы толькі адзін такі выпадак, а астатнія (прыкладна трыста чалавек з 1990-х) былі расстраляныя.
У снежні 2015 года ў сталічнай кватэры па вуліцы Алібегава ў Мінску знайшлі цела забітай пары: 24-гадовай дзяўчыны і 32-гадовага хлопца. Аказалася, за 2 мільёны рублёў «старымі» іншая мінчанка папрасіла двух знаёмых «адправіць» дзяўчыну ў бальніцу, каб тым часам вярнуць былога хлопца. Тыя, будучы п'янымі, паквапіліся на маёмасць у кватэры і забілі абодвух. На целах пары эксперты налічылі паўтары сотні ран.
За дзень да таго ў Калодзішчах абвінавачаныя расправіліся з мужчынам, які захоўваў дома 10 тысяч даляраў.
Вясной 2017-га мужчын прысудзілі да пажыццёвага зняволення, але Вярхоўны суд адправіў справу на перагляд і вырашыў: пакараць смерцю мужчын, а жанчыне-замоўшчыцы — 12 гадоў пазбаўлення волі.
24-гадовы Вячаслаў Сухарка прызнаваў віну цалкам і прасіў сябе расстраляць. А вось 44-гадовы Аляксандр Жыльнікаў вініў ва ўсім змоўшчыка. Казаў, што ён сам «не забіваў, не душагуб».