У кастрычніку 1992 года на парозе рэчыцкага ваенкамата з'яўляецца ўсхваляваная жанчына разам з сынам. Яна блытана тлумачыць: яе Сяргей уцёк з вайсковай часткі ў Заслонаве пад Лепелем. Саслужыўцы абяцалі забіць хлопца, таму назад ён не вернецца.

Ураджэнец Рэчыцы Сяргей Моўчан — галоўны ўдзельнік гісторыі — не вытрымаў пастаянных здзекаў і збіцця. Спачатку вырашыў змагацца сам, але тады да цкавання салдата далучыліся нават афіцэры. Цярпець гэта сіл больш не было. І Сяргей збег.

Неўзабаве ў ваенкамат прыехалі афіцэры з той самай часткі ў Заслонаве. Яны патрабавалі аддаць ім салдата, пагражаючы крымінальнай справай, але ваенкам так і не выдаў ім напалоханага хлопца.

***

Смерць радавога Коржыча выклікала шэраг праверак у беларускім войску і, як вынік, паказальныя крымінальныя справы. Але ж дайшло да гэтага толькі пасля таго, як загінуў малады хлопец. Раней жа дзедаўшчына — дзесьці мякчэйшая, дзесьці больш жорсткая — была неад'емнай часткай службы. Пра гэта ведалі і салдаты, і афіцэры, але агучваць праблему не хацеў ніхто — надта шмат галоваў паляцела б. Канфлікты, якія можна было ціха замяць, спускаліся на тармазах.

***

У адзін з кастрычніцкіх дзён 1992 года з вайсковай часткі ў Заслонаве, што пад Лепелем, знік салдат.

Сам Сяргей Моўчан нарадзіўся і жыў у Рэчыцы. Але служыў у Заслонаве, што не дзіўна — у часы СССР лёс мог закінуць прызыўніка у любую кропку гіганцкай краіны, дзе служылі б такія ж «мігранты». Тое ж і ў Заслонаве: вайсковая частка складалася з жыхароў усяго Савецкага саюза: рускія, азербайджанцы, малдаване, армяне, чачэнцы… Прычым калі выхадцы з Каўказа яшчэ мелі звычку неяк аб’ядноўвацца і падтрымліваць зямлякоў са сваёй рэспублікі, то славяне часцей за ўсё заставаліся сам на сам з праблемамі.

Стараслужачыя вучылі проста: памыліўся? Малады? Трымай у бок. У Савецкай арміі заўсёды білі.

Білі і Моўчана. У лютым 1992 года пасля чарговага збіцця Сяргей трапіў у санчастку. 12 лютага пасля вечаровай праверкі малодшы сяржант Атанбаеў, азербайджанец, застаўся незадаволены. Прэтэнзіі да салдата выказаў проста — кулакамі. Як вынік — пералом грудной клеткі.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Моўчан лёг лячыцца, а Атанбаеў праз тры дні пасля здарэння збег з часткі.

Пра свае праблемы салдат расказаў маці. Калі яму зламалі грудную клетку, Любоў Цімафееўна паехала з Рэчыцы ў Заслонава, прыйшла ў вайсковую частку. Пагаварыла з камандзірам роты капітанам Аляксандрам Саакянам, армянінам. Той паабяцаў, што разбярэцца — галоўнае, каб маці не хадзіла да камандзіра часткі.

Саакян разам з маці Сяргея прыйшоў да хлопца ў палату. Паабяцаў, што пакуль ён камандзір роты, Моўчан будзе служыць у Заслонаве без праблем.

Жанчына паверыла і вярнулася дамоў.

Але ж нават у санчастцы Сяргею спакою не было нягледзячы на ўсе абяцанкі Саакяна. Стараслужачыя працягвалі цкаваць салдата.

«Мяне пераследавалі старшына Дакалаў, старшына Кот. Пасля да іх далучыліся радавыя Ангенуца, Панкевіч, малодшы сяржант Штырбалаў. Тое ж можна сказаць і пра іншых, яны мне пагражалі», — напіша пазней Моўчан у заяве на імя ваеннага камісара сваёй акругі.

Далечвалі Сяргея ў Мінску. Пасля ён вярнуўся ў сваю частку. Калі раней хлопцу служылася не надта салодка, то цяпер пачалося сапраўднае пекла.

«Саслужыўцы сустрэлі мяне не вельмі цёпла. У першую ж ноч мяне збіў старэйшы сяржант Ігнатчанка. Не вытрымаўшы прыніжэнняў, я папрасіў абароны ў дзяжурнага», — будзе тлумачыць Моўчан.

Раніцай салдата перавялі на падсобную гаспадарку. Але спакою Моўчану не далі. Стараслужачыя прыходзілі да яго самі ці перадавалі пагрозы праз іншых салдат — абяцалі «прабіць башку». Камандзір гаспадарчага ўзвода гэта чуў, але не рэагаваў. Па словах Моўчана, яго лічылі вінаватым нават афіцэры батальёна.

Нічога не змянілася. Моўчана працягвалі цкаваць.

«Я адслужыў на падсобнай гаспадарцы 5 месяцаў і мяне мусілі вярнуць у роту, а паколькі я ведаю, што гэтыя хлопцы зробяць тое, што абяцалі, я самавольна пакінуў вайсковую частку», — напіша пасля Моўчан.

***

Былы саслужывец ахарактарызаваў фігурантаў гісторыі. Віктар Селязнёў служыў у Заслонаве у той жа час, што і Моўчан.

Самога Моўчана ён не ўзгадаў, як і канфліктаў з ім, бо ў той час служыў у «цаліннай роце», амаль увесь год правёў у Казахстане — паднімаў цаліну. Вярнуўся ў частку толькі ў лістападзе 1992 года.

Але, кажа, імёны тых, хто цкаваў і збіваў салдата, яму знаёмыя.

«Камандзір роты Саакян быў добрым афіцэрам. Старшына Адлан Дакалаў — чачэнец, вельмі нахабны. Радавы Іван Ангелуца — чалавек хітры, які падстройваўся пад тых, хто мацнейшы. Ангелуца малдаванін, здаецца, — распавёў суразмоўца. — Радавы Аляксандр Панкевіч — беларус, родам з Салігорску. Баязлівец.

Старэйшы сяржант Ігнатчанка — беларус. Нармальны мужык, нічога кепскага пра яго сказаць не магу».

Але сяржанта Штырбалава мужчына ахарактарызаваў ёміста.

«Малдаванін. Сволач нахабная. Я сам хацеў яго забіць», — запэўніў мужчына. Праўда, падрабязнасці сваіх узаемаадносін з сяржантам распавядаць адмовіўся.

Іншы саслужывец, расеец Аляксандр Шабанаў, таксама служыў у Заслонаве на пачатку дзевяностых. Ён кажа так:

«Заслонава называлі «чорнай дывізіяй». Чаму? Бо там служылі адны выхадцы з Каўказа і Сярэдняй Азіі. Яны і між сабой адносіны высвятлялі, а беларусам і рускім там было ўвогуле няпроста», — кажа Шабанаў.

***

«Наша Ніва» знайшла Любоў Цімафееўну Моўчан і самога Сяргея. Яны жывуць у Рэчыцы і па сёння. Але ж гаварыць пра гісторыю з уцёкамі Моўчаны катэгарычна адмовіліся. Таму далейшы лёс Сяргея давялося аднаўляць па дакументах.

***

У кастрычніку 1992 года Сяргей бяжыць з часткі. Дабіраецца да Рэчыцы, прыходзіць да маці. Разам яны ідуць у ваенкамат, дзе расказваюць усю праўду.

Рэчыцкі ваенкам піша паперы ў Заслонава, ваенную пракуратуру і Камісію па сацыяльнай абароне ваенаслужачых, у якой просіць перавесці Моўчана ў іншую частку. У дакуменце расказваецца, што капітан Саакян паабяцаў абарону Моўчану, але нічога не зрабіў, і адзначаецца, што вяртаць салдата ў Заслонава небяспечна.

Праўда, з Заслонава адказ не прыходзіць. Замест гэтага ў Рэчыцу прыязджаюць два афіцэра з заслонаўскай вайсковай часткі.

«Яны прыйшлі ў ваенкамат, прывялі з сабой маці Моўчана, намагаліся схіліць яе, каб тая вярнула сына ў частку», — піша выканаўца абавязкаў рэчыцкага гарваенкама Чашчын.

На пытанне, чаму не завялі крымінальную справу супраць ваенаслужачых, якія здзекваліся з Моўчана, афіцэры адказваюць Чашчыну, што азербайджанец, які збіваў салдата, ужо збег з часткі, а наконт іншых яны нічога не ведаюць. Але афіцэры паабяцалі, што калі Моўчан не вернецца ў Заслонава, то крымінальную справу завядуць ужо на яго.

Але ваенкам Моўчана не выдае. Любоў Цімафееўна напісала яшчэ некалькі папер, звярнулася да дэпутатаў. Прасіла, каб Сяргея перавялі ў любую вайсковую частку Гомельскай вобласці. У выніку Моўчана спачатку пераводзяць у Бабруйск, а пасля ён даслужвае ў Рэчыцы.

За ўцёкі з часткі Сяргея Моўчана не пакаралі. Але ж не пакаралі і яго крыўдзіцеляў. Прынамсі, маці Сяргея ўсё сказала, што не памятае, каб кагосьці з Заслонава судзілі за збіццё яе сына.

Хутчэй за ўсё справу замялі. Прынамсі вядомы лёс некаторых з вайскоўцаў. Сяржант Ігнатчанка, які збіў Моўчана ў першую ж ноч пасля вяртання з санчасткі, спакойна даслужыў свой тэрмін. Пасля жыў у Мінску, працаваў на Камароўскім рынку.

Не было наступстваў і для Аляксандра Саакяна — таго афіцэра, які абяцаў маці абараніць сына, і нічога не зрабіў.

У 1993 годзе ён, адмовіўшыся прымаць беларускую прысягу, пераехаў у Расію, дзе працаваў у міліцыі. Даслужыўся да пасады намесніка начальніка УМУС Расіі па Тульскай вобласці. Цяпер Саакян на пенсіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?