У верасні 2016 у Мачулішчах, што ў Менскай вобласці, жанчына нарадзіла дзіця і выкінула яго ў смеццеправод з сёмага паверха. Суседзі былі шакаваныя, грамадская думка не хавала абурэння, а следства выставіла жанчыне абвінавачанне ў замаху на забойства, здзейсненым з асаблівай жорсткасцю. У аснове такой рэакцыі на ўчынак жанчыны ляжыць шырока распаўсюджанае перакананне, што забіванне немаўлят, незалежна ад абставінаў і матываў, заўжды з'яўляецца злачынствам.

З такім перакананнем нязгодны некаторыя спецыялісты па біяэтыцы. У лютым 2012 года акадэмічны часопіс Journal of Medical Ethics апублікаваў артыкул Альберта Джубіліні і Франчэскі Мінэрвы пад назвай «Пасляродавы аборт: чаму немаўля павінна жыць?» Пасляродавы аборт — гэта не што іншае, як забіццё нованароджанага дзіцяці. На думку аўтараў, бацькі павінны атрымаць права свабодна прымаць рашэнне, ці пакінуць немаўля пры жыцці, ці не. Прадбачачы натуральнае пярэчанне: «Але ж гэта чалавек», аўтары спасылаюцца на практыку абортаў, у ходзе якіх таксама забіваецца чалавечая істота. «Маральны статус дзіця-немаўляці з'яўляецца такім самым, што статус эмбрыёна — у тым сэнсе, што і дзіця, і эмбрыён не валодаюць характарыстыкамі, якія дазволілі б прадстаўляць ім права на жыццё» — паясняюць яны. «Як эмбрыён, так і нованароджанае дзіця — гэта чалавечыя істоты і патэнцыйныя асобы, але ніводзін з іх не з'яўляецца асобай у сэнсе маральнага суб'екта з правам на жыццё».

Азнаёміўшыся з гэтай аргументацыяй, няцяжка здагадацца, чаму ў назву артыкула быў вынесены такі спецыфічны тэрмін-наватвор: «пасляродавы аборт» (after-birth abortion). Як самі аўтары паясняюць: «…каб падкрэсліць, што маральны статус нованароджанага чалавека параўнальны з маральным статусам эмбрыёна». У звязку з гэтым, «тое, што мы называем «пасляродавым абортам», павінна быць дапушчальна ва ўсіх выпадках, калі дапушчальны «дародавы аборт»».

Артыкул, хоць быў апублікаваны ў вузкаспецыялізаваным акадэмічным часопісе, выклікаў шырокі рэзананс. Не толькі на аўтараў, але таксама на рэдакцыю часопіса абрынулася хваля крытыкі з розных бакоў. На пэўным этапе ў палеміку ўступіў рэдактар часопіса Джуліян Савулеску (каторы сам з'яўляецца прафесарам біяэтыкі). У інтэрв’ю для брытанскага The Telegraph у дужа эмацыйнай форме ён заявіў, што рэакцыя на артыкул пра «пасляродавы аборт» — гэта атака на акадэмічную свабоду і ўвогуле свабоду слова. Найбольш зацятых крытыкаў ён назваў «фанатыкамі, якія замахваюцца на фундаментальныя каштоўнасці ліберальнага грамадства. (…) Гэта адна з самых небяспечных тэндэнцыяў, што прыводзіць да самасуду і генацыду», — наракаў Савулеску.

А што з сутнасцю справы: немаўляты маюць права на жыццё ці не? У блогу, які вядзецца ад імя рэдакцыі Journal of Medical Ethics, Савулеску напісаў тэкст «У абарону публікацыі «Пасляродавы аборт», у якім ён падкрэслівае, што «аргументы на карысць права на забіванне нованароджаных не з'яўляюцца новымі». Мінэрва і Джубіліні папросту працягваюць пэўную традыцыю. Навізна іхняга падыходу палягае толькі ў тым, што яны паказваюць, якім чынам даўно выпрацаваныя аргументы можна дапасаваць да «мацярынскіх і сямейных інтарэсаў». Ад сябе дадамо, што публікацыя артыкула Джубіліні і Мінэрвы — не першы раз, калі часопіс Journal of Medical Ethics даваў права голасу прыхільнікам права на забойства немаўлят. Прыкладам, у 1986 годзе часопіс апублікаваў тэкст пад амаль ідэнтычнай назвай «Ці немаўля павінна жыць? Праблема немаўлят-інвалідаў» — гэта была ўхвальная рэцэнзія на кнігу Хельгі Кусэ і Пітэра Сінгера, у якой аўтары пастулявалі права на забойства цяжка хворых немаўлят.

Калі Джуліян Савулеску казаў, што ідэя забівання немаўлят не новая, то ведаў, што казаў. І справа тут не ў тым, што ў Старажытнай Грэцыі або ў дамадэрнай Японіі гэта практыкавалася. Гаворка тут ідзе пра тое, што гэтая ідэя не новая для заходняга акадэмічнага асяроддзя. Канцэпцыя «права на забойства немаўлят» пачала распрацоўвацца ўжо ў 70-я гады ў цеснай повязі з канцэпцыяй «права на аборт». Важнай фігурай у гэтым плане быў (і ў нейкай ступені надалей ёсць) Майкл Тулей, прафесар Прынстанскага ўніверсітэта. У 1972 годзе ён апублікаваў артыкул «Аборт і забойства немаўлят», які шмат разоў перавыдаваўся ў акадэмічных выданнях (апошні раз у 2011 годзе).

Майкл Тулей перакананы, што паўсюдны супраціў адносна забівання немаўлят — гэта выключна прадукт ірацыянальных эмоцый, якім часам таксама паддаюцца навукоўцы і філосафы. «Пытанне забойства немаўлят цікавае таксама па прычыне эмоцый, якія яно выклікае. Тыповая рэакцыя на забойства немаўлят нагадвае (…) рэакцыю мінулых пакаленняў на мастурбацыю або аральны сэкс», — піша аўтар. Рацыянальны падыход, на яго думку, наступны. «Арганізм набывае права да жыцця толькі тады, калі пачынае ўспрымаць сябе як суб'ект бесперапыннага досведу і іншых ментальных станаў і пры гэтым сам усведамляе, што з'яўляецца такой бесперапыннай істотай». Эмбрыён і немаўля не спаўняюць гэтага крытэру. У звязку з гэтым забарона пазбаўляць іх жыцця — гэта папросту адно з ірацыянальных табу, якое неапраўдана абмяжоўвае чалавечую свабоду.

У 80-я гады на гарызонце так званай ліберальнай біяэтыкі ўзышла новая зорка, якая засвяціла нашмат ярчэй і шырэй, чым усе папярэднія зоркі — Пітэр Сінгер, прафесар Прынстанскага ўніверсітэта (ЗША) і Універсітэта Мельбурна (Аўстралія), вегетарыянец, актывіст па змаганні з беднасцю і паслядоўны абаронца права на аборты і забойства немаўлят. Рэктар Прынстанскага ўніверсітэта аднойчы сцвердзіў, што прафесар Сінгер — найбольш уплывовы спасярод этыкаў, якія жывуць на гэты момант. У сваёй манументальнай працы «Практычная этыка», якая ўпершыню была выдадзена ў 1979 годзе і перавыдавалася шмат разоў, гэты ўплывовы этык цвердзіў: «Чалавечыя немаўляты не нараджаюцца са самасвядомасцю і няздольны зразумець, што яны існуюць у часе. Яны — не асобы». У звязку з гэтым, «жыццё нованароджанага мае меншую каштоўнасць, чым жыццё [дарослай] свінні, сабакі або шымпанзэ». У другім выданні гэтай працы прафесар удакладніў сваю пазіцыю: «Сабакі, каты або дэльфіны з'яўляюцца асобамі, тады як эмбрыёны, нованароджаныя і некаторыя ахвяры хваробы Альцгеймера — не».

Для Сінгера, гэтаксама як і для Майкла Тулея ці Альберта Джубіліні, відавочна, што жыццё чалавека пачынаецца з моманту зачацця. У святле сучаснай эмбрыялогіі гэты факт немагчыма адпрэчыць. Але гэта не значыць — падкрэсліваюць яны, — што аборты або забіванне немаўлят з'яўляюцца немаральнымі. Чалавечыя эмбрыёны і немаўляты можна забіваць нягледзячы на тое, што яны — людзі. «Скажам так: калі людзі знаходзяцца на такім нізкім інтэлектуальным узроўні, што нават не ўсведамляюць саміх сябе, то мы не маем абавязку падтрымліваць іх пры жыцці», — сказаў Сінгер у інтэрв’ю для нямецкай газеты Der Spiegel у лістападзе 2001 года.

У звязку з гэтым паўстае практычная прапанова, якую Сінгер агучвае ў Практычнай этыцы: пасля нараджэння дзіцяці бацькі павінны мець чатыры тыдні (28 дзён), каб, скансультаваўшыся са спецыялістамі, прыняць рашэнне, ці пакінуць дзіця пры жыцці, ці забіць яго. Дзейнічае тут тая самая логіка, што і ў выпадку абортаў: «Я ўжо паказаў, — піша Сінгер, — што жыццё [чалавечага] эмбрыёна мае не большую вартасць, чым жыццё жывёліны з падобным узроўнем рацыянальнасці, самасвядомасці, здольнасці адчуваць і гэтак далей, і што паколькі ніводзін эмбрыён не з'яўляецца асобай, то ніводзін эмбрыён не мае такога ж права да жыцця, што і асоба. А цяпер мы павінны прыняць той факт, што ўсе гэтыя аргументы тычацца нованароджанага дзіцяці не ў меншай ступені, чым эмбрыёна. Дзіця ва ўзросце аднаго тыдня не з'яўляецца рацыянальнай і самасвядомай істотай».

Як бачым, меў рацыю праф. Джуліян Савулеску, што пастуляванне «права на забіванне немаўлят» не ёсць нечым новым. Гэты пастулат з'явіўся ў 70-я гады ўвадначас з пастулатам права на аборт, і аргументацыя на карысць першага фактычна супадае з аргументацыяй на карысць другога. Супадае таксама і рыторыка: як права на аборт, так і права на забойства немаўлят прэзентуецца як элемент ліберальнай этыкі, а адмаўленне гэтага права — як прадукт кансерватызму мыслення і зняволення рэлігійнымі догмамі.

Не супала, аднак, палітычна-заканадаўчая практыка. За апошнія паўстагоддзя большасць партый заходняга свету паступова перайшлі на бок падтрымкі так званага права на аборт, але пакуль што ніводная партыя не рызыкнула прасоўваць права на забіванне немаўлят (калі не лічыць падтрымку эўтаназіі для смяротна хворых дзяцей у Бельгіі і Нідэрландах). Не ведаем, аднак, у якім кірунку павернецца палітычная практыка ў будучыні. Хто ведае, можа, тая жанчына з Мачулішчаў, якая выкінула сваё дзіця ў смеццеправод, праз нейкі час стане для кагосьці новай іконай барацьбы за свабоду — свабоду ад нежаданых немаўлят.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?