31.05.2018 / 17:45

Барысаўскія мушкецёры праз дзесяць гадоў збіраюцца ў Брэсце — цікавосткі дзясятага тура чэмпіянату Беларусі па футболе 21

Разам з Букмекерскай канторай Марафон мы працягваем сачыць за чэмпіянатам Беларусі па футболе.

Пасля гэтых выхадных мы зафіксуем, што траціна турнірнай дыстанцыі ўжо пройдзена. Шчыра кажучы, пакуль не бачна, ці зможа хоць нехта скласці канкурэнцыю БАТЭ ў барацьбе за чэмпіёнства. Брэсцкае «Дынама», нягледзячы на змену трэнера і падпісанне Марадоны, працягвае буксаваць. Што цікавага рыхтуюць нам гэтыя выхадныя?

«Дынама» (Мінск) — «Мінск»

Гульцы «Мінска» дзеляць перамогу з фанатамі. Фота з vk.com.

Дынамаўцы змаглі скараціць адставанне ад БАТЭ да 5 пунктаў, але гэтага вельмі мала яшчэ. Каманда Сяргея Гурэнкі паказала зайздросны байцоўскі дух, перамогшы «Смалявічы» толькі на апошніх хвілінах. Зноў лідарам каманды зарэкамендаваў сябе ўкраінскі легіянер «бела-блакітных» Наёк. Былы абаронца «Дынама» Сяргей Паліцевіч кажа, што шанцы на медалі ў «Дынама», безумоўна, будуць. Галоўнае — не губляць пункты ў «сваіх» гульнях.

А «Мінск» прарвала — і як! Каманда не магла перамагчы ў 21 сустрэчы запар, да абсалютнага антырэкорду чэмпіянату заставалася ўсяго тры гульні. У гульні з «Тарпеда» «гараджане» забілі аж шэсць галоў. Нараджаюцца і маладыя зоркі «Мінска», такія як Дзмітрый Анцілеўскі і Дзмітрый Бяссмертны. Пра апошняга на гэтым тыдні высветліўся цікавы факт: хлопец навучаецца ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. І такое бывае ў нашым футболе.

Прагноз «НН»: «Мінск» заб’е.

«Нёман» — «Шахцёр»

«Нёман» у агні. Мабыць, самая гарачая каманда чэмпіянату проста цяпер. Чатыры перамогі запар вывелі гарадзенцаў на трэці радок у турнірнай табліцы. Прычым не скажаш жа, што і каманды перамаглі слабыя.

«Шахцёр» таксама не сказаць што ў дрэннай форме — усё ж мае чатыры перамогі ў пяці апошніх матчах. Змена кіраўніцтва яўна пайшла камандзе на карысць. У гульні з «Гомелем» здзівіў Шымунавіч, які прабегся з мячом палову поля і бахнуў проста ў дзявятку. А вось былы спартыўны дырэктар «Шахцёра» латвіец Дзмітрый Хахлоў назваў Беларусь краінай паперак. Маўляў, тут усюды трэба справаздача. Гульня абяцае быць вельмі цікавай — усё ж цэнтральная сустрэча тура.

Прагноз «НН»: «Нёман» не саступіць.

«Тарпеда» — «Дынама-Брэст»

«Тарпеда» ў вельмі моцным крызісе. На маральна-валявых каманда дастаткова ўдала стартавала ў вышцы, але потым аказалася, што да сур’ёзных гульняў каманда не зусім гатовая. Выкажу меркаванне, што на сённяшні дзень менавіта «Тарпеда», а не «Гарадзея» ці «Гомель» з’яўляецца галоўным прэтэндэнтам на вылет. Са стану «чорна-белых» прыйшла яшчэ адна навіна: пачаўся збор подпісаў за ўратаванне стадыёна «Тарпеда», з якога хочуць зрабіць закрыты манеж.

Берасцейцы ж не могуць перамагчы дзве гульні запар. Матчы з не самымі крэпкімі «Слуцкам» і «Дняпром» скончыліся з аднолькавым лікам — 1:1. Цяпер «Дынама» можа падпісаць Сяргея Крыўца. Можна сказаць, ужо значная частка старога БАТЭ перакачавала ў горад над Бугам: Гутар, Няхайчык, цяпер Крывец. Марадона ж у сваім інстаграме адзначыў, што глядзеў апошні матч новай каманды і ўжо шукае шляхі для ўзмацнення «Дынама».

Прагноз «НН»: перамога «Дынама» з розніцай у 2 галы ці больш.

«Дняпро» — «Віцебск»

«Дняпро» ўтрымаў удар у вельмі складанай гульні з брэсцкім «Дынама». На гэты матч прыйшло больш за 8 тысяч гледачоў. У Магілёве пры такой атмасферы выступаць «рачным» не даводзілася. Цікава, што падтрымаць сваю каманду ў Брэст даехаў усяго толькі адзін фанат «Дняпра». Магілёўцы пакуль такі тыповы сераднячок, які не прэтэндуе ні на медалі, ні на вылет.

«Віцебск» жа па вясне ў вельмі добрай форме. Каманда атрымала ў апошніх гульнях сухія перамогі над моцнымі «Слуцкам» і «Тарпеда-БелАЗам». Гэта многага варта. Легіянеры кшталту Ледэсмы вядуць каманду за сабой, беларусы таксама вучацца. Здаецца, у гэтым сезоне «Віцебск» мае самыя сур’ёзныя намеры весці барацьбу за медалі.

Прагноз «НН»: перамога «Віцебска» і тотал меней за 2,5.

«Гомель» — «Прамень»

Гульцы і трэнеры «Гомеля» наведалі хворага на рак заўзятара. Фота fcgomel.by.

«Гомелю» люта не шанцуе. Каманда шмат атакуе, някепска глядзіцца ў стварэнні, але на завяршальнай стадыі не можа даводзіць справу да канца. У «бела-зялёных» усё яшчэ няма перамог у чэмпіянаце. Затое па-за полем гульцы «Гомеля» даюць сапраўдны прыклад іншым. Гульцы каманды Алег Кавалёў і Мілаван Капор, а таксама настаўнік каманды Аляксей Мяркулаў наведалі ў бальніцы хворага на рак страўніка 28-гадовага заўзятара Юрыя Рубаніка.

«Прамень» можа наракаць толькі на сябе, што каманда не давяла да перамогі сустрэчу з «Гарадзеяй» у мінулым туры. Усё было ў нагах мінчукоў, але яны трапілі ў нейкі ступар. Жаданне рэабілітавацца ў Гомелі будзе зашкальваць.

Прагноз «НН»: перамога «Гомеля».

«Гарадзея» — БАТЭ

Пра праблемы «Гарадзеі» ўжо гаворана-перагаворана. Кіраўніцтва каманды, як выратавання, чакала вяртання ў гульню сербскага нападаючага Бояна Дубаіча. Але серб пакуль не апраўдвае выдадзеныя яму па выніках мінулага сезона авансы. Пакуль мы можам канстатаваць, што нешта відавочна не так у цукровым каралеўстве. І чым хутчэй гарадзейцы зразумеюць, у чым справа, тым болей шанцаў будзе застацца ў вышэйшай лізе.

У мінулым туры БАТЭ нечакана страціў першыя ачкі ў чэмпіянаце. Ладна б у гульні з кімсьці з лідараў, то ніхто б і не паглядзеў коса. А тут з «Іслаччу». Аляксандр Глеб прызнаўся, што ўласнік БАТЭ Анатоль Капскі пасля матча зайшоў у раздзявалку і зладзіў дастаткова эмацыйны разнос камандзе. Другую асечку запар у Барысаве цярпець не маюць намеру. Таму «Гарадзеі» ў гэтым плане не пазайздросціш.

Прагноз «НН»: перамога БАТЭ з розніцай большай, чым адзін гол.

«Іслач» — «Смалявічы»

Гульня «Смалявічы» — «Дынама». Фота з vk.com.

«Іслач» выйдзе на гэты матч яўна ў прыўзнятым настроі. Каманда магла прывезці тры пункты з Барысава, калі б крыху пашанцавала. Віталь Жукоўскі класна перавярнуў ход той сустрэчы заменай Пабудзея на Зюлева. Адметна, што грошы, сабраныя ад продажу білетаў на гэтую гульню, будуць пераведзеныя ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. Добрае пачынанне «ваўкоў».

«Смалявічы» найперш прыцягваюць увагу сваім каларытным стадыёнам у пасёлку Кастрычніцкі. Побач з тым стадыёнам — вясковыя домікі, неабкошаная трава. Многія адразу ўяўляюць Марадону ў такіх дэкарацыях. Так сабе відовішча, скажам шчыра.

Прагноз «НН»: «Іслач» пераможа.

«Тарпеда-БелАЗ» — «Слуцк»

Сустракаюцца няўдачнікі апошніх тураў. «Тарпеда» саступіла «Віцебску» і «Нёману». Гэта сведчыць, што жодзінцы ў стрэсавых сітуацыях не здольныя да стабільнай гульні. І, маючы такія незайздросныя якасці, вельмі цяжка будзе прэтэндаваць на нешта высокае.

Што тычыцца «Слуцка», то ў камандзе перастаў забіваць Яўген Шыкаўка — і вынікі адразу пайшлі ўніз. У гэтым плане гульня вельмі прынцыповая для абедзвюх каманд: хто ж першы перарве няўдалую серыю?

Прагноз «НН»: нічыя.

Выберыце матч і абавязкова наведайце стадыён! А каб прагляд футболу быў больш цікавым, раім зрабіць стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!

Зміцер Панкавец

1
Žvir / Адказаць
31.05.2018 / 18:06
Nu, tut siurpryzaū byc` nie pavinna, nia varta čakac`...Chiba toļki mažliva Brest iznoū ab...ab...absiurpryzicca...:))
1
НЕ Памяркоуны / Адказаць
31.05.2018 / 20:25
Žvir,ну как твой пролёт с прогнозами на 9-ый тур? Если мне не изменяет память, ты лохонулся в 6-ти из 8-ми матчей.  
1
Žvir / Адказаць
31.05.2018 / 21:06
НЕ Памяркоуны, a Vy ž moj prahnoz aceņvali, jak 60 na 40 ! Bačycie, jak Vy lachanulisia ! :)))

A ūvohulie, toļki 2 kamandy sapsavali mnie nastroj svaim vynikam, heta Smaliavičy i Sluck. To bok, nie takaja užo i vialikaja maja laža, u paraūnaņni z Vašaj. :))

A ciapier budzie tak:
«Дынама» (Мінск) — «Мінск» - 0:2
«Нёман» — «Шахцёр» - 2:0
«Тарпеда» — «Дынама-Брэст» - 2:0
«Дняпро» — «Віцебск» - 0:0
«Гомель» — «Прамень» - 1:0
«Гарадзея» — БАТЭ - 3:3
«Іслач» — «Смалявічы» - 0:0
«Тарпеда-БелАЗ» — «Слуцк» - 0:4

Паказаць усе каментары/ 21 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру