Сёньня быў абвешчаны ляўрэат прэміі Беларускага ПЭН-Цэнтру «Кніга году», якую ўручаюць самі пісьменьнікі за найлепшую кнігу, напісаную беларусам ці ў Беларусі на любой мове, якой карыстаюцца беларусы, паведамляе «Радыё Свабода».

Ляўрэатам прэміі «Кніга году» ўжо другі раз стаў Альгерд Бахарэвіч. Гэтым разам посьпех яму прынесла кніга «Сабакі Эўропы», якая выйшла ў выдавецтве «Логвінаў» у сьнежні 2017 году.

Пра гэтую кнігу аўтар сказаў так:

«Я нарэшце напісаў тую кнігу, якую хацеў і да якой даўно ішоў. Менавіта тымі словамі, якімі хацеў, той колькасьцю словаў. Я стварыў новую мову, я згуляў у складаную гульню і атрымаў асалоду ад усіх яе хадоў, пастак, лябірынтаў, галасоў, я кінуў выклік самому сабе, чытачам, нешматлікім сапраўдным крытыкам, я стварыў таямніцу. Літаратура немагчымая бяз выкліку і без таямніцы. Я нарэшце аддаў даніну сваім настаўнікам і пераадолеў іх уплыў. Я напісаў кнігу, незалежную ні ад кан’юнктуры, ні ад модных павеваў, тэндэнцый, -ізмаў… Гэтая кніга мае сваю, унутраную сілу, яна будзе існаваць, жыць, што б ні адбылося са мной, літаратурай і сьветам. Яна большая за ўвесь гэты калялітаратурны сьвет і ягоны кароткі каляндар…»

Пераможца атрымлівае прыз памерам 1000 эўра ў рублёвым эквіваленце паводле курсу Нацбанку.

Альгерд Бахарэвіч быў першым ляўрэатам заснаванай чатыры гады таму Беларускім ПЭН-Цэнтрам прэміі «Кніга году». Тады калегі-пісьменьнікі аддалі перавагу ягонай кнізе «Дзеці Аліндаркі» (2014).

Паралельна зь пісьменьніцкім галасаваньнем свайго пераможцу сярод дзевяці «фіналістаў» прэміі вызначалі і «звычайныя» чытачы, якія маглі пакінуць свой на адмыслова створаным сайце. Іх сымпатыі заваяваў Павал Севярынец за кнігу «Беларусалім».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?