«Арт Сядзіба», «Symbal.by» і КХП-БНФ распачынаюць сёньня акцыю «Брукаванка памяці» да 30-годзьдзя адкрыцьця Курапатаў. Пра гэта Радыё Свабода распавёў грамадзкі актывіст, заснавальнік «Арт Сядзібы» і крамы «Symbal.by» Павал Белавус.

Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

Сэнс акцыі ў тым, каб зрабіць добрую, якасную дарогу на ўваходзе ў мэмарыял.

«Зазвычай вясной і восеньню яе залівае вадой з МКАД і ісьці даводзіцца праз лужыны і гразь. Таму тут будзе зроблены насып і выкладзеная адмысловая брукаванка», — сказаў Павал Белавус.

На краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака» неўзабаве распачнецца кампанія па зборы ахвяраваньняў на цаглінкі, таму ўзяць удзел у стварэньні дарогі зможа кожны жадаючы.

Ініцыятары акцыі плянуюць зрабіць дарогу ўжо да наступных Дзядоў, калі будзе адзначацца 30-годзьдзе першай акцыі ў Курапатах. Паводле Паўла Белавуса, стварэньне дарогі ўхваліў Зянон Пазьняк.

«Мы змагаемся за тэрыторыю вакол асноўнага мэмарыялу, каб тут не ішло будаўніцтва і не зьяўляліся новыя аб’екты, гэта добра. Але за гэтым змаганьнем забываемся на тое, што адбываецца ў самім комплексе. Гэта будзе сымбалічна і важна, што мы зробім вартую справу, даўно патрэбную. Усе мы кажам пра новыя мэмарыялы ўнутры, а не спрабуем вырашыць вось такую праблему», — сказаў Белавус.

Сабраныя ахвяраваньні будуць перададзеныя сябрам КХП-БНФ, якія ўжо даўно займаюцца Курапатамі.

Паводле Паўла Белавуса, людзі ідучы на акцыю 3-га чэрвеня, могуць таксама прынесьці свой камень, які сымбалізуе іх цяжар і боль, і пакінуць на ўваходзе ў мэмарыял.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0