Новаабраны сьпікер Палаты Андрэйчанка выдаў сэнтэнцыю што да прызнаньня/непрызнаньня мяцежных грузінскіх правінцый. У гэтым пытаньні, са слоў былога начальніка Віцебшчыны, мусіць быць улічаная думка беларускага народу. Патас жалезны, але, што цалкам чакана, ніякай канкрэтыкі.

Мне адразу згадалася, як у жніўні, па гарачых сьлядох каўкаскае вайны, давялося дыскутаваць з адным знаёмым пэнсыянэрам. «А ўсё ж добра нашы далі дыхту грузінам!» — выгукнуў той, калі аргумэнты скончыліся.

І я з гранічнай выразнасьцю адчуў: чалавек дасюль жыве катэгорыямі СССР, і Масква для яго — Цэнтар, і расейскае войска — усё тая ж «непобедимая и легендарная», пра якую сьпявалі з кожнага праса за савецкім часам. Грузінаў жа гэты чалавек апрыёры лічыў вартымі самага жорсткага пакараньня, бо тыя «палезьлі на рускіх».

Вы скажаце: ну дык чаго хацець ад пэнсыянэра, закансэрваванага ў саўковай прапагандзе!

Тады паглядзеце вынікі верасьнёўскага апытаньня НІСЭПД. Дык вось, погляды пераважнай бальшыні нашых суайчыньнікаў на каўкаскую вайну — прарасейскія. У прыватнасьці, 63,2% — за незалежнасьць і міжнароднае прызнаньне Паўднёвай Асеціі ды Абхазіі. І толькі няшчасныя 5% — за вяртаньне пад кантроль Грузіі.

Цікава, ці ведае сп. Андрэйчанка гэтыя лічбы? Калі ведае, то ягоную фразу можна трактаваць як завуаляванае абяцаньне дагадзіць Маскве. Пра яе інтэрас, дарэчы, у дзень адкрыцьця першай сэсіі Палаты новага скліканьня нагадаў амбасадар Расеі Сурыкаў. Пабачым, маўляў, ці ўлучаць у парадак дня восеньскай сэсіі тое пытаньне, якое абяцаў вынесьці на разгляд новага складу дэпутатаў ваш прэзыдэнт.

Але найхутчэй што Андрэйчанкава адсылка да народу ёсьць традыцыйным спосабам не сказаць нічога канкрэтнага. Бо

vox populi для нашага начальства зусім ня ёсьць сьвятарнай каровай, хоць і заведзена лічыць, што рэжым папулісцкі.

Глядзеце: на самай справе Лукашэнка ўжо ня першы год доўжыць экспэрымэнт з прыняцьцем абсалютна непапулярных («антынародных», як любяць казаць апазыцыйныя камуністы) рашэньняў.

Згадайце кантрактную сыстэму, прыгонніцкае разьмеркаваньне выпускнікоў ВНУ, будаўніцтва АЭС, скасаваньне льгот, школьную антырэформу.

Чаму гэта практычна не адбіваецца на тэфлёнавым рэйтынгу афіцыйнага кіраўніка? Гэта асобная цікавая тэма. Адзначу мімаходзь толькі тое, што тут працуе комплекс чыньнікаў. Ад тыпова беларускага «а мо’ так і трэба?» (памятаеце анэкдот пра цьвік у крэсьле?) да пасьлядоўнага росту дабрабыту. Так, хай сабе ў немалой ступені за кошт расейскага гранту, але дасюль улада выконвала непісаны сацыяльны кантракт з электаратам: мы вам — кілбасу, вы нам — згоду ахвяраваць ладнай часткай правоў ды свабод.

Але вернемся да пытаньня Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Відавочна, што, цягнучы рызіну, Лукашэнка ідзе дэ-факта насуперак настроям айчыннага соцыюму. Дарэчы, як і ў пытаньні збліжэньня з Эўразьвязам. Сацыёлягі адзначаюць «эўрапейскі мінімум»: доля эўраэнтузіястаў (гатовых прагаласаваць за ўступленьне ў ЭЗ на гіпатэтычным рэфэрэндуме) апусьцілася у нашым грамадзтве да 26,7%. Параўнайце: у сьнежні 2002 году было 60,9% (во калі трэ’ было фарсаваць тую «нармалізацыю»! :).

І наадварот, блізу паловы — 46,3% — гатовыя былі ў верасьні 2008-га прагаласаваць за аб’яднаньне з Расеяй. Пры жаданьні зладзіць аншлюс — як двойчы два, нават безь вялікіх нацяжак. Але ж ня ўсё так проста…

Дык ці дацісьне Крэмль у пытаньні прызнаньня мяцежных грузінскіх тэрыторый? Вядома ж, гэта вырашае не Андрэйчанка, не «стэрыльная палата» і нават ня vox populi. З «воксам» у нас, як бачым — па абставінах… Асабліва ў міжнародных справах (згадайма яшчэ адзін савецкі анэкдот: «Мяне непакоіць Гандурас» :)

Прызнаньне — гэтая тая фігура, якой Лукашэнка ў сваім сэансе гульні на дзьвюх дошках — усходняй і заходняй — можа ахвяраваць, калі:

а) Расея пойдзе на шчодрыя фінансава-эканамічныя льготы (цана газу, умовы крэдыту і г.д.); б) трэ’ будзе адкупіцца такім чынам ад болей небясьпечных варыянтаў (кшталту адзінага рубля, канстытуцыйнага акту па вэрсіі Масквы); в) паляціць пад адхон дыялёг з Захадам.

Пакуль што канфігурацыя гэтых дынамічных чыньнікаў не фатальная. Ва ўсякім разе, у парадку дня чарговай сэсіі Сурыкаў жаданага пытаньня можа і не пабачыць. Хаця, калі прыцісьне, яго пракруцяць, самі разумееце, у момант вока.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?