02.06.2018 / 17:46

10 рэчаў, якія ўражваюць у Варшаве ў параўнанні з Мінскам (спойлер: як мы адсталі) абмяркоўвайце! 102

Я трапіў у Варшаву першы раз за доўгі час. Мне было што параўноўваць, пагатоў што 10 гадоў таму мне ў Варшаве давялося адпрацаваць цэлы год. За 10 гадоў прагрэс адчувальны.

Дарогі ідэальныя 

Дарогі ідэальныя. Як аўтамабіліст, я гэта адчуў на сабе найперш. У нас яны латаныя-пералатаныя, у Варшаве роўненькія. У нас разметка пасля зімы адсутнічае, бо нанесеная яна таннай фарбай, а ў Варшаве яе наносяць стойкім, рэльефным матэрыялам, і яна паўсюдная.

Тэрмафутра

У Варшаве, здаецца, не засталося няўцепленых шматпавярховікаў. Усе будынкі савецкага часу атрымалі тэрмафутра. У Мінску шэрыя панэлькі па-ранейшаму складаюць вялікую частку жылога фонду.

Густа кусты

Варшава густа засаджаная кустамі і кустарнічкамі. Яны раздзяляюць прастору на зялёныя зоны. Аддзяляюць дамы і робяць утульнымі двары. У Менску іх нашмат менш, асабліва хвойных.

«Часны сектар»

Варшаўскія катэджавыя раёны ў межах горада выразна адрозніваюцца ад нашага «часнага сектара». У нашым значную долю складаюць па-ранейшаму драўляныя ці збудаваныя «з таго, што было», дамы. Абшырны варшаўскі прыватны сектар, населены сярэднім класам, выглядае лепш за нашы Дразды, населеныя элітай. Але дамкі стаяць цесненька, зямля дарагая.

Вай-фай

Вай-фай шмат дзе бясплатны. У аэрапорце, у цягніках, аўтобусах — у нас і блізка такога няма. А гэта вялікая зручнасць і для эканамічнай дзейнасці, і для студэнтаў.

ВУП і за ВУПам 

Увогуле, Польшча адарвалася ад Беларусі ў эканамічным развіцці. Пакуль нас палохалі шокавай тэрапіяй і заваблівалі ў Таёжны саюз, Польшча рванула. Сярэдні заробак у Польшчы абганяе беларускі ўжо ўтрая. Уражвае і стан дзяржаўных фінансаў: дзяржава тут распачала шчодрыя выплаты сем’ям з дзецьмі. Золатавалютныя рэзервы Польшчы перавышаюць 119 мільярдаў даляраў. Адкуль усё гэта бярэцца? Эфектыўная эканоміка. З назіранняў яшчэ: наколькі не проста меркаваць пра стан эканомікі па ВУП. Яго паказчык на душу насельніцтва ў Польшчы мала розніцца ад літоўскага. Але кантраст ва ўзроўні жыцця вялікі. Інфраструктура Вільні выглядае на парадак слабейшай. Дамы ў людзей бяднейшыя, закінутых будынкаў больш. А ў нас у Беларусі іх яшчэ больш.

Травы не косяць

Траву вакол трас, вуліц і ў парках тут не косяць «для прыгажосці». У гэтым сезоне яе яшчэ ні разу не касілі. У нас яе косяць перыядычна — бензін танны, як і працоўная сіла. А палякі лічаць камунальныя грошы. Ну і кіслароду больш. Мне то больш падабаецца, калі пакошана. Але факт стаўлення палякаў да трат паказальны.

Chopin International Airport

Падарожжы самалётам перасталі быць раскошай для сярэдняга паляка. Тры найбольшыя аэрапорты Польшчы прапусцілі ў 2017-м 26,1 млн пасажыраў. Мінскі — 4,1. А колькасць насельніцтва ў краінах адрозніваецца толькі ў 4 разы. Аэрапорт Варшавы, дарэчы, носіць імя вядомага паляка — Фрэдэрыка Шапэна. Другі па памеры, Кракава, — Яна Паўла ІІ. Трэці, у Гданьску, — Леха Валэнсы.

Дэмакратыя

Урад Закона і справядлівасці вінавацяць у аўтарытарных замашках, але апазіцыя ў краіне засядае ў парламенце, СМІ плюралістычныя. Уключыў тэлевізар, дзяржаўны канал TVPInfo, які ў Польшчы называюць ТВ-Піс. Нават тут у дыскусійных перадачах абавязкова ўдзельнічае нехта з апазіцыі.

Чарэшні і цісы

А яшчэ ў Варшаве ўжо перацвітае ліпа, спеюць чарэшні, а жывыя агароджы часта высаджаныя з цісу. Паўднёвей, што ты зробіш.

P.S. І так, у Варшаве ўсё яшчэ гавораць па-польску, а ў Мінску — на мове суседняй дзяржавы.

Мікола Бугай

150
Змiцер / Адказаць
02.06.2018 / 18:06
Дык у чым мы адсталi нешта не зразумеу? Забылiся напiсаць пра аутастанцыю варшава заходня. Жах дый жах. А той хто хоча нешта абгадзiць заусёды абгадзiць
117
Джордан Майкл / Адказаць
02.06.2018 / 18:11
Так...але мы не палякi. Мы - нiхто.
33
да так / Адказаць
02.06.2018 / 18:14
Траву вакол трас, вуліц і ў парках тут не косяць «для прыгажосці». У гэтым сезоне яе яшчэ ні разу не касілі. У нас яе косяць перыядычна — бензін танны, як і працоўная сіла. А палякі лічаць камунальныя грошы. Ну і кіслароду больш.
косят чтобы не разводились клещи 
Паказаць усе каментары/ 102 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру