01.06.2018 / 15:00

Кіраўнік «Белгазпрамбанка» пакпіў з артыкула «Советской Белоруссіі» 33

Старшыня праўлення «Белгазпромбанка» Віктар Бабарыка раскрытыкаваў артыкул «Советской Белоруссіі», прысвечаны поспехам беларускага Парка высокіх тэхналогій. Сам Бабарыка, дарэчы, мае дыплом матэматыка-праграміста.

«Вось не прытрымліваюся я парады прафесара Праабражэнскага з «Сабачага сэрца» не чытаць газет перад абедам і наогул газет не чытаць, — пачынае Бабарыка. — … 1 чэрвеня 2018 у «Советской Белоруссіі» (гэта такая газета, якая быццам бы выступае пад брэндам «Беларусь сегодня»), апублікаваная нататка «Дапоўненая рэальнасць», дзе прыведзены лічбы па асноўных паказчыках нашай ІТ-краіны і самы галоўны пралік, як мне здаецца, іх там вельмі шмат (лічбаў) і яны ўзаемазвязаны. Такая падача інфармацыі вельмі незвычайная для нашай краіны ў прынцыпе, бо дазваляе гэтыя лічбы супастаўляць, а гэта цягне за сабой такое паняцце, як аналіз. Што, у прынцыпе, вельмі шкодна для грамадзяніна, бо любы аналіз можа спарадзіць далейшыя высновы. А яны могуць быць рознымі. Таму ў нас прынята не абцяжарваць грамадзян магчымасцямі аналізаваць — лепш лічбаў паменш, а высновы адназначныя — усё не проста добра, а выдатна», — іранізуе Бабарыка.

Банкір звярнуў увагу, што аўтар артыкула Максім Осіпаў не адрознівае паняцці «даход» і «прыбытак». Прыбытак, як вядома, розніца паміж даходамі і выдаткамі.

Максім Осіпаў — той самы аналітык «Советской Белоруссіі», які ледзь не ўсчаў міжнародны скандал сваімі недарэчнымі выказваннямі.

Максім Осіпаў.

Чытайце таксама. Палітычны аглядальнік «Советской Белоруссіі»: «Польшча — краіна-вырадак. Горшая хіба што Украіна»

У сярэдзіне артыкула сказана, што прыбытак ПВТ за мінулы год перавысіў мільярд даляраў. А ў канцы артыкула пазначана, што праграмнага прадукту яны зрабілі на 1 мільярд даляраў. Зроблена гэта 237 кампаніямі з 33200 супрацоўнікаў з заробкам 4000 рублёў.

Далей Віктар Бабарыка задаецца пытаннем, на якое ж сам іранічна адказвае:

«Як можна вырабіць праграмнага прадукту на 1 мільярд, як мінімум, выплаціць заробак і атрымаць прыбытак, які перавышае 1 мільярд?

Магчымыя варыянты адказаў:

  1. Самы лепшы — памылка друку. Тады буду чакаць карэкціроўкі, але баюся — не дачакаюся. Аўтар не ўваходзіць у мае ФБ-сябры, а газета дакладна не заўважыць асабістага поста ў стужцы.
  2. Прытрымліваючыся назвы артыкула — гэта ўсё адбываецца ў дапоўненай рэальнасці, у якую я яшчэ не пагрузіўся, а значыць, пайду працаваць над сабой.
  3. У ПВТ ёсць схаваныя ад шырокай грамадскасці вырабленыя тавары (напрыклад ІТ-бульба, ІТ-мяса, ІТ-малако ці нешта яшчэ, акрамя праграмнага прадукта), што даюць неверагодную рэнтабельнасць, якая дазваляе атрымліваць мільярдны прыбытак. Тады выдыхну і пайду іх шукаць на прылаўках магазінаў.
  4. Можа, гэта розны даляр. Я ўжо пісаў, што прыбытак напісаны словам мільярд і асобна «Даляраў» з вялікай літары, а ўвесь аб'ём вырабленага праграмнага прадукту - лічбай 1 мільярд даляраў з маленькай. Варыянт адказу мне падабаецца, але не ведаю, чым яны адрозніваюцца (акрамя напісання) і які з двух даляраў лепш.
  5. Ніякіх выдаткаў у кампаній ПВТ наогул няма — зарплаты усе вяртаюцца, усе вытворчыя магутнасці набываюцца за кошт супрацоўнікаў, а выдаткі імі ж пакрываюцца за кошт чагосьці мне невядомага. Тады гэта сапраўды наша светлая будучыня і я нарэшце дажыў да новай супольнасці людзей — ІТ-чалавек. Бескарыслівы, які прыплачвае за права жыць і працаваць у ІТ-краіне. Тады сарамліва змаўкаю, бо грэшны - зарплату атрымліваю і выдаткі арганізацыі не кампенсую. Але ёсць маякі — буду трымаць арыенцір».

nn.by

2
Міхаіл / Адказаць
01.06.2018 / 15:19
На жаль, для публікацый у "Беларусь сегодня" быў характэрны непрафесіяналізм журналістаў выдання пры Якубовічу, які працягвае ўражваць і пры цяперашнім галоўным рэдактары. Калі б не жорсткая "прымусоўка" пры падпісцы гэтай газеты, якая зыходзіць з боку дзяржаўных органаў кіравання нашай краіны, яе  тыраж даўно апусціўся б ніжэй плінтуса...
67
NB / Адказаць
01.06.2018 / 15:30
Рэд. Выдалена.
33
3-2-1-0 / Адказаць
01.06.2018 / 15:34
Банкiр трохі памыляецца ў разьліках. "Прадукт" тут у далярах, зарплата - ў рублях.  Калі была б толькі зарплата (бяз арэнды, амартызацыі ды г.д.), то каля USD 146m. Тэарэтычна. Хаця па сутнасьці пагаджуся - ня варта таго. 
Паказаць усе каментары/ 33 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру