02.06.2018 / 09:48

Выбітны педагог — выпускнікам: У рэальным свеце вашы школьныя дасягненні нічога не вартыя. А калі вам нехта скажа, што Беларусь — балота… Абмяркоўвайце! 51

Віктар Малышчыц — выбітны педагог, унікальны настаўнік астраноміі. Ён працуе ў Ліцэі Белдзяржуніверсітэта і вядомы таксама сваімі фатаграфіямі краявідаў пад зорным небам. Вось як ён развітаўся са сваімі сёлетнімі выпускнікамі.

Дарагія ліцэісты-выпускнікі! Неяк на апошнім званку я размінуўся амаль з усімі вамі, нават не паспеўшы павіншаваць. Таму можна я зраблю гэта тут?

Там, на свяце было праліта нямала слёз, на выпускным праліецца яшчэ крыху. Але спадзяюся, што гэта слёзы радасці, а не шкадавання. Вы пераступілі толькі праз адну прыступку, а наперадзе будуць новыя і новыя. І будзе яшчэ цікавей. Так, ліцэйскія канцэрты, конкурсы, алімпіяды і турніры застануцца ў мінулым, але, паверце, гэта таксама дробязь.

Ведаеце, калі я сам быў школьнікам, то актыўна ўдзельнічаў у розных спаборніцтвах. І гэта прыносіла мне поспех: мяне баяліся ўсе канкурэнты, а мае вынікі на рэспубліканскіх алімпіядах па астраноміі амаль ніхто так і не паўтарыў. Але, як толькі скончылася школа, я раптам зразумеў, што ў рэальным свеце ўсе мае школьныя дасягненні зусім нічога не вартыя. Мне спатрэбілася досыць шмат часу, каб скінуць з сябе гэтую пыху і ганарлівасць і зразумець, што я проста «звычайны чалавек плюс/мінус боль» (с).

Таму і вам я жадаю выйсці ў гэты свет звычайнымі людзьмі. Але я веру, што той унутраны боль, тое абвостранае пачуцце праўды і справядлівасці, якое ёсць у вас, зможа змяніць гэты свет.

Будзьце заўжды на баку праўды; калі ад кагосьці вы пачуеце «А можа так яно і трэба?», ведайце — так не трэба. Вам не раз скажуць: «Ну, вы і самі ўсё цудоўна разумееце» — адмаўляйцеся разумець.

Вучыцеся і ніколі не пераставайце вучыцца. Гэта адно з самых вялікіх задавальненняў, якога зусім не варта саромецца.

Мінулі часы, калі ў трэндзе былі крымінальныя браткі ці багатыя бізнэсоўцы на вялікіх машынах. Героі нашага часу — гэта тыя, хто стварае штучны інтэлект, лечыць рак і запускае ракеты на Марс. Каб дасягнуць гэтага, трэба быць на перадавым краі навукі.

Вандруйце. Адкрывайце для сябе іншыя культуры і сустракайце новых людзей. Катайцеся па Беларусі электрычкамі і аўтаспынам, вымярайце свае ўражанні не здымкамі з дарагіх кавярняў у інстаграме, а колькасцю ўбачаных світанкаў. І часцей любуйцеся зоркамі ўдалечыні ад гарадоў. Гэта не толькі фантастычна прыгожа і не толькі дазваляе ўспомніць нашы ўрокі астраноміі, але яшчэ і паказвае, наколькі мы мізэрныя і крохкія ў бяскрайніх маштабах космасу. Немагчыма множыць зло і нянавісць на Зямлі, разумеючы, што ўсе мы знаходзімся на «дробнай пылінцы, падвешанай на сонечным промні».

І заставайцеся аптымістамі.

Ігнаруйце тых, хто здольны толькі на ныццё, і рушце далей. Калі вам нехта будзе казаць, што Беларусь — гэта балота, успомніце, што нашы балоты — найлепшыя ў Еўропе і проста пасмейцеся з гэтага эпітэта. Вы здольныя змяняць вакол сябе свет, вы зменіце і Беларусь.

І я ў вас веру.

3
Йеці / Адказаць
02.06.2018 / 09:59
Цудоўныя словы. "Ну што тут дадаць? Хіба што нічога.." (С)
43
Следить за народцем, за деньги народца / Адказаць
02.06.2018 / 10:02
КРАСИВО, но при нынешней власти и её системе НЕДОСТИЖИМО !
4
Alisa / Адказаць
02.06.2018 / 10:06
Як звычайна - Малышчыц, БРАВА!!!
Паказаць усе каментары/ 51 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру