Чаму веды беларускага вайскоўца пра Яна Караля Хадкевіча і Багуслава Радзівіла ня менш важныя, чым веданне найноўшай вайсковай тэхнікі? Хто варты быць у пантэоне беларускіх вайскаводаў? У чым адметнасьць беларускай вайсковай школы? Пра гэта ў інтэрвію Свабодзе распавёў падпалкоўнік запасу Віталь Чырвінскі.

Падпалкоўнік Чырвінскі — карэнны мянчук, якіх у сёньняшнім Менску ня так і шмат. Ягоны продак Ян Чырвінскі быў далучаны да менскіх мяшчанаў яшчэ ў 1851 годзе. Гісторыя для яго — і хобі, і праца. У вольны час піша кнігі пра беларускіх вайскаводаў, а ў працоўны выкладае вайсковую гісторыю курсантам Вайсковай акадэміі.

На чале вайсковых гісторыкаў Узброеных сілаў

Да гісторыі як навукі спадар Віталь увогуле доўгі час ня меў дачыненьня. Ён камандны афіцэр пяхоты. У 1992 годзе скончыў Бакінскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча. Апынуўся ў складзе тых самых 4 тысяч лейтэнантаў-беларусаў, якіх пасьля выпуску накіравалі ў Беларусь. На Радзіме правёў «у ботах» 25 гадоў. Службу праходзіў у мотастралковых, танкавых і выведных падразьдзелах.

У апошнія гады службы падпалкоўнік Чырвінскі пачаў думаць, што яго чакае пасьля выхаду на пэнсію. Вырашыў паступіць на гістарычны факультэт пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка, які скончыў у 2010 годзе. Афіцэра заўважылі ў галоўным вайсковым ведамстве Беларусі, дзе акурат бракавала прафэсійных вайсковых гісторыкаў.

«Вайскоўцаў з гістарычнай адукацыяй няшмат. Мяне запрасілі на сумоўе, а затым прапанавалі адказную пасаду — начальніка групы арганізацыі вайскова-гістарычнай працы і геральдычнага забесьпячэньня Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусі. Гэта быў вельмі цікавы час. Супрацоўніцтва з вайсковымі гісторыкамі іншых краін, удзел у шматлікіх канфэрэнцыях, сэмінарах, круглых сталах, міжнародных сустрэчах, дзе выпадаў гонар прадстаўляць Узброеныя сілы Беларусі. Вялікую маральную падтрымку і павагу адчуваў пасьля сваіх выступаў па-беларуску. Беларускамоўны афіцэр для многіх быў нейкім адкрыцьцём, але хутчэй прыемным», — распавядае Чырвінскі.

У той час спадар Віталь у складзе групы разам са сваімі падначаленымі калегамі і аднадумцамі, Андрэем Шпунтом і Ўладзімерам Калатковым, пачынаюць публікаваць у галоўным часопісе для вайскоўцаў «Армія» артыкулы па-беларуску, прысьвечаныя беларускім вайскаводам, пачынаючы ад Усяслава Полацкага (Чарадзея). Некалькі гадоў чытачы часопіса (галоўным чынам беларускія вайскоўцы) знаёміліся з асобамі Альгерда, Андрэя Полацкага, Вітаўта Вялікага, Яна-Караля Хадкевіча, Канстанціна Астроскага, Казімера Семяновіча, Міхайлы Глінскага ды іншых.

«У адным з артыкулаў я напісаў пра велізарную ролю ў перамозе падчас Кулікоўскай бітвы нашага суайчыньніка князя Андрэя Полацкага, які ня толькі прывёў сваю моцную дружыну, але распрацаваў і прапанаваў ваяводам аб’яднанага рускага войска плян генэральнай бітвы. Менавіта ён настаяў на тым, каб аб’яднанае рускае войска дзеля атрыманьня пазыцыйнай выгоды перайшло Дон, дзе зрытая ярамі мясцовасьць была перашкодай для шпаркай ардынскай коньніцы, а ў бліжэйшым лесе можна было схаваць засадны полк. Маскоўскі князь Дзьмітры Іванавіч на вайсковай радзе проста падтрымаў гэты плян і, надзеўшы дасьпехі шараговага ратніка, растварыўся сярод тысячаў ваяроў. На жаль, пасьля пераможнай бітвы галоўную славу разам з ганаровай мянушкай «Данскі» атрымаў менавіта маскоўскі князь, а Андрэй Полацкі незаслужана застаўся ў цені. Пасьля выхаду часопіса частку накладу падчас аб’яднаных вучэньняў перадалі ў падарунак расейскім вайскоўцам. Некаторыя казалі: ну вось, зараз расейцы пакрыўдзяцца. Але ніхто, на шчасьце, не пакрыўдзіўся. Тэкст быў па-беларуску, пэўна, не зразумелі», — гаворыць падпалкоўнік.

«Надпісы на сьцяне чытаюцца значна лягчэй, чым кнігі»

Пасьля сэрыі артыкулаў Віталь Чырвінскі прыдумаў больш эфэктыўны, як ён лічыць, спосаб пашырэньня ведаў пра беларускіх вайскаводаў. Гісторыю ён у літаральным сэнсе вырашыў выносіць на сьцены.

«Я некалі сказаў адной сваёй вельмі паважанай выкладчыцы гісторыі ва ўнівэрсытэце, што стэнды, сьцены — гэта вельмі важны спосаб пашырэньня ведаў. А яна мне кажа: — Вы так дапішацеся да коміксаў. А я кажу: — А людзі ня хочуць чытаць навуковых артыкулаў. А на сьцяне — цудоўна чытаюць», — распавядае Віталь Станіслававіч.

Ён загарэўся ідэяй зрабіць сэрыю плякатаў «Палкаводцы і ваеначальнікі зямлі беларускай». Зьдзейсьніць задуманае дапамог сябар Сяржук Бахун. Аўтарам ідэі і тэкстаў быў сам, а мастацкае афармленьне зрабіў мастак і геральдыст Андрэй Шпунт. Падрыхтаваны камплект плякатаў пра 28 асобаў тысячагадовай гісторыі Беларусі быў надрукаваны дзякуючы падтрымцы добрага сябра, які ахвяраваў на гэтую справу ўласныя грошы. Віталь Чырвінскі ўпэўнены, што некалі плякаты будуць запатрабаваныя ў войску. Пакуль жа іх можна набыць у выглядзе паштовак у інтэрнэт-кнігарнях.

Пазьней групу, дзе працаваў Чырвінскі, расфармавалі. Паводле падпалкоўніка, гэта была плянавая аптымізацыя Міністэрства абароны, і ён быў вымушаны звольніцца ў запас. Вельмі перажываў, што не давёў шмат цікавых сваіх плянаў да завяршэньня. Але нават пакінуўшы шэрагі беларускай арміі, душой і сэрцам застаўся зь ёй. Вольны час, што раптам «абрынуўся» на падпалкоўніка запасу на пэнсіі, дазволіў яму зьдзейсьніць даўнюю задуму.

400 старонак ваеннай гісторыі Беларусі

Над кнігай «Беларусь у войнах. Падзеі і асобы» Віталь Станіслававіч пачаў працаваць адразу пасьля звальненьня. На сёньня гэта бадай адзіны сур’ёзны і комплексны вайскова-біяграфічны агляд беларускай ваеннай гісторыі. Падпалкоўнік Чырвінскі распавядае, што працаваў над кнігаю два гады, але матэрыял зьбіраў яшчэ з пачатку 1990-х гадоў, калі малады афіцэр адкрываў для сябе гісторыю сваёй Бацькаўшчыны.

«Ходзіш, бывае, па вайсковай частцы, глядзіш на сьцены, а там адныя расейскія палкаводцы з савецкіх часоў: Кутузаў, Сувораў, Румянцаў і савецкія маршалы. А дзе сваё, думаю? Калі я чытаў недзе артыкул у газэце пра выбітных вайскоўцаў, якія мелі беларускія карані, то занатоўваў сабе інфармацыю. Пабачу ў інтэрнэце, таксама запісваю. Цэлыя стосы тэчак з выразкамі і сьпісанымі аркушамі і цяпер займаюць значнае месца ў хатняй бібліятэцы. Ужо ўся інфармацыя апрацаваная ў электронным выглядзе, але выкідаць тыя зжаўцелыя паперы шкада. І вось у першыя дні на «заслужаным адпачынку» і прыйшла думка — усё сыстэматызаваць і выдаць асобнай кнігай», — распавядае Чырвінскі.

Ягоная кніга адрасаваная беларускім вайскоўцам і ўсім, хто цікавіцца ваеннай гісторяй. У ёй біяграфіі амаль дзьвух соцень найбольш значных асобаў беларускай ваеннай гісторыі, календары ваенных падзеяў і фактаў. На 400 старонках Чырвінскі паспрабаваў паказаць працэс разьвіцьця беларускага ваеннага майстэрства, ваеннай навукі і вынаходніцтва. Першая кніга заканчваецца падзеламі Рэчы Паспалітай і вайной 1812 года.

Цяпер да друку рыхтуецца другая кніга, якая стане працягам папярэдняй. Яна будзе прысьвечаная аднаму з самых складаных пэрыядаў беларускай гісторыі. Стагодзьдзе, якое правялі беларускія землі ў складзе Расейскай імпэрыі, адзначылася бесьперапыннымі войнамі і ваеннымі канфліктамі. Значную частку кнігі займаюць падзеі паўстаньняў 1831 і 1863 гадоў: сотні бітваў, баёў і сутычак паўстанцаў Літвы-Беларусі з урадавымі войскамі, узаемны тэрор і трагічныя лёсы камандзераў паўстанцкіх аддзелаў.

Аўтар ужо працуе над трэцяй, заключнай часткай свайго вайскова-біяграфічнага агляду, які пачнецца з бурлівых падзеяў 1918—1920-х гадоў: абвяшчэньнем БНР, вайскова-дыпляматычных місіяў БНР; мяцяжу корпусу Доўбар-Мусьніцкага, абвяшчэньня «Літ-БелССР», а затым Беларускай ССР; першых беларускіх атрадаў Рабоча-сялянскай чырвонай арміі; «бунту» 1-й Літоўска-беларускай дывізіі Жалігоўскага, справакаванага палякамі; дзейнасьці Асобнага атраду БНР С. Булак-Балаховіча; польска-савецкай вайны; Слуцкага збройнага чыну…

«Трэцяя кніга будзе працягам вайскова-біяграфічнага агляду пра ўсіх беларусаў, а таксама ўраджэнцаў беларускай зямлі, якіх можна прылічыць да палкаводцаў, вайскаводаў, вайсковых вучоных і вынаходнікаў. Новая кніга ахопіць міжваенны перыяд, Другую ўсясьветную вайну, пасьляваенны час і першыя 25 гадоў незалежнай Беларусі. Апошнімі героямі кнігі стануць найвышэйшыя службовыя асобы Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь, якія заклалі і замацавалі фундамэнт сучаснай беларускай арміі. А такіх ужо назьбіралася каля сотні чалавек. Я, дарэчы, прашу многіх сваіх знаёмых адстаўнікоў — генэралаў і афіцэраў, а карыстаючыся нагодай, заклікаю таксама ўсіх, каму неабыякавы лёс Беларусі: спадары, пішэце свае мэмуары пра гады станаўленьня нашых Узброеных сілаў, а галоўнае — пра людзей, якія прычыніліся да іх стварэньня. Праз 100 гадоў гэтыя ўспаміны будуць бясцэннымі. Некаторыя абяцаюць, што напішуць. Гэта вельмі важна, гэта гісторыя ня толькі нашай арміі, але гэта гісторыя Беларусі», — заклікае падпалкоўнік.

«У нас хапае сваіх патронаў і для спэцназу, і для памежнікаў, і для артылерыстаў і ракетнікаў…»

Ці можа быць карысным для сучаснага войска досьвед тысячагадовай ваеннай беларускай гісторыі? Паводле Віталя Чырвінскага, сучасная армія жыве інакшымі рэаліямі, чым вайскаводы Сярэднявечча або Новага часу. Важна іншае — псыхалягічны і патрыятычны чыньнікі.

«Ты павінен ведаць, што за тваёю сьпінаю гісторыя. Я часам кажу курсантам: хлопцы, ці павінен беларускі афіцэр працягваць слаўныя традыцыі сваіх продкаў? Усе кажуць: так, павінен. Я тады далей: а як ён можа працягваць традыцыі продкаў, калі ня ведае іх? Што ён зьбіраецца працягваць? Аляксандар Лукашэнка слушна сказаў: маўляў, мы тут набудавалі сучаснай тэхнікі, а якая б яна ні была, калі там будзе сядзець здраднік, то гэтая тэхніка ня выканае сваёй функцыі», — гаворыць Чырвінскі.

Пантэон беларускай вайсковай славы, лічыць Чырвінскі, велізарны. Ён прыгадвае, што толькі ў першым томе ягонай кнігі, які сканчваецца падзеламі Рэчы Паспалітай, каля 250 выбітных вайскоўцаў. Але найбольш годнымі вайскаводамі, імёны якіх варта ўшанаваць нават на дзяржаўных узнагародах, Чырвінскі лічыць Канстанціна Астроскага і Яна Караля Хадкевіча.

«Чаму б патронам Памежнага камітэту або Галоўнага разьведнага ўпраўленьня не зрабіць Філона Кміту-Чарнобыльскага, аршанскага старосту, вайсковага дзеяча ВКЛ, які праславіў сваё імя падчас ваенных падзеяў сярэдзіны XVI стагодзьдзя? Гэта ж самы першы галоўны беларускі памежнік. У адной асобе ён трымаў усю ўсходнюю мяжу. Але быў ня толькі першым памежнікам, калі казаць сучаснай мовай. Асобная ўвага павінна быць нададзена яго выведнай дзейнасьці. Арганізацыі вайсковай выведкі і контравыведкі можа пазайздросьціць нават ГРУ Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусі. На ўласныя сродкі ён утрымліваў вялікую колькасьць выведнікаў («віжаў» і «шпегаў»). Меў сваіх людзей нават каля трону расейскага цара. У службовых данясеньнях, якія адсылаў у Вільню панам-радзе, напісаных, дарэчы, на старабеларускай мове, падрабязна спыняўся на палітычных рашэньнях і дзеяньнях Івана Жахлівага, яго ваенных плянах, загадах, распараджэньнях і нават на ўнутраных перажываньнях і эмоцыях маскоўскага манарха. Зьдзейсьніў некалькі бліскучых перамог і на ратным полі. Можна сказаць, што ад яго ваеннага майстэрства ляцелі іскры.

Або, напрыклад, артылерысты. Навошта нам асобы суседніх краінаў з эпохі Пятра І. Ёсьць ураджэнец беларускай зямлі Мікалай Янавіч Абрамовіч — генэрал артылерыі літоўскай. У 1640 годзе ён стаў першым кіраўніком артылерыі ВКЛ. Быў прызначаны «на дазор гарматы Вялікага Княства Літоўскага». Пры ім артылерыя стала асобнай вайсковай арганізацыяй, была вылучаная ў асобны корпус. Або Казімер Семяновіч — вайсковы інжынэр, тэарэтык артылерыі, вынаходнік шматступеньчатай ракеты. У нас хапае сваіх патронаў і для спэцназу, і для памежнікаў», — кажа Чырвінскі.

Яшчэ адным беларускім вайскаводам, вартым коннага помніка ў Жодзіне (ён быў заснавальнікам мястэчка на гэтым месцы, якое называлася Багуслаў-поле), Чырвінскі называе Багуслава Радзівіла, военачальніка Польшчы, Галяндыі, Францыі, Швэцыі і Прусіі. Паводле некаторых зьвестак, Багуслаў Радзівіл заклаў падмурак будучай знакамітай прускай арміі. Таксама вартым найвышэйшага ўшанаваньня ў беларускай арміі гісторык лічыць Тадэвуша Касьцюшку.

«Зь імем Касцюшкі памятаю адзін выпадак. Сярод прапанаваных тэмаў для рэфэратаў была тэма «Касьцюшка — герой двух кантынэнтаў». Адзін з курсантаў, пачуўшы гэта, прабурчаў сабе пад нос: «Наёмнік». Я тут жа прапанваў яму напісаць рэфэрат на зьмененую тэму: «Тадэвуш Касьцюшка — герой або наёмнік». Кажу: калі вы дакажаце, што ён наёмнік, то я вам стаўлю 10 і вы аўтаматам атрымліваеце залік. Хлапец рыхтаваў працу месяц, падышоў да яе сур’ёзна і потым прызнаўся, што ён цалкам пераасэнсаваў асобу Касьцюшкі. Як, кажа, наёмніку маглі даць найвышэйшую на той час узнагароду ЗША, ды яшчэ з рук яе прэзыдэнта Джорджа Вашынгтона? Наёмнікам даюць грошы, а не ўзнагароды», — успамінае Віталь Станіслававіч.

Побач з Кастусём Каліноўскім, якога падпалкоўнік Чырвінскі ставіць на адным узроўні з буйнымі арганізатарамі партызанскага руху на беларускіх землях, ён называе Міхаіла Чарняева — баявога генэрала Расейскай імпэрыі.

«Ён быў сынам расейскага генэрала, з дваранскага роду, які паходзіў з Ноўгарадзкай зямлі, але ён тут нарадзіўся ў вёсцы Тубышкі на Магілёўшчыне. Тут ён і памёр, і пахаваны тут. Міхаіл Чарняеў захапіў для Расейскай імпэрыі Туркестан, за што быў празваны сучасьнікамі «Ермаком ХІХ стагодзьдзя». Або дваранін Магілёўскай губэрні фэльдмаршал Ёсіф Рамейка-Гурка — перадапошні фэльдмаршал Расейскай імпэрыі, якога многія вайсковыя гісторыкі лічаць галоўным пераможцам расейска-турэцкай вайны 1877 — 1878 гадоў, вызвольнікам Баўгарыі ад асманскага прыгнёту. Вядома, ёсьць тут адна акалічнасьць. Чарняеў і Рамейка-Гурка былі шчырымі прыхільнікамі русыфікацыі тутэйшага краю. Мо і цяжка такімі ганарыцца сучаснаму беларусу, але ўсё роўна яны нашыя. Магчыма, менавіта беларуская зямля дала ім тую сваю жыцьцёвую сілу, якая потым увасобілася ў іхны неардынарны вайсковы талент»

Бясспрэчным гонарам беларускай арміі гісторык называе маршала Савецкага Саюзу Івана Ігнатавіча Якубоўскага. Чырвінскі знайшоў у архіве ягоную анкету 1928 году. Там рукою Якубоўскага па-беларуску напісана: «Я, Янка Якубоўскі, Ігнатаў сын». Беларусам быў і савецкі дэсантнік нумар адзін Васіль Піліпавіч Маргелаў, распавядае Чырвінскі:

«Да вайны ён служыў у Беларускай вайсковай акрузе. Скончыў Аб’яднаную вайсковую школу ў Менску. Дарэчы, прысягу прымаў па-беларуску. На старонках тагачаснай «Чырвонаармейскай праўды» імя Васіля Маргелава (да рэформы беларускага правапісу 1933 г. там пісалі Базыль Маркелаў) сустракалася вельмі часта. Беларускі паэт Сяргей Грахоўскі яму нават свой верш прысьвяціў. Падчас вайсковай службы я сустракаў тых, хто выказваў сумненьні наконт таго, што Маргелаў беларус: нарадзіўся ва Ўкраіне, пахаваны ў Маскве. Магу сказаць — я трымаў у руках асабістую справу Маргелава ў Падольскім вайсковым архіве. І там чорным па белым — беларус, і подпіс Васіля Піліпавіча. Бацькі ягоныя — беларусы. Дарэчы, падчас вучобы ў АБВШ яго рыхтавалі як «нацыянальнага кадра», каб камандаваў такімі самымі беларусамі ў частках пераменнага складу», — кажа падпалкоўнік.

Свая школа. У чым адметнасць ваеннага майстэрства беларусаў?

«Нас прывучылі, што беларус — мужык, пан сахі і касы. У нас ёсьць у крыві і саха, і каса, але як вайскоўцы беларусы вельмі вытрывалыя. Сяржантамі у савецкай арміі ставілі менавіта беларусаў, і беларусы не падводзілі. Бо ўмеюць ваяваць. Гэта, верагодна, нейкая генная памяць, а ня так, што нас забралі з поля бульбянога і на вайну, а мы там усіх зьдзіўляем сваімі вайсковымі здольнасьцямі. Нездарма наш старажытны герб «Пагоня» мае безумоўна ваенны складнік», — кажа Чырвінскі.

Прыкладаў не бракуе. Гісторык нагадвае, што падчас Другой усясьветнай вайны кіраўнік БССР Панцеляймон Панамарэнка слаў Сталіну прапановы, каб на фронце сфармаваць дзьве Беларускія асобыя арміі ў складзе 150 тысяч чалавек. Панамарэнка даводзіў, што гэта будуць арміі сапраўдных мсьціўцаў, якія будуць помсьціць за сваю акупаваную радзіму. Іх можна будзе выкарыстоўваць на найцяжэйшых участках фронту. Але Сталін не прыслухаўся да прапановы.

«На пытаньне, ці маюць беларусы сваю адметнасьць у ваенным майстэрстве, сваю нацыянальную ваенную традыцыю, можна адказаць станоўча. Так. Прыкладаў хапае. І тут варта казаць пра тэндэнцыю. Абмежаваныя мабілізацыйныя магчымасьці не дазвалялі мець вялікую армію, таму вырашальную ролю адыгрывалі прафэсійная падрыхтоўка, мужнасьць і адвага асабістага складу, а таксама ваенны талент вайсковых кіраўнікоў. Прасьцей кажучы, у нас не было магчымасьці распараджацца людзьмі як «гарматным мясам». Амаль ува ўсіх бітвах (з выняткам Грунвальду), дзе мы перамагалі, праціўнік меў колькасна большыя сілы. Найбольш вядомыя зь іх — бітвы пад Воршай 1514 году і пад Кірхгольмам 1605 году», — распавядае Чырвінскі.

Узор вайсковага майстэрства паказаў Януш Радзівіл у бітве пад Шкловам 1654 г., дзе ягонае 6-тысячнае войска разьбіла 20-тысячную армію Якава Чаркаскага. Паводле гісторыка, Радзівіл напоўніцу выкарыстаў адзін з прынцыпаў ваеннага майстэрства — умелае выкарыстаньне фізыка-геаграфічных умоваў мясцовасьці. Выбраўшы ўдалае месца на паўднёвым беразе ракі Шклоўкі, насупраць броду, вялікі гетман спачатку ўцягнуў авангард маскоўскай арміі ў бітву. Праціўнік падыходзіў да месца бітвы пачаргова і ўступаў у бой часткамі. У выніку пяцігадзіннай бітвы армія Чаркаскага была пераможаная і адкінутая за раку.

Калі працягваць размову пра беларускую ваенную традыцыю, то нельга абмінуць партызанскі рух, лічыць гісторык. Ён называе яго адной з галоўных нацыянальных ваенных традыцыяў.

Першыя прыклады выкарыстаньня партызанскіх формаў барацьбы на беларускай зямлі можна знайсці яшчэ ў ХІV стагодзьдзі. Перамога Давыда Гарадзенскага над крыжакамі пад Навагарадкам у 1314 годзе, партызанскі рух у ХVІІ стагодзьдзі, антыпольская партызанка на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1920-я гады, усенародны партызанскі рух у Беларусі падчас Другой усясьветнай вайны.

Мінусам беларускай ваеннай традыцыі Чырвінскі лічыць адсутнасьць уласнай вайскова-вучэбнай установы. Прадстаўнікі беларускай шляхты звычайна атрымлівалі досьвед вядзення вайны ў заходнеэўрапейскіх арміях, а толькі потым вярталіся служыць дамоў.

«Свая нацыянальная сыстэма вайсковай адукацыі ў нас зьявілася толькі ў незалежнай Беларусі. Трэба адзначыць, што ўзровень падрыхтоўкі даволі добры. Вайсковая акадэмія, якая паўстала на базе двух вучылішчаў, цяпер рыхтуе кадры амаль для ўсіх спэцыяльнасьцяў, запатрабаваных у арміі. А галоўнае — рыхтуючы афіцэраў апэратыўна-тактычнага зьвяна, а таксама апэратыўна-стратэгічнага ўзроўню, мы самі сталі гадаваць сваіх генэралаў», — гаворыць падпалкоўнік.

Выхад кнігі Віталя Чырвінскага супаў з пачаткам яго працы ў Вайсковай акадэміі. Ён выкладае вайсковую гісторыю будучым афіцэрам беларускай арміі.

«Курсанты ў нас цудоўныя. Патрыёты сваёй краіны. Гэта будучыня нашай краіны, нашай арміі. Да беларускай мовы ставяцца станоўча. Ёсьць і беларускамоўныя афіцэры-выкладчыкі. Адно шкада, што ў нас у некаторых сродках массавай інфармацыі толькі чакаюць нагоды, каб пнуць армію. А трэба, наадварот, знаходзіць станоўчае і казаць пра гэта», — лічыць падпалкоўнік запасу Віталь Чырвінскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?