Выдавецтва «Галіяфы» распачало краўдфандынгавую кампанію па зборы сродкаў на выданне кнігі «Дом цікаўных казак» Надзеі Ясмінскай. За 5 дзён праект сабраў 60% ад неабходнай сумы.

Кніга складаецца з 10 гісторый, дзеі якіх адбываюцца ў сучасным свеце. Таму дзеці могуць пазнаць у маленькіх героях сябе. Казкі даволі ёмістыя і кароткія - тое, што трэба для чытання нанач і ўтульных вячорак з кнігай.

«Да кожнай казкі прыкладаецца так званая «думачка» - гэта мудрая думка, што прыйшла герою пасля сустрэчы з дзівам. У кніжцы няма павучання ці маралі, але ёсць таблічка з такой «думачкай», якая вісіць на кожных дзвярах. Пры жаданні бацькі могуць абмеркаваць з дзецьмі гэтую думку, правесці паралелі з рэальным жыццём. І тады кожная казка стане для дзяцей не проста маленькай прыгодай - яна пакіне глыбейшы след», - кажа Надзея Ясмінска, аўтарка кнігі.

Для таго каб праілюстраваць гэтую кнігу, мастачка Алена Сацута выразала і склеіла 1600 папяровых дэталяў!

«Усе ілюстрацыі скрупулёзна зроблены з паперы ўручную - у маёй аўтарскай тэхніцы папяровага калажу. Такая тэхніка ілюстрацый вельмі дакладна перадае «дзіцячасць», цяпло і дабрыню казак. Працэс стварэння ілюстрацый працаёмкі, і таму для мяне вельмі значна ілюстраваць тое, што мне да душы і мае важны глыбокі сэнс. Надзеіны казкі з мудрымі думкамі для дзяцей прасякнуты любоўю і добрым стаўленнем да наваколля - ідэальны матэрыял для мяне як для творцы», - распавядае Алена.

Калі распачалася кампанія, шмат хто звярнуў увагу на незвычайную назву кнігі. Вось як тлумачыць яе аўтарка Надзея: «У гэтай кніжцы казкі - нібы жывыя істоты. І менавіта з-за іх цікаўнасці і адбыліся ўсе гісторыі. У чароўных казак няма каранёў - у іх ёсць крылы. Яны лётаюць па свеце, нябачныя для ўсіх. Сядаюць на спіну ветру, слізгочуць па вясёлцы, абганяюць хмары. І калі казка выпадкова дакранецца да чалавека, з ім адбываецца нешта незвычайнае…»

Надзея Ясмiнска - пісьменніца, лаўрэатка Прэміі Цёткі 2016 года за кнігу «Сем ружаў», найлепшая дзіцячая аўтарка - 2017 па выбары мінскіх бібліятэк.

Алена Сацута - мастачка і дызайнерка, працуе ў аўтарскай тэхніцы папяровага калажу.

«Галіяфы» — незалежнае выдавецтва, якое спецыялізуюцца на выданні мастацкай літаратуры сучасных беларускіх аўтараў, дзіцячых кніг на беларускай мове, кніг па мастацтве, кніг, якія даследуюць з розных бакоў сучасную Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?