Адзін з найпрыгажэйшых рэгіёнаў Беларусі - ваколіцы Белавежскай пушчы.
Аб найбагацейшай гісторыі краю нагадвае вялікая колькасць помнікаў, якія захаваліся да нашых дзён: замкі, сядзібы, старадаўнія храмы.
Самае старое мураванае абарончае збудаванне Беларусі, якое дайшло скрозь гушчар стагоддзяў, — Камянецкая вежа.
Яшчэ ў канцы ХІІІ стагоддзя валынскія князі збудавалі гэтую масіўную вежу-данжон, якая стала сімвалам краю. Экспазіцыя раскажа гасцям пра гісторыю вежы-крэпасці, будзе магчымасць узняцца на аглядную пляцоўку.
Адна з найпрыгажэйшых сядзібаў Берасцейшчыны — маёнтак Нямцэвічаў у Скоках.
Тут захаваліся і сядзібны дом XVIII стагоддзя, і парк, закладзены на пагорках над рэчкай Лясной. Некалькі гадоў таму ў палацавым комплексе была зробленая рэстаўрацыя, госці могуць агледзець экспазіцыі і прагуляцца па паркавых алеях.
Чарнаўчыцы - старадаўняе валоданне роду Радзівілаў.
У мястэчку захаваўся рэдкі прыклад рэнесанснай архітэктуры - Траецкі касцёл канца XVI стагоддзя, які мае рысы храма-крэпасці. Побач - царква Параскевы Пятніцы, яркі помнік палескага драўлянага дойлідства XVIII стагоддзя.
Апошнім пунктам экскурсіі стане Брэст — беларускі Карфаген. Наша старадаўняе места, як і легендарны паўночнаафрыканскі горад у свой час, было літаральна скапанае дашчэнту.
У 1830-я гады старое Берасце, горад, які параўноўвалі са Львовам, быў знесены, людзі пераселены за некалькі кіламетраў, а на яго месцы ўзведзеная крэпасць. Шпацыруючы па крэпасці, удзельнікі эксурсіі пашукаюць сляды старога горада, даведаюцца, дзе стаялі замак, ратуша, манастыры…
На дэсерт - шпацыр па Савецкай, самай прыгожай вулачцы горада. А магчыма нават — самай прыгожай пешаходнай вулачцы Беларусі.
Даведацца падрабязнасці і запісацца ў вандроўку ў беларускі Карфаген можна па тэлефонах:
(17) 203-69-70
(17) 226-03-02
(29) 682-58-07
(29) 772-77-58
Болей інфармацыі — на сайце www.zamak.by.
Фонд «Краіна замкаў». УНП 690382807