30-гадовы агрэсар затрыманы.

Адбылося ўсё ўвечары 2 чэрвеня. Каля 19-й гадзіны невядомы кінуўся з сякерай на мінакоў. Яму ўдалося параніць дваіх мужчын, піша gomel.today.

Міліцыя змагла затрымаць мужчыну. Ім аказаўся 30-гадовы мясцовы жыхар. Адразу яго павезлі ў псіхіятрычную бальніцу.

Мясцовыя СМІ пішуць, што мужчына быў пад спайсамі. Але ў Буда-Кашалёўскім райаддзеле Следчага камітэта кажуць, што такіх дадзеных няма.

«Кроў на алкаголь узялі — аналіз паказаў, што мужчына быў цвярозы. Аналіз на наркотыкі пакуль не гатовы, але, найхутчэй, ён таксама нічога не пакажа. Сам мужчына адмаўляе, што ўжываў нейкія рэчывы, — распавялі «Нашай Ніве» следчыя. — Што штурхнула яго на ўчынак, пакуль невядома. Папярэдне можна казаць пра нейкае псіхічнае растройства. Дакладна пакажуць экспертызы. Праўда, на псіхіятрычным уліку мужчына не быў, сам таксама не змог патлумачыць, чаму страціў кантроль над сабой».

Цяпер мужчына працягвае знаходзіцца ў псіхіятрычнай бальніцы, з ім працуюць медыкі.

Двое мужчын, якіх параніў нападнік, таксама ў бальніцы. У аднаго лёгкія цялесныя пашкоджанні. У другога — цяжкія, чэрапна-мазгавая траўма. Мясцовыя выданні пішуць, што апошні — у цяжкім стане.

«Напэўна, нельга казаць, што мужчына ў цяжкім стане. Прынамсі, пацярпелыя самі дабіраліся ў бальніцу. А пасля мы з кожным з іх размаўлялі. Мужчына з цяжкімі пашкоджаннямі — у прытомнасці, нармальна з намі гутарыў», — паведамілі «Нашай Ніве» праваахоўнікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?