06.06.2018 / 17:49

Рэакцыя гісторыкаў на прапановы Марзалюка. Голубеў: Стаўлюся станоўча. Пашкевіч: Зачароўвацца рана 18

Ад 2019 года ва ўсіх універсітэтах краіны абавязковым стане курс «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці». Пра гэта «НН» расказаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў, гісторык Ігар Марзалюк. Як да такіх прапановаў ставяцца іншыя гісторыкі?

Гісторыю Беларусі ва ўніверсітэтах заменяць курсам «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці». Што гэта значыць?

Выкладчык, былы дэпутат Вярхоўнага Савета ад Апазіцыі БНФ, загадчык цэнтра спецыяльных гістарычных навук і антрапалогіі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Валянцін Голубеў настроены пазітыўна.

Валянцін Голубеў. Фота svaboda.org.

«Гэта нядрэнная рэч. «Гісторыя Беларусі» і «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці» — тэмы блізкія. А калі зрабіць акцэнт на тым, што мы ўзніклі не ў 1919 годзе, як пісалі да гэтага, а раней, то будзе выдатна.

Гэтак мы можам абгрунтаваць гісторыю Полацкага княства, ВКЛ, Рэчы Паспалітай. У выхаваўчым, у нацыянальным, у патрыятычным аспекце гэта было б карысна.

Калі вывучаць гісторыю беларускай дзяржаўнасці, то гэта не значыць не вывучаць гісторыю Беларусі. Проста яе будуць вывучаць больш акцэнтавана і больш набліжана да нашай зямлі.

Немагчыма вывучаць працэсы дзяржаўнасці без вывучэння тэмаў культуры. У Акадэміі навук выходзіць з друку першы том «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці», дзе я з’яўляюся адным з рэдактараў, дык да пытання культуры, этнічнага развіцця, палітычнага, вайсковай справы ставяцца больш глыбока, чым у простых аглядах гісторыі. Без культуры немагчыма растлумачыць фармаванне нацыі.

Калі дададуць яшчэ гадзін, то гэта будзе тая ж гісторыя Беларусі з акцэнтам на нацыянальна-дзяржаўны аспект.

Я сам заўсёды выступаў за такі курс. У нацыянальна-арыентаваных гісторыкаў існавала такое жаданне. Пакуль магу выказацца толькі станоўча. Калі раней выкладанне гісторыі Беларусі разглядалася праз прызму ці Польшчы, ці Расіі, то цяпер гэта будзе рабіцца праз нацыянальны аспект. І, дзякуй богу, што мы да гэтага дараслі», — лічыць прафесар Голубеў.

А вось рэдактар часопісу ARCHE, гісторык Аляксандр Пашкевіч лічыць, што трэба дачакацца да таго моманту, калі прапановы Марзалюка будуць ажыццяўляцца, а не рабіць высноваў загадзя.

Аляксандр Пашкевіч. Фота Pawet.net.

«Па шчырасці кажучы, я даўно ўжо адвучыўся надаваць надта вялікую ўвагу словам нашых дзяржаўных мужоў, не падмацаваныя канкрэтнымі справамі, бо занадта ўжо часта ў найноўшай гісторыі іхняя вербальная гара на практыцы нараджала мыш. Таму і ў гэтым выпадку пакуль устрымаюся ад канкрэтнай ацэнкі ўсяго заяўленага Ігарам Марзалюком прынамсі да таго часу, пакуль не высветліцца, якім чынам усё гэта будзе ўводзіцца ў жыццё — ды і ўвогуле што разумеецца пад усім сёння сказаным.

Сённяшнія разважанні Ігара Марзалюка — надта ўжо эмацыйныя і неканкрэтныя. Паслухаўшы яго, можна зрабіць выснову, што плануецца нешта сапраўды рэвалюцыйнае і пераломнае. Адна эфектная заява, што будзе «навуковы курс, не хлуслівы, не ілжывы, не мярзотны і не подлы. Там будзе беларуская суб’ектнасць, але не будзе хлусні» чаго вартая. Фраза гэтая сапраўды можа сарваць апладысменты… Але я прапаную ўсё ж такі не зачароўвацца дачасна, а дачакацца вынікаў працы, каб можна было пагартаць абяцаны аўтарскі падручнік, азнаёміцца з вучэбнымі праграмамі курса «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці» і г. д.

Тады можна будзе гэта ўсё ацэньваць, абапіраючыся на факты. А рабіць ужо сёння нейкія авансы адно толькі за прыгожыя словы я сэнсу не бачу. Тым больш што над Марзалюком ёсць і Карпенка, і Лукашэнка, якія наконт гістарычнай праўды і хлусні могуць мець адрозную ад яго думку», — адзначыў Аляксандр Пашкевіч.

Зміцер Панкавец

0
Centurion / Адказаць
06.06.2018 / 17:59
А выкладаць хто яго будзе? Яшчэ тыя зубры, што з трыбунаў вяшчалі пра зьезды КПСС?
3
Малпа з гранатай / Адказаць
06.06.2018 / 18:17
Ідэя цудоўная, але па факце будзе чырвона-зялёны маразм
5
Нейкі чалавек / Адказаць
06.06.2018 / 18:18
Марзалюк - добры кандыдат на пасаду Міністра адукацыі Беларусі. Пасьля таго, як Карпенка будзе пастаўлены ўздымаць якую-небудзь іншую галіну народнай гаспадаркі. 
Паказаць усе каментары/ 18 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру