07.06.2018 / 02:02

Вундэркінды з глыбінкі Улад і Жэнік хочуць стаць вынаходнікамі. Але без настаўнікаў і камп'ютараў у іх амаль няма шанцаў 7

Шасцікласнік Улад з Лельчыц хоча вынайсці машыну часу, каб сустрэцца з татам — бацька загінуў, калі яму было ўсяго два гады. Хлопчык вывучае праграмаванне, новыя ідэі успыхваюць у яго галаве, калі ён слухае музыку. Але спецыяльнага класа з новым абсталяваннем і тэхналогіямі ў яго школе пакуль няма. Пяцікласніку Жэніку з Барысаўскага раёна пашанцавала крыху больш. Ён таксама вельмі здольны. Займаецца матэматыкай з дзевяцікласнікамі, ані трохі ім не саступае. І ўжо два месяцы вывучае робататэхніку. А яшчэ Жэнька марыць стаць нобелеўскім лаўрэатам! Платформа «Імёны» запускаюць збор сродкаў на працу праекта «STEM-адукацыя ў рэгіёнах». Яго сутнасць — адкрываць у аддаленых школах Беларусі спецыяльныя класы, у якіх здольныя дзеці атрымаюць магчымасць вучыцца высокім тэхналогіям. А таленавітыя настаўнікі, якім праект дапаможа павысіць кваліфікацыю, — магчымасць прафесійна развівацца і з радасцю хадзіць на працу.

Трэба зрабіць так, каб дзеці і настаўнікі палюбілі школу

Абрэвіятура STEM расшыфроўваецца як Science (натуральныя навукі), Technology (тэхналогіі), Еngineering (інжынерыя) і Мathematics (матэматыка). У хлопцаў, якім пашчасціць займацца ў такіх класах, будзе магчымасць вывучаць сучасныя тэхналогіі цікава і займальна. Яны навучацца пісаць праграмы, ствараць сайты і прыкладанні, канструяваць робатаў, выкарыстоўваючы веды законаў дакладных навук: фізікі, матэматыкі, хіміі, біялогіі. Гэта павысіць цікавасць школьнікаў да навук, іх агульны ўзровень ведаў, а яшчэ дасць матывацыю выбраць тэхнічную спецыяльнасць у перспектыве.

Нягледзячы на талент, дзецям з глыбінкі сёння сапраўды нашмат складаней увасабляць свае мары і дамагацца мэтаў, чым аднагодкам з буйных гарадоў. Сучасных тэхнічных гурткоў у маленькіх гарадах і мястэчках няма, а калі б і былі, у бацькоў часта няма лішніх грошай на хобі дзяцей.

Вось, напрыклад, Жэнік Шашукоў з пасёлка Лошніцы Барысаўскага раёна разам з іншымі вучнямі ўжо займаецца робататэхнікай і праграмаваннем. Таму што дабрачынцы адкрылі спецыяльны клас і далі дзіцяці магчымасць вучыцца з азартам. Раней Жэнік і ўявіць сабе не мог, што будзе канструяваць робатаў. А зараз можа выкарыстоўваць веды па фізіцы і матэматыцы, атрыманыя з падручнікаў, на практыцы. А вось яго аднагодак Улад Баравы, як і іншыя хлопчыкі і дзяўчынкі з Лельчыцкай школы, пакуль толькі марыць, што ў іх таксама з'явіцца STEM-клас.

STEM-класы — гэта магчымасць не толькі для таленавітых дзяцей, але і для іх таленавітых педагогаў павысіць кваліфікацыю, укараніць новыя тэхналогіі ў навучанне. Фота: Надзея Бужан, Імёны

Праект «STEM-адукацыя ў рэгіёнах» дае шанец таленавітым школьнікам з вёсак і невялікіх гарадкоў не толькі марыць пра будучыню, але і змяніць яе да лепшага — для сябе і для Беларусі. Беларусь называюць IT-краінай, але балы на цэнтралізаваным тэсціраванні па дакладных навуках з кожным годам усё горшыя. Калі нічога не змяняць, праз некалькі гадоў няма каму будзе паступаць у нашы тэхнічныя ВНУ і няма каго будзе браць на працу праграмістам. Каб гэтага не дапусціць, каб падтрымаць таленавітых дзяцей і педагогаў, з'явіўся праект «STEM-адукацыя ў рэгіёнах». Ініцыятарам стала Асацыяцыя вядомых айцішнікаў «Адукацыя для будучыні».

Разам з вамі, нашымі чытачамі, мы хочам сабраць сродкі на новы клас у сярэдняй школе №1 горада Лельчыцы. Гэта невялікае мястэчка на Гомельшчыне з насельніцтвам крыху больш за 11 тысяч чалавек. Раён з'яўляецца адным з найбольш пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Менавіта тут жыве наш першы герой — Улад Баравы.

«Хачу пабудаваць машыну часу, каб вярнуць тату»

Улад перайшоў у школу №1 толькі ў студзені, раней ён вучыўся ў гімназіі, але адчуваў сябе там вельмі некамфортна. Дзеці яго дражнілі, ён адчуваў сябе ізгоем. Уладу 11 гадоў, няшчасны выпадак з яго бацькам адбыўся дзевяць гадоў таму. Пасля смерці таты хлапчук жыве з мамай і не можа пахваліцца перад іншымі дзецьмі ні модным адзеннем, ні супернаварочанымі гаджэтамі. Ён даўно нічога не просіць — ведае, што ёй цяжка вылучыць грошы з малога бюджэту на дарагія цацкі. Мама працуе адміністратарам у невялікай мясцовай гасцініцы, зарплаты хапае на ежу і вопратку. А Дзед Мароз — гэта казка для маленькіх. Уладзік даўно пра гэта здагадваўся.

Толькі аднойчы ён папрасіў у мамы тэлефон з відэакамерай і здолеў падлавіць момант, калі яна хавала падарунак пад ёлку.

Шасцікласнік Улад Баравы — адзін з самых здольных вучняў Лельчыцкай школы №1. Фота: Надзея Бужан, Імёны

Улад ведае, што мара пра машыну часу — з разраду неажыццяўляльных, але калі ён кажа пра гэта, яго вочы загараюцца:

— Ёсць тры варыянты. Першы — зрабіць яе з нейкай машыны. Другі — як нерухомы аб'ект, куды можна зайсці і телепартануцца. І трэці — зрабіць нешта накшталт шматразовага тэлепорта… Ведаеце ТАРДЗІС? Такая машына часу і касмічны карабель з брытанскага тэлесерыяла «Доктар Хто».

Мама захапленні сына падтрымлівае і ганарыцца яго поспехамі. Фота: Надзея Бужан, Імёны

Улад любіць фільм «Назад у будучыню», а аўдыёкніжку Жуль Верна «Дваццаць тысяч лье пад вадой» праслухаў за адзін вечар, немагчыма было адарваць. Калі перайшоў у новую школу, адразу пайшоў на факультатыў «Асновы праграмавання», які арганізавала ініцыятыўная настаўніца інфарматыкі Святлана Мешчанка.

Разумнае, думаючае, захопленае дзіця, але ідзе на кантакт толькі з тымі, каму давярае, — гавораць пра Улада настаўнікі ў школе. Калі з'явіўся факультатыў, Улад так пагрузіўся ў новы сусвет, што хутка распрацаваў уласную гульню!

— Мая гульня называецца Survival, што значыць у перакладзе з ангельскага «выжыванне», — хлопец дэманструе распрацаваную гульню: пстрыкае па клавіятуры, у гледачоў ёсць магчымасць бачыць праекцыю на вялікім экране. — Яна зроблена ў анлайн-рэдактары. У афлайн моцна падвісае.

Улад можа гадзінамі калупацца ў праграме, удасканальваючы сваю гульню. Да ўрокаў праграмавання на Youtube ставіцца скептычна:

Улад — разважлівы хлопец. Па тым, як ён распавядае аб сваёй гульні, відаць, што стараецца прадумаць усе деталі. Фота: Надзея Бужан, Імёны

— Калі ты думаеш сам, а не ідзеш па чыёй-сьці інструкцыі, дык прынамсі запамінаеш тое, што надумаў.

Scratch ён асвоіў менавіта так, новыя ідэі ўспыхваюць ў яго ў галаве, калі ён слухае музыку ў тэлефоне па дарозе дадому.

Жыццё Улада, як распавядае сам хлопчык, — гэта школа, а потым дом, дзе ён кожны дзень толькі і робіць, што ўдасканальвае сваю гульню. Падказаць і навучыць няма каму. Аднаго ўрока інфарматыкі недастаткова. Эксперыментуе Улад сам. Раней яшчэ хадзіў у мясцовы Дом піянераў, але і там да высокіх тэхналогій далёка.

— Як праходзіць мой дзень? Ну… урокаў звычайна 5-7. Факультатыў па інфарматыцы па панядзелках. Потым дадому іду. Потым ўрокі, дамашняя работа. Вясной-летам яшчэ з агародам дапамагаю маме. А зімой c сябрам, які жыве праз дарогу, гуляем разам у камп'ютары. Прыдумляю я вельмі шмат і мне ўсё роўна, дзе я знаходжуся. Я магу ісці па вуліцы і прыдумаць: «О! Трэба гэта тэрмінова дадаць у сваю гульню!», і паскараюся дадому. На хаду прыдумляю! Калі нешта не хоча працаваць, прашу настаўніцу па панядзелках на гуртку, каб дапамагла.

Улад распавядае: «Дома працую над гульнёй, але ў школе настаўнік ёсць, які можа падказаць. Дома самому даводзіцца ўсё рабіць. У школе вялікі калектыў, калі чагосьці не ведаеш, можна спытаць у суседа, а дома атрымліваецца толькі метадам тыка». Фота: Надзея Бужан, Імёны

- Ніякіх адукацыйных цэнтраў і студый развіцця ў Лельчыцах няма, — кажа Святлана Мешчанка. — А калі б і з'явіліся, то хутка зачыніліся б: у бацькоў няма на гэта грошай. Калі прыходзіш да бацькоў і прапануеш запісаць дзіця ў гурток, першае пытанне: «А колькі гэта каштуе?» Знайсці добрую працу ў горадзе праблема, тут толькі дзве школы, гімназія, дзіцячая школа мастацтваў і лякарня. Яшчэ некалькі невялікіх магазінаў і «Еўраопт».

У суседскай вёсцы Глушкавічы ёсць завод друзу, але на ім працуюць мясцовыя жыхары. У цэнтры творчасці — бясплатныя гурткі бісерапляцення і мяккай цацкі. Гэта добра для пачатковай школы, а ўжо з пятага класа дзецям у Лельчыцах зусім няма чым заняцца.

Раней у школе было толькі некалькі старых камп'ютараў, на якіх проста немагчыма было нічому вучыцца. Дзякуючы ініцыятыўнасці настаўніцы, у школе з'явіліся і больш сучасныя камп'ютары, і гурток для юных праграмістаў. Яна вельмі гарыць сваёй справай і сапраўды любіць сваіх вучняў. Фота: Надзея Бужан, Імёны

Сама Святлана Мешчанка прыйшла ў школу №1 два гады таму: ёй заўсёды было цікава далучаць вучняў да свайго прадмету, перадаваць ім веды. Праўда, спачатку настаўніца была збянтэжаная: яе прадмет быў амаль нікому не цікавы. Ну, акрамя Улада. Здаецца, яны абое больш за ўсіх і чакаюць заняткаў (два разы на тыдзень — факультатыў і стандартны занятак па раскладзе), каб паспрабаваць на камп'ютары хоць што-небудзь «вынайсці».

— Відаць было, што раней ніхто не надаваў інфарматыцы асаблівай увагі. Затое дырэктарка тут суперская! Яна падтрымала ўсе мае пачынанні, і ўжо ў верасні мы стварылі ў школе аб'яднанне па інтарэсах.

Дзеці з Лельчыцкай школы, вучні Светланы. Фота: Надзея Бужан, Імёны

У гуртках, якія вядзе Святлана Мешчанка, займаецца 75 дзяцей. Праўда, доўгі час не было нават нармальных камп'ютараў. Адна старызна. Ініцыятыўная настаўніца звярнулася па дапамогу ў кампанію EPAM Systems. Кампанія дапамагла. Хлопцы разам з педагогам былі шчаслівыя! На камп'ютарах, якія не завісаюць, у таленавітага Улада з'явілася хаця б першая магчымасць пазнаёміцца са Scratch — праграмай, што дапамагае вывучыць асновы праграмавання.

— У нас вельмі таленавітыя дзеці, — упэўненая настаўнік. — За гэты школьны год ужо заваявалі два міжнародныя дыпломы. Нядаўна прывезлі першае месца з Масквы: прымалі ўдзел у міжнародным конкурсе праектна-даследчых работ школьнікаў, студэнтаў і педагогаў «Прызма». Пазнаёміліся і пагутарылі з дзецьмі з інавацыйнага цэнтра «Сколкава».

Зараз у школе ўжо тры педагогі з сертыфікатамі, якія дазваляюць выкладаць робататэхніку: Святлана Мешчанка, настаўнік інфарматыкі Аляксей Свірыдаў і выкладчыца замежных моў Анжаліка Маркевіч. Яшчэ некалькі педагогаў збіраюцца прайсці адмысловае навучанне. Фота: Надзея Бужан, Імёны

Святлана і Улад мараць, каб у іх школе з'явіўся STEM-клас. Тэхніка ў школе не абнаўлялася да гэтага 15 гадоў!

Развівацца вельмі хочацца, а магчымасці набыць робаканструктары і новую тэхніку, якая таксама вельмі патрэбна, — пакуль няма.

На гуртку па інфарматыцы хлопцы з Лельчыцкай школы доўгі час займаліся на вельмі старой тэхніцы, на якой, як кажа настаўніца, проста немагчыма нічому навучыцца. На зімовых вакацыях хлопцы з Лельчыц пабывалі на STEM-фэсце ў Мінску. «Там хлопцы ўпершыню ўбачылі на свае вочы робатаў. Зразумелі, што можна не толькі праграмаваць ў камп'ютары, але і запраграмаваць прыладу, якое будзе выконваць твае каманды не на маніторы, а ў рэальнасці. Бачылі б вы, як у іх вочы загарэліся!» — успамінае іх настаўніца Святлана Мешчанка. Фота: Надзея Бужан, Імёны

STEM-клас, пра які мараць ў гэтай школе хлопцы і Святлана, — гэта сапраўды шмат магчымасцяў. Бярэм навуковую праблему, напрыклад, экалагічную, і вырашаем яе з дапамогай дакладных навук. Дзеці вучацца шукаць рашэнне самі. Была б магчымасць!

— Вось, напрыклад, ёсць вятрак. Прыходзіць настаўнік на ўрок і кажа: «Дзеці, ёсць брудныя віды выпрацоўкі энергіі (атамная, вугальная электрастанцыі), а ёсць чыстыя (сонца, вецер)». І распавядае ім пра гэты вятрак, як ён круціць лопасцямі, і выпрацоўваецца энергія. На гэтую чвэрць у нас задача такая: мы зробім мадэль такога ветрака, ад якога вы зможаце падзарадзіць мабільны тэлефон. І настаўнік тлумачыць, як круцяцца лопасці, як зрабіць так, каб яны круціліся пры мінімальным ветры, — распавядае кіраўнік праекта STEM-адукацыя ў рэгіёнах Аляксандр Хоміч. — Дзеці вывучаюць геаграфію (ружу вятроў), выкарыстоўваюць матэматыку (вылічэнні), фізіку (электрычнасць, магнітная шпулька). Яны ўсё гэта вывучылі, і зараз вятрак трэба сабраць. Школьнікі выпілоўваюць або друкуюць на 3D-друкарцы дэталі, робяць з канструктараў электрычную аснову і прыпайваюць у канцы USB-уваход. Гэта значыць дзіця не ведае ні што такое сервапрывад, ні што такое шасцярэнька, ні як перадаць кручэнне ад лопасці да шпулькі. Дзеці вывучаюць гэта праз робатаў, якіх іх вучаць праграмаваць — у рэжыме рэальнага часу. А потым ужо змогуць прыходзіць да такіх праектаў, як гэты вятрак.

«Прыгоды рыцара Яўгена»: вундэркінд Жэнька з Лошніцы

Пяцікласнік Жэнік Шашукоў з Уладам не знаёмы. Хлопчыкі жывуць у розных гарадах. Жэнік — з пасёлка Лошніцы Барысаўскага раёна. Аб'ядноўвае хлопцаў тое, што і Жэня па-вар'яцку хоча стаць вынаходнікам. Магчымасцяў вучыцца высокім тэхналогіям у яго таксама доўга не было. А зараз ёсць! У Лошніцкай гімназіі STEM-клас ужо дзейнічае, яго адкрылі ў красавіку гэтага года ў сценах гімназічнага інтэрната. Тут жывуць вучні з аддаленых вёсак.

STEM-клас адрозніваецца ад школьных кабінетаў, якія мы прывыклі бачыць у школах. Фота: Надзея Бужан, Імёны

STEM-клас адрозніваецца ад школьных кабінетаў, якія мы прывыклі бачыць. Памяшканне было цалкам пераабсталявана, тут з'явілася камп'ютарная мэбля і неабходнае «начынне» — дзесяць наўтбукаў, дзесяць робаканструктараў і вялікі дэманстрацыйны экран. Настаўнікі прайшлі перападрыхтоўку ў БДПУ імя. М.Танка. Павышэнне кваліфікацыі — абавязковая частка праекта.

У кабінеце яшчэ цягне слабы, але выразны пах фарбы. Першае, што чуюць вучні ад настаўнікаў: «Вымыць рукі!» Дэталі робаканструктара праходзяць праз мноства рук і павінны быць чыстымі, каб праслужыць як мага даўжэй. Працоўны шум. Хлопцы грукочуць дэталькамі, у голас абмяркоўваюць пастаўленую задачу. На звычайных ўроках такой творчай атмасферы не бывае.

У Лошніцкай школе Жэніка падтрымліваюць і дзеці, і педагогі. Пасля заняткаў у школе ён ужо звыкла крочыць дадому да бабулі і дзядулі, яны жывуць зусім побач з гімназіяй. Фота: Надзея Бужан, Імёны

Жэнік са шматдзетнай сям'і, у яго ёсць старэйшая сястра і малодшы брат, мама выхоўвае дзяцей адна. Сястра Крысціна скончыла гэтую ж гімназію два гады таму. Цяпер ёй 19, вывучае бухулік ў сельгасакадэміі ў Горках. Браціку Кірылу чатыры гады. Маці працуе на пілараме ў Барысаве. Калі яна выходзіць у начную змену, за малодшымі дзецьмі глядзяць бабулі.

Жэнік паступіў у Лошніцкую гімназію ў верасні па выніках уступных іспытаў. Неардынарны, думае па-даросламу, глядзіць далёка наперад, валодае лагічным складам розуму, упэўнены ў сабе, але «зорнасці» няма — так характарызуюць яго настаўнікі. Любыя школьныя прадметы? Жэнік упэўнена пералічвае: матэматыка, фізіка, хімія…

— Стоп, але ж фізікі і хіміі ў пятым класе яшчэ няма?!

— Я бяру падручнікі ў бібліятэцы. Мне даюць, — тлумачыць Жэнька і усміхаецца ва ўвесь рот.

У школе, адкуль ён прыйшоў, з яго здзекаваліся аднакласнікі, не разумеючы і не падзяляючы яго цягу да вучобы.

— Як яны з цябе здзекаваліся?

Женька падымае галаву і глядзіць проста ў вочы. У яго адкрыты круглы твар.

— Ну… Проста білі, — нарэшце адказвае ён, паціснуўшы плячыма.

Жэнік Шашукоў — сапраўдны вундэркінд! Школьны падручнік па матэматыцы за пяты клас рашыў за тыдзень. Фота: Надзея Бужан, Імёны

Святлана Казыра выкладае у Жэніка матэматыку. Узгадвае, што не паспеў скончыцца першы школьны тыдзень, як вучань падышоў да яе і сказаў, што ўжо праштудзіраваў увесь падручнік, ёсць толькі пара цікавых задачак, якія ён хацеў бы з ёй абмеркаваць.

— Такі вучань вылучаецца з агульнай масы, - кажа Святлана Валер'еўна. — Яго адрознівае азарт, велізарная цяга да ведаў. Вядома, займацца разам з класам яму нецікава. Рыхтуючыся да ўроку, я зараз заўсёды абдумваю асобныя заданні для Жэніка. Галоўнае — не пагасіць яго запал, падтрымаць захопленасць. У лютым ён разам з дзевяцікласнікамі пачаў ездзіць у Мінск і займацца матэматыкай ў ЮНІ-цэнтр на базе факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ.

На ўроку па робататэхніцы ў Лошніцкай школе. Фота: Надзея Бужан, Імёны

На алімпіядах Жэньку ўжо пазнаюць. Ён умее не толькі правільна рашаць задачы, але і пісьменна, разгорнута абгрунтаваць сваё рашэнне.

З вуснаў пяцікласніка даволі нязвыкла чуць «піфагоравы тройкі лікаў», «трывіяльны» і гэтак далей. Настаўнікі з іншых школ ходзяць паглядзець на яго, як на дзіва. Праграму Scratch ён ужо засвоіў.

І сёння, пакуль равеснікі на занятках даведаюцца, чым растравая графіка адрозніваецца ад вектарнай, Жэнька працуе па сваёй праграме.

Школьнікі на занятках у STEM-класе. Фота: Надзея Бужан, Імёны

Жэнік паказвае на экране адну са сваіх гульняў — яна называецца «Прыгоды рыцара Яўгена». У гульні 11 узроўняў, ёсць бонусы і ворагі, трэба дайсці да апошняга ўзроўню і выратаваць цудоўную прынцэсу.

— Жэнік інтэлектуальна далёка наперадзе аднагодкаў, але эмацыйна яшчэ дзіця, цяжка перажывае няўдачы. Яму яшчэ трэба будзе зразумець, што няўдача — гэта не правал, гэта проста яшчэ адна прыступка, якая вядзе ўверх, - кажа намесніца дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Лілія Дзерваед.

Калі ў гімназіі адкрыўся STEM-клас Жэнька стаў акрылены. Нават пасля ўрокаў імчыць дадому, дзе яго ўжо чакаюць бабуля з дзядулем і… камп'ютар.

Бабуля Жэніка перажывае, што ён шмат часу праводзіць за камп'ютарам. Унук тлумачыць, што там ён даведваецца шмат новага, а не проста праседжвае гадзіны. Фота: Надзея Бужан, Імёны

Адкрываецца старонка праграмы Scratch, і Жэнік спяшаецца растлумачыць:

— Гэта пародыя на гульню «Расліны супраць зомбі». Мой гонар!

— Не выгнаць на вуліцу! — скардзіцца бабуля. — Але характар у яго! Упарты! Як ён вырашыў, так і будзе. Я яго ўсё ўгаворваю — ідзі пабегай на вуліцы, як усе дзеці бегаюць.

— Я не люблю бегаць, — цвёрда кажа Жэнік. — Я прывык ўсяго дабівацца розумам.

Першая гульня ў Жэніка ўжо гатовая, але ён працягвае яе ўдасканальваць. Фота: Надзея Бужан, Імёны

У кватэры смачна пахне смажанай бульбай. Дзед глядзіць тэлевізар: на экране разгортваюцца баталіі тэніснага турніру «Ралан Гарос». Валерый Іванавіч гучна наракае на пройгрыш Вікторыі Азаранкі, бабуля Тамара Сяргееўна кліча ўнука абедаць.

А Жэнік тым часам ужо бяжыць у пакой. Да камп'ютара! А яшчэ Жэнік любіць малодшага браціка і, калі з ім сустракаецца, вучыць матэматыцы. Кірыле, нагадаем, усяго чатыры гады.

— Ён ужо ўмее лічыць да ста! Я вучу яго выконваць найпростыя матэматычныя дзеянні — складаць, адымаць… Дзяліць і памнажаць ў яго пакуль не атрымліваецца. Мне падабаецца тлумачыць іншым тое, што ім незразумела. Можа быць, я стану настаўнікам… Але больш за ўсё на свеце мне хочацца стаць нобелеўскім лаўрэатам, — прызнаецца разумны чалавек Жэнік. — Я яшчэ падвучуся і што-небудзь цікавае вынайду.

Юлія Саматыга — дырэктар Лошніцкай гімназіі. Фота: Надзея Бужан, Імёны

STEM-класа ў Лошніцкай школе не было б без дырэктаркі Юліі Саматыга. Разам з калегамі яна разумее, што сучасным дзецям патрэбныя сучасныя методыкі навучання. Толькі так з імі можна навучыцца гаварыць з імі на адной мове.

— Гэта несправядліва, што ў хлопцаў з сельскай мясцовасці менш магчымасцяў, чым у дзяцей з буйных гарадоў! — кажа дырэктарка Юлія Саматыга. Яна прааналізавала дадзеныя аб паступленні за некалькі гадоў і прыйшла да высновы, што больш за 60% выпускнікоў гімназіі выбіраюць тэхнічныя ВНУ і звязваюць сваю будучую кар'еру з тэхнічнымі спецыяльнасцямі і IT.

Для таго, каб настаўнікі маглі выкладаць у STEM-класах, ім трэба прайсці курсы павышэння кваліфікацыі ў БДПУ імя. М.Танка. Аплачвае курсы сама Асацыяцыя. Там настаўнікі на практыцы вучацца працаваць на 3D-друкарцы, раздрукоўваць аб'ёмныя дэталі, вывучаюць наборы робататэхнікі для дзяцей розных узростаў. Такія курсы павышэння кваліфікацыі настаўнікі Лошніцкай гімназіі з радасцю і велізарным натхненнем прайшлі.

— Настаўнікі хочуць, каб дзеці сядзелі як слупкі. Нават маладыя спецыялісты прыходзяць у школу з такімі запытамі. Але з сучаснымі дзецьмі такія метады не спрацоўваюць! Google ў тэлефоне можа адказаць на ўсе пытанні. Важна не завучванне, а ўменне задаваць пытанні, аналізаваць, шукаць адказы самастойна, — кажа намесніца дырэктара Лілія Дзерваед.

Спачатку, прызнаюцца педагогі гімназіі, нават яны даволі цьмяна ўяўлялі сабе, што такое робататэхніка і якія магчымасці STEM-адукацыя дае школьнікам. Пасля размовы з аўтарамі праекта туман разышоўся.

Трэба проста імкнуцца да лепшага і нічога не баяцца. Нават змяняць спецыялізацыю. Настаўніца музыкі Ірына Мітрофаненкава, напрыклад, прайшла перападрыхтоўку, атрымала сертыфікат выкладчыка робататэхнікі і цяпер выкладае ў гімназіі інфарматыку. Акрамя заняткаў па робататэхніцы, яна вядзе ў школе факультатыў «Камп'ютар і музыка», на якім вучыць школьнікаў музычнай аранжыроўцы.

Мы шмат чаго не ведаем, але трэба вучыцца

Сваімі сіламі Асацыяцыя «Адукацыя для будучыні» ужо адкрыла першыя STEM-класы не толькі ў дзвюх школах Барысава і Барысаўскага раёна. У бліжэйшы час адкрыюць яшчэ два класы ў Брэсцкай вобласці. Ва ўжо адкрытых STEM-класах ужо займаецца каля 300 школьнікаў! Вялікая мара аўтараў праекта - каб такі клас з'явіўся наогул у кожнай беларускай школе. Але рэсурсы адной грамадскай арганізацыі ўсё адно абмежаваныя.

Для таго, каб праект ахапіў як мага больш абласцей і населеных пунктаў, збор запускаюць «Імёны». Мы таксама будзем збіраць сродкі на адкрыццё STEM-класаў.

За «Імёнамі» — Гомельшчына. Лельчыцы — першы горад, дзе мы будзем збіраць ахвяраванні на працу STEM-класа.

Школа №1. Лельчыцы. Гэта невялікае мястэчка ў Гомельскай вобласці з насельніцтвам крыху больш за 11 тысяч чалавек. Раён з'яўляецца адным з найбольш пацярпелых ад Чарнобыльскай АЭС. Фота: Надзея Бужан, Імёны

Адзін з тых, хто сёння актыўна падтрымлівае праект, — паспяховы IT-бізнэсмэн Дзмітрый Гурскі. Дзмітрый — партнёр венчурнага фонду Haxus, заснавальнік кампаніі-распрацоўніка мабільных дадаткаў Ideanomix Digital, сузаснавальнік выдавецтва «Айдыёнамікс». Сярод яго праектаў — стварэнне дадатку Flo, які дапамагае жанчынам сачыць за рэпрадуктыўным здароўем. Актыўная аўдыторыя набліжаецца да двух мільёнаў карыстальнікаў у месяц. Дзмітрый таксама ўдзельнічаў ад беларускага боку ў пагадненні па куплі Facebook праекта MSQRD.

— Мы з братам выраслі ў вельмі беднай сям'і. У нас не было бацькі. Маці працавала бібліятэкарам. Гэта было ў 90-я. І я памятаю, як цалкам выпадковыя падзеі паўплывалі на наш лёс, — кажа Дзмітрый. — Цяпер мы таксама хочам стаць крыніцай такіх падзей для іншых. Каб людзі не былі закладнікамі свайго паходжання і атрымалі шанец у жыцці. Важна даць шанец тым, у каго гэтых шанцаў мала праз тое, што яны не знаходзяцца ў патрэбным месцы ў патрэбны час у патрэбнай сям'і.

Чаму STEM-адукацыя? Яна найбольш моцна ўплывае на нашу канкурэнтаздольнасць ў будучыні. Я назіраў, якія людзі становяцца спецыялістамі сусветнага ўзроўню. Праглядаецца адзін і той жа алгарытм. Гэта людзі, якія заканчвалі факультэт прыкладной матэматыкі БДУ, Ліцэй БДУ, пару элітных школ у Беларусі, займаліся з таленавітымі энтузіястамі. То бок такая абмежаваная колькасць кропак, адкуль зыходзяць веды. Іх няшмат. Гэта можна разгайдаць і падтрымаць. У райцэнтрах ёсць школы з добрай базай. Адтуль потым паступаюць і на ФПМ, і ў Ліцэй БДУ. А там, дзе такога няма, дзе ў бацькоў няма грошай на рэпетытараў, чалавек трапляе ў пастку ад нараджэння і не падымаецца вышэй.

«У нашым грамадстве трэба развіваць культуру не толькі атрымліваць ад грамадства, але і вяртаць», — кажа Дзмітрый Гурскі. Фота са старонкі Дзмітрыя ў Facebook

Два месяцы работы STEM-класа ў Лошніцкай гімназіі — невялікі тэрмін, каб падводзіць вынікі. Але ўжо ёсць чым ганарыцца: 26-27 траўня хлопцы, якія наведваюць факультатыў па робататэхніцы, прынялі ўдзел у VI Мінскім адкрытым робатурніры і ўвайшлі ў дзясятку ў катэгорыі Hello, robot.

— У былых калгасах заробкі ў людзей нізкія, не ўсе бацькі могуць купіць свайму дзіцяці камп'ютар, — пацвярджае дырэктар сельскай гімназіі Юлія Саматыга. - Многія хлопцы могуць папрацаваць на камп'ютарах толькі ў сценах школы.

Напрыклад, дзевяцікласнік Андрэй расце ў няпоўнай сям'і, камп'ютара дома няма. Сямікласніца Каця са шматдзетнай сям'і, яна выдатніца, пераможца алімпіяд, але дома займацца за камп'ютарам у яе магчымасці няма. Сям'я жыве ў інтэрнаце, у дзяўчынкі няма сваёй прасторы.

Лілія Дзерваед, намеснік дырэктара Лошніцкай гімназіі, дадае: сучасная адукацыйная сістэма не гатовая да выклікаў часу. Таму трэба мяняцца самім. Вучыцца. Шукаць новыя магчымасці.

Дзеці чакаюць новыя тэхналогіі ў школах! Фота: Надзея Бужан, Імёны

Як вы можаце дапамагчы

Усяго сёлета плануецца адкрыць дзесяць такіх класаў у розных школах Беларусі. Для таго, каб у Лельчыцах адкрыўся STEM-клас, неабходна сабраць 19 683 рублі. Грошы пойдуць на абсталяванне класа: камп'ютары і наборы для робататэхнікі. Тры настаўнікі школы ўжо прайшлі курсы павышэння кваліфікацыі за сродкі Асацыяцыі і гатовыя прыступіць да працы. Займацца ў новым STEM-класе змогуць 40 дзяцей.

А пакуль у Лельчыцкай школе клас выглядае вось так. Фота: Надзея Бужан, Імёны

Падтрымаць Улада Баравога і іншых таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак з школы, зрабіць так, каб у Святланы Мешчанка з'явілася магчымасць рабіць заняткі цікавымі, можна ТУТ. Ужо сабрана 37% патрэбнай сумы.

21
феня / Адказаць
07.06.2018 / 06:53
Хай бы мо лепш малiца вучыліся,га?
1
Кун / Адказаць
07.06.2018 / 09:12
2феня Лоб не расшиби
7
Крым и Рым / Адказаць
07.06.2018 / 09:13
Жэнька, а не Жэник. Переводить имена - это моветон. Мы ж не переводим Иван Кеннеди и Иван Леннон. Жаль, что машину времени Влад так и не изобретет. Если бы кто-то изобрел машину времени, сейчас бы нас окружали гости из будущего. Но их нет. (С) Хокинг
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру