17.06.2018 / 20:01

Як у Польшчы даглядаюць пахаванні савецкіх салдат 28

У 2017 годзе ў Польшчы набылі моц папраўкі ў закон аб забароне прапаганды камунізму або іншага таталітарнага ладу ў назвах будынкаў і аб'ектаў. Папраўкі дазволілі руйнаваць таксама помнікі жаўнерам Чырвонай Арміі. У Расіі да гэтае навіны паставіліся рэзка негатыўна, і ў вядучых расійскіх СМІ дагэтуль час ад часу з’яўляюцца абвіначванні польскіх уладаў у знішчэнні памяці аб арміі, якая вызваліла краіну ад нямецкай акупацыі. У Міністэрстве замежных спраў Польшчы «Нашай Ніве» распавялі, што лічаць гэта абсалютнай дэзынфармацыяй, накіраванай на эскалацыю канфлікту паміж дзвюма краінамі. Чыноўнікі падкрэсліваюць, што галоўнай мэтай закону ёсць барацьба з сімволікай таталітарнага рэжыму.

Паводле прадстаўнікоў ведамства, помнікі з камуністычнай сімволікай не падлягаюць зносу ў адным з чатырох выпадкаў: калі яны занесеныя ў спіс славутасцяў, маюць высокую мастацкую каштоўнасць, недаступныя для грамадства або — самае галоўнае — знаходзяцца на тэрыторыях могілкаў або пахаванняў. Менавіта гэты факт расійскія СМІ вельмі часта ігнаруюць або, як сцвярджаюць у міністэрстве, проста ўводзяць сваю аўдыторыю ў зман.

Дэмантажом такіх помнікаў займаюцца мясцовыя ўлады, папярэдне атрымаўшы згоду Інстытута нацыянальнай памяці. Рэшткі знесеных помнікаў захоўваюцца на складах, пры гэтым Расія ні разу не выказала жадання забраць іх сабе.

«Што тычыцца Першай сусветнай вайны, мы маем 1129 аб'ектаў, дзе пахаваныя ў суме 165 тысяч жаўнераў арміі Расійскай імперыі, у тым ліку беларусаў, — распавядае Яраслаў Селін, першы намеснік міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы. — Што тычыцца Другой сусветнай вайны, мы прыблізна ацэньваем, што на тэрыторыі нашай краіны пахавана больш за 1,3 мільёна жаўнераў Чырвонай Арміі. Яны спачываюць у 718 месцах».

Вайсковыя могілкі і пахаванні знаходзяцца пад апекаю польскай дзяржавы, а канкрэтна — ваяводаў: кожны з іх адказвае за справы пахаванняў, што знаходзяцца на тэрыторыі яго ваяводства. У сферу іх дзейнасці ўваходзяць, у прыватнасці, справы, звязаныя з улікам, рамонтам і ўтрыманнем гэтых аб’ектаў. Непасрэдны ж нагляд за станам вайсковых магіл ажыццяўляюць адміністрацыйныя адзінкі тэрытарыяльнага самакіравання (гарады, гміны).

«Пэўныя супярэчнасці ў адносінах з Расіяй датычацца таго, што ў шматлікіх польскіх гарадах маюцца так званыя сімвалічныя помнікі, якія ўсхваляюць Чырвоную Армію, аднак не маюць ля сябе якіх-небудзь пахаванняў. Гэтыя помнікі былі ўсталяваныя ў эпоху камунізму ў Польшчы ў гонар так званай «вызваленчай арміі», — працягвае пан Селін. — Многія не хочуць бачыць гэтыя помнікі, паколькі, з пункту гледжання гісторыі Польшчы, гэтае войска хоць і вызваліла краіну ад нямецкай акупацыі, аднак прывяло да новай залежнасці — ад Савецкага Саюза. Таму мясцовыя самакіраванні ўспрымаюць такія помнікі непажаданымі і вельмі часта іх папросту ліквідуюць. Расія ж лічыць, што мы павінны ахоўваць іх таксама, як і могілкі. Але мы з гэтым не згодныя і лічым, што наша грамадства мае права не жадаць іх далейшага існавання».

На пахаваннях салдат Чырвонай Арміі дазваляецца ўсталёўваць чырвоныя зоркі, але забараняецца выкарыстанне «сярпа і молата» як сімвалаў таталітарызму.

Згодна з законам, ваенныя пахаванні і могілкі, нягледзячы на нацыянальнасць пахаваных асобаў, маюць быць дагледжаныя і акружаныя належнай павагай і годнасцю. Выдаткі на ўтрыманне вайсковых могілак пакрываюцца з бюджэтных сродкаў польскай дзяржавы.

«На догляд пахаванняў савецкіх салдат урад штогод вылучае 6 мільёнаў злотых [каля 2 мільёнаў даляраў — НН]. Пэўную дапамогу на месцах аказвае таксама расійскі бок, але агульны яе аб'ём нам невядомы», — кажа Яраслаў Селін.

Напрыклад, нядаўні рамонт вайсковых могілак у Мілейчыцах быў напалам прафінансаваны польскім і расійскім бакамі. Могілкі былі створаныя яшчэ ў 1949 годзе на месцы бітвы, што адбылася тут 20 чэрвеня 1944 года паміж жаўнерамі Чырвонай Арміі і немцамі. Падчас рамонту, у якасці выключэння, пакінулі нават выявы сярпа і молата на браме. Прыбіраць іх не плануюць.

Тут знайшлі спачын у асноўным жаўнеры, што загінулі летам 1944-га ў раёне Чарэмхі, Дарагічына, Сямятычаў, Мілейчыцаў і Мельніка, — 1613 чалавек. Жаўнеры ляжаць у 58-мі братэрскіх магілах. На надгробках пазначаныя вядомыя прозвішчы, а таксама колькасць невядомых.

На скульптурнай кампазіцыі размешчаны надпіс: «Героям-жаўнерам савецкае арміі, якія загінулі ў барацьбе з гітлерызмам у 1941—1945 гадах, вечная памяць!» Як адзначае Анна Віцка, супрацоўніца Бюро памяці барацьбы і пакутніцтва Інстытута нацыянальнай памяці, у нашы дні падчас рэканструкцыі словы «фашысты» і «гітлераўцы» стараюцца замяняць на «немцы», бо часта моладзь зусім не ведае, хто такі Гітлер і адкуль фашысты прыйшлі на польскую зямлю. На гэтых жа могілках захавалі ранейшы надпіс.

Таксама імёны загінулых стараюцца пісаць кірыліцай, хаця часта ўзнікаюць памылкі і недакладнасці, бо ў свой час усе яны былі перапісаныя на польскі лад.

Працэдуры эксгумацыі і перапахавання целаў знаходзяцца ў юрысдыкцыі Інстытута нацыянальнае памяці. Працэс ідэнтыфікацыі і перапахавання загінулых жаўнераў праводзіцца рэгулярна. Як правіла, на спецыяльных шыльдах пазначаецца адрас установы, якая захоўвае ўсе вядомыя імёны пахаваных на пэўных могілках жаўнераў.

Шыльда на вайсковых могілках у Аўгуставе, на якой пазначаны адрас, дзе захоўваюцца імёны пахаваных тут жаўнераў.

Нехта прынёс да абеліска пілотку ваенных часоў. Анна Віцка кажа, што вельмі часта самі мясцовыя жыхары самі даглядаюць пахаванні савецкіх вайскоўцаў.

Чым больш загінулых ідэнтыфікуецца, тым часцей іх нашчадкі ўсталёўваюць уласныя памятныя шыльды. Яны робяць гэта самавольна, без узгаднення з мясцовымі ўладамі. «Аднак ніхто гэтыя шыльды не знішчае, бо ўсе разумеюць, што часта людзі едуць за сотні кіламетраў, каб ушанаваць памяць свайго продка», — запэўнівае пані Віцка.

Нашчадкі загінулых у барацьбе з нямецкімі акупантамі жаўнераў Чырвонай Арміі самавольна ўсталёўваюць памятныя шыльды з іх імёнамі і выявамі.

На жаль, не менш часта на ваенных пахаваннях здзяйсняюцца акты вандалізму. Невялікія пашкоджанні (напрыклад, графіці) улады стараюцца прыбраць як мага хутчэй, а вось у выпадку са значным апаганьваннем не ўсё так проста. Так, чакаюць сваёй чаргі на рэстаўрацыю могілкі ў Беластоку, дзе ў скульптурнай кампазіцыі вандалы паадбівалі часткі аўтаматаў і насы вайскоўцаў.

Абавязвае польскую дзяржаву клапаціцца пра ваенныя пахаванні прыняты яшчэ ў 1933 годзе закон «Аб ваенным пахаванні і ваенных могілках». Дадатковай аховай пахаванняў расійскіх вайскоўцаў ёсць падпісаная ў 1994 годзе дамова паміж урадамі Польшчы і Расіі аб пахаваннях і месцах памяці ахвяраў войнаў і рэпрэсій. Згодна з гэтай дамовай, могілкі абавязаныя даглядаць абедзве краіны.

Паводле Яраслава Селіна, міжурадавая дамова аб ахове ваенных пахаванняў была падпісаная ў студзені 1995 года і з Беларуссю. 

Ілья Параскевіч, фота аўтара

13
НЗ / Адказаць
17.06.2018 / 20:06
****Як адзначае Анна Віцка, супрацоўніца Бюро памяці барацьбы і пакутніцтва Інстытута нацыянальнай памяці, у нашы дні падчас рэканструкцыі словы «фашысты» і «гітлераўцы» стараюцца замяняць на «немцы», бо часта моладзь зусім не ведае, хто такі Гітлер і адкуль фашысты прыйшлі на польскую зямлю. На гэтых жа могілках захавалі ранейшы надпіс.

Позорище!

https://nn.by/?c=ar&i=210818

31
как-то так / Адказаць
17.06.2018 / 20:20
Нужно все памятники о бедах и несчастьях  со всей республики свезти в Хатынь. где и будет мемориал по погибшим. а прах развеять над полями цветов. где таким же образом может быть захоронен любой белорус.  Сведения о именах погибших и где-то захороненных должны быть в мемориальном комплексе Хатынь. где тоже может быть поле цветов. если там пожелают развеять прах своих родственников потомки или еще живущие ветераны войны примут такое решение в отношении всех захоронений неизвестных солдат и тех. чьих родственников нет. чтобы распорядиться  по своему усмотрению захоронениями погибших.  
5
Иван / Адказаць
17.06.2018 / 20:55
Дрогичин когда-то в БССР был(
Паказаць усе каментары/ 28 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру