У расійскага выдання няма ніякіх ілюзій — яны ўпэўнены, што малочнае пытанне не мае ніякага дачынення да якасці беларускага малака. «Русская планета» прызнае, што Рассельгаснагляд стаў інструментам ціску на беларускае кіраўніцтва: «Калі Уладзімір Пуцін быў незадаволены Аляксандрам Лукашэнкам і краіна-суседка пачынала пераходзіць небяспечныя межы непрыемных для нас заляцанняў з краінамі Захаду, малочная прадукцыя імгненна прызнавалася небяспечнай».

Аўтар мяркуе, што прычына незадаволенасці расійскага кіраўніцтва ў збліжэнні Беларусі і ЕС: вядуцца перамовы пра візавую лібералізацыю, Макей усё часцей сустракаецца з заходнімі дыпламатамі, расце беларуска-еўрапейскі таваразварот, Беларусь імкнецца зрабіць унёсак у еўрапейскую бяспеку, прапанавала 5-дзённы бязвіз…

«Аднак, падобна, Беларусь натрапляе на вынікі сваёй уласнай палітыкі», — піша «Русская Планета».

На думку выдання, адносныя эканамічныя поспехі Беларусі заўсёды былі вынікам неабмежаванага доступу на расійскі рынак, атрымання танных энерганосьбітаў з Расіі, а таксама расійскіх крэдытаў. І ўсё гэта заканчваецца. Расійскае выданне лічыць, што Беларусі не варта спадзявацца на дамовы і пагадненні, падпісаныя з Расіяй, бо яны нічога не вартыя: «Не трэба забываць, што вы ў Расіі, спадары. Ці так ужо ў нас рэдкія выпадкі, калі на паперы пішуць адно, кажуць іншае, а робяць трэцяе?»

Але Беларусі не варта крыўдзіцца, лічыць выданне, бо палітыка імпартазамяшчэння, якую праводзіць Расія, цалкам капіюе палітыку Беларусі.

У паспяховасць спроб Беларусі знайсці іншых партнёраў «Русская Планета» не верыць. «Час вызначацца. Выбар можа быць розным. Дзверы адчыненыя тут. І прыадчыненыя там. Важна ўсё ўзважыць. І не пашкадаваць», — піша выданне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0