07.06.2018 / 19:54

Саюз пісьменнікаў заклікаў уласнікаў рэстарана ля Курапат да дыялогу 16

«Саюз беларускіх пісьменнікаў» апублікаваў зварот, у якім заклікае ўласнікаў рэстарана ля Курапат да дыялогу.

6 чэрвеня, фактычна ў трыццатую гадавіну першай публікацыі праўды пра Курапацкую трагедыю ў пісьменніцкім тыднёвіку «Літаратура і мастацтва», непасрэдна каля месца ўшанавання і грамадскага мемарыялу па ахвярах сталінскіх забойстваў, насуперак негатыўнаму стаўленню грамадскасці, быў адчынены забаўляльны комплекс-рэстаран «Поедем, поедим». Цягам некалькіх гадоў дэмакратычная супольнасць праводзіла маніторынг дзейнасці ўласнікаў рэстарана і рэагавала на ўсе спробы яго адкрыцця, а пасля таго як гэта ўсё-такі здарылася, распачала бестэрміновую акцыю негвалтоўнага супраціву.

Рада грамадскага аб’яднання «Саюз беларускіх пісьменнікаў», разам з усёй неабыякавай грамадскасцю, выказвае рашучы пратэст з нагоды ганебнай падзеі — адкрыцця рэстарана «Поедем, поедим», наведнікі якога будуць харчавацца і танчыць побач з лесам памятных крыжоў курапацкага мемарыялу. Такой ганьбы не зведвала ніводнае месца памяці ахвяр, ніводзін мемарыял у свеце: забудова вакол іх заўсёды і неадменна плануецца з улікам меркаванняў супольнасці, у тым ліку меркаванняў маральна-этычных, якія, як мы вымушаны адзначыць, вельмі рэдка ўлічваюцца ў Беларусі ў дачыненні ахвяр сталінскіх рэпрэсій. З другога боку, ніводзін забаўляльны рэстаран не адкрыецца ў Хатыні, Трасцянцы, як не адкрыты ён у Асвенцыме ці Майданаку. Але ў Курапатах, дзе былі расстраляныя сотні беларускіх паэтаў, празаікаў, акцёраў і навукоўцаў, дзясяткі тысяч дагэтуль невядомых людзей, такая знявага па-ранейшаму магчымая.

Шануючы права прыватнай уласнасці, мы заклікаем уладальнікаў зямлі, на якой збудаваны комплекс, да шырокага грамадскага дыялогу, у выніку якога будуць выпрацаваны захады да дээскалацыі грамадскага канфлікту і ўлічаны інтарэсы ўсіх бакоў.

Мы ўпэўненыя, што з усіх бакоў ёсць людзі, для якіх пашана да продкаў, а тым больш да бязвінных ахвяраў, — святое. Гэта ў спрадвечных традыцыях, у самім характары беларусаў, што і мусіць стаць вырашальным у канфлікце, які склаўся вакол нацыянальнага мемарыялу «Курапаты». Памяць пра сотні тысяч загінулых, знішчаных сыноў і дачок Беларусі, проста патрабуе ад нас стварэння ў Курапатах Музея ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсій.

39
Щаранский / Адказаць
07.06.2018 / 20:25
союз писателей, дайте количественное определение термина "рядом"
3
ПершакласнIк / Адказаць
07.06.2018 / 20:34
А што царква I казакI,  касьцел, пратэстанты,  МЗС I наш предвадзIцель лIчаць тое што адбываецца нармальнай зьявай? Трэба  правесьцI апытанку.  
13
NB / Адказаць
07.06.2018 / 21:04
Усе гэтыя калектыўныя заклікі і пісьмы-звароты маюць кошт адно паперы, на якой складзены. Пісалі цару-бацюхне, потым генеральным сакратарам, цяпер прэзідэнтам і, нарэшце, увогуле "неабыякавай грамадскасці". А дзе яна, тая - неабыякавая? Тая, што кусаецца, ці якая яшчэ? У цяперашней грамадскасці зусім іншыя намеры, планы, зацікаўленнасць... Пустое ўсё гэта, як і цары-бацюхны... У паветры празвініць і сціхне. А ў рэстарацыі будуць піць і есці, як у рэстаране "Цыталь" у Брэсцкай крэпасці, дзе касьцей і ў зямлі і побач з Вечным агнём незлічона... 
Паказаць усе каментары/ 16 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру