Гэта вельмі песімістычны допіс. Лічыце гэта псіхатарэпіяй. Адмова «Нашай Нівы» ад паперы гэта не праблема паперы, і нават не рэдакцыі, гэта чарговы званочак па нас.
Зайдзіце ў прэс-шапік у Польшчы, вашыя вочы разбягуцца ад газет і часопісаў. Кожны месяц адно выданне памірае, але з'яўляецца новае. Зайдзіце ў сетку кнігарняў Empik, якая ёсьць у кожным буйным польскім горадзе (а гэта сетка толькі адна з…), вы ашалееце ад выбару і ад чэргаў. Наклад дзвюх самых папулярных газет — 250 000 і 300 000 у дзень. Кніжак — па 150 тысяч.
У Францыі аніводзін інфармацыйны партал не акупляе сябе, і рэдакцыі інвестуюць у папяровыя версіі. Былы рэдактар Le Figaro Нікаля Бэйту заснаваў у 2013 годзе выданьне L’Opinion. Цяпер гэта штодзённая газета, у якой 500 тысяч наведнікаў у інтэрнэце, 35 тысяч (і наклад расце) папяровых асобнікаў, якія даюць больш прыбыткаў ад рэкламы, чым сайт. А вы чулі, што сайт Politico запусціў папяровую версію?!
За апошні год я падпісаўся на дзве газеты ў лічбавым фармаце, падкаст-сервіс, і два стрымінгавыя відэа-сервісы. Але кожнае істотнае выданне, тоўсты нумар часопіса, святочныя нумары, дадаткі, я імкнуся мець на паперы. Заўважыў за сабой, што ў лічбавым фармаце я не чытаю тэксты, а праглядаю іх. І з задавальненьнем бяру ў рукі папяровы часопіс, газету, кнігу. У «Выборчай» лічбавых падпісчыкаў больш, чым папяровых купцоў 133 000/100 000. У Беларусі, як сказаў Ягор Марціновіч, гэта мёртвы трук, ніхто ня будзе плаціць за інфу. Толькі не кажыце, што беларускія журналісты ці пісьменьнікі тупыя і ніхто іх не хоча чытаць.
Кніга Нобелеўскага лаўрэата прадаецца на радзіме тысячнымі накладамі, нават не дзясяткамі тысяч. Палякі яе купляць сотнямі тысяч. Я ведаю беларускіх журналістаў, якіх у польскіх СМІ чытаюць сотні тысяч.
Тое, што ў Беларусі папяровы рынак не дыхае, гэта не заслуга глабалізацыі. Мы, як беларусы, проста перастаем чытаць увогуле. Раней, чым іншыя. Кніжка ў 200 асобнікаў прадаецца некалькі гадоў і не можа прадацца.
Ім і прадавацца няма дзе. Некалькі кнігарань на Менск, а раённых цэнтрах толькі паштоўкі і маляванкі прадаюцца ў кніжных аддзелах. Не хачу падацца олдскульным, але давядзецца. Я ў сваім юнацтве памятаю, як аднакласнікі чыталі Караткевіча, Дайнэку, Арлова, абмяркоўвалі гэта, мяняліся кніжкамі, хадзілі ў бібліятэкі. Колькі цяпер не гаварыў бы у Беларусі з маладзейшымі, сваякамі, сябрамі, не ўзгадаю, каб хто казаў пра кніжкі, абмяркоўваў іх. Як сказала наша бібліятэкарка, мой бацька быў адным з тузіна сталых наведнікаў бібліятэкі. З таго тузіна за 2 гады не стала чатырох, у тым і бацькі. Я паглядзеў, што новага прыходзіць у бібліятэку. Нейкае каляровае барахло пра грыбы, расейскія крымінальныя раманы ў такіх каляровых вокладках, што вочы слязяцца. Але ўжо і бібліятэкі праз 2—3 гады не будзе. А ў той жа Польшчы яны перажываюць рэнесанс, бо ператвараюцца ў культурныя цэнтры.
Гэта поўная культурная дэградацыя. Лянота ўжо казаць, хто ў гэтым вінаваты.
Два дзесяцігоддзі барацьбы з свабоднай думкай, прэсай, пісьменьнікамі, эстэтыкай, далі свой плён. Адныя змагаюцца, каб дасядзець да смерці ва ўладзе,а іншыя проста перастаюць цікавіцца хоць нечым. Чытаў нядаўна артыкул аднаго важнага польскага інтэлектуала, які часта бывае ў Беларусі і цікавіцца ёй.
«Самае моцнае ўражанне ад Беларусі — гэта ўсеагульная абыякавасць людзей да лёсу сваёй дзяржавы і супольнасці суграмадзян».
Я ведаю, што ў нас усё атрымаецца, і мы выпаўзем з балота, але тое, да чаго давялі нашу краіну, гэта поўны …