08.06.2018 / 15:08

Хто такі Барыс Сурыс — расійска-ізраільскі бізнэсмен, які ўклаў грошы ў рэстаран у Курапатах 45

Рэстаран «Паедзем, паядзім» (былы «Бульбаш-хол»), працягвае заставацца ў цэнтры ўвагі. Вядома, што ў асноўным ім займаецца беларускі бізнэсмен Леанід Зайдэс. Але частка грошай была ўкладзена грамадзянкай Ізраіля Алінай Сурыс, якая насамрэч не мае ніякага дачынення да рэстарана. Грошы належаць яе сыну Барысу.

Барыс Сурыс

Аліна Сурыс жыве ў Ізраілі ў горадзе Петах-Тыква.

«Наша Ніва» звязалася з ёй, але жанчына не захацела размаўляць.

«Аліна нічога вам не скажа, ніводнага слова. Яна не ведае проста, яна ж мама. Яна бізнэсам не займаецца, яна пасіўны заснавальнік. Па сутнасці, Барыс па гэтым пытанні ведае больш за ўсіх пасля Зайдэса, — распавёў «Нашай Ніве» 69-гадовы Павел Сурыс, расійскі бізнэсмен, які жыве і працуе ў Пецярбургу. Павел — былы муж Аліны і бацька Барыса Сурыса, сталага бізнэс-партнёра Леаніда Зайдэса. — Я перадам вашы кантакты, калі ён захоча, то звяжацца з вамі. Проста гэта новая фармацыя бізнэсменаў, якія робяць толькі тое, што лічаць правільным і патрэбным. Тым больш там жа грошы ўкладзены, яны пабудавалі вельмі прыстойны рэстаран. Незразумела, што лепш: музей ці рэстаран».

Павел Сурыс пра спрэчную сітуацыю з Курапатамі і рэстаранам ведае. Яна яго не засмучае.

«Наша Ніва» спытала ў Паўла: калі «незразумела, што лепш», дык мо варта спытаць спачатку ў людзей, а пасля будаваць?

«Ды не трэба ні ў каго пытацца. «Народ супраць!» — хто супраць? Пяцёра чалавек, якім плацяць грошы за тое, каб яны хадзілі там на маніфестацыі? Гэта глупства! Давайце апусцімся на зямлю. У вашай краіне хтосьці можа быць супраць чагосьці? Ці ў нашай? — пасмяяўся Павел Сурыс. — Але там жа няма вызначэння дакладнай зоны! Гэта тут, ці там, ці трохі далей… Дык што тады, знесці дарогу, якая побач? Бо яна ідзе па той зоне, але яе пабудавалі на зямлі, дзе былі растраляныя людзі!»

Але ж Сурысы — херсонскія яўрэі. Ён, як чалавек з габрэйскімі каранямі ці адкрыў бы рэстаран на зямлі, якая зусім нядаўна ўваходзіла ў ахоўную зону Асвенціма?

«Ну напэўна не. Я далікатны ў гэтым пытанні», — прызнаў бізнэсовец.

***

Сам Барыс Сурыс на сувязь з «Нашай Нівай» пакуль так і не выйшаў.

Барысу — 46 гадоў. Ён нарадзіўся і вырас ва Украіне, у Херсоне. Скончыў там медыцынскую вучэльню. Цяпер жыве ў Расіі, у Пецярбургу. Мае добрую кватэру ў гістарычным цэнтры горада (трохпакаёўка ў тым жа доме каштуе больш за 400 тысяч даляраў). Але грамадзянства бізнэсовец мае ізраільскае. Барыс Сурыс — бацька дваіх дзяцей.

Раней Сурыс быў кіраўніком кампаніі «Сан тры 2000 Пецярбург», якая займалася вытворчасцю прадуктаў харчавання: сокаў, арэшкаў, кетчупаў, маянэзаў. Праўда, праіснавала кампанія толькі пару гадоў. Пасля Барыс заняўся распаўсюдам сродку для пахудання «Гербалайф». Прадавала біядадатак кампанія «Ахлама», дырэктарам якой і быў Сурыс.

Найбольш вядомая гісторыя з удзелам Сурыса — яго выкраданне ў 2005 годзе.

«Двое невядомых, заламалі рукі яму, выцягвалі яго з пад'езда. Крыкі замежніка: «Я Барыс Сурыс! Мяне выкрадаюць!» - не выратавалі няшчаснага. Яго сілком упіхнулі, як потым высветлілася, у яго ж аўтамабіль «ГАЗ-31028» белага колеру з таніраванымі шыбамі, за руль сеў адзін з выкрадальнікаў, і машына схавалася з месца здарэння», — пісала «Россійская газета».

Паведамлялася, што за Сурыса патрабавалі выкуп у 2 мільёны даляраў. Сваякі Сурыса пайшлі ў міліцыю. У выніку бізнэсмена вызвалілі. Міліцыянты не разгалошвалі падрабязнасцей, але прызнавалі, што злачынцаў не затрымалі.

«Коммерсант» пісаў, што зламыснікі самі адпусцілі Барыса. Той расказаў, што яго «доўга везлі кудысьці на машыне і высадзілі на Маскоўскай трасе, пасля ён на маршрутках дабраўся да Піцера».

Ці плацілі выкуп за Сурыса — невядома. Бацька Барыса адказваць на пытанне не захацеў.

Рэстаран у Курапатах — не першы сумесны бізнэс Барыса Сурыса і Леаніда Зайдэса.

Яны адны з заснавальнікаў ТАА «МАГ 2000» у Кіеве. Кампанія займаецца вытворчасцю пластыкавых елак. Філіял кампаніі знаходзіцца і ў Беларусі — у Слуцку, родным горадзе Зайдэса.

Акрамя нашых герояў заснавальнікамі кампаніі пазначаны некалькі грамадзян Польшчы.

Тыя ж палякі ізноў разам з Сурысам і Зайдэсам — заснавальнікі яшчэ аднаго прадпрыемства ва Украіне. ТАА «СК Б.Т.С.» займалася будаўнічымі працамі і перавозкай грузаў. Праўда, на сённяшні дзень кампанія ў працэсе ліквідацыі.

А ў дачыненні да кампаніі «МАГ 2000» пачалося дасудовае расследаванне. Нейкія службовыя асобы з кампаніі Сурыса і Зайдэса падазраюцца ў шкодзе дзяржаве памерам у паўмільёна грывен (каля 20 тысяч даляраў).

Таксама Барыс Сурыс пазначаны як заснавальнік кампаніі «ДСМ-інвест», якая знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу і займаецца нерухомасцю.

Сёння Сурыс лічыцца дырэктарам пецярбургскага ТАА «Рэнесанс», якое займаецца інвестыцыямі. Цікава, што заснавальнік «Рэнесанса» — кампанія «Тэбрыдж холдынг», якая зарэгістраваная ў Панаме.

УШ

0
Цынiк / Адказаць
08.06.2018 / 15:19
Рэд. Выдалена.
1
:) / Адказаць
08.06.2018 / 15:32
Они кроме денег ни о чем больше и не думают.
1
цень макарона / Адказаць
08.06.2018 / 15:53
такія і рэвалюцыю ў расеі рабілі, толькі з іншага полюсу, з беднага. А крайнасьці, як кажуць філосафы, сыходзяцца.

Паказаць усе каментары/ 45 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру