Расійскі «Коммерсант» паведамляе, што расійскія ўлады выдалі сакрэтны загад аб знішчэнні архіўных дакументаў з інфармацыяй пра рэпрэсаваных у СССР.
Пра гэта дырэктар Музея гісторыі ГУЛАГа Раман Раманаў паведаміў дарадцы прэзідэнта Расіі Міхаілу Фядотаву, папрасіўшы яго разабрацца ў сітуацыі. Знішчэнне картак азначае поўнае выдаленне інфармацыі пра знаходжанне асуджаных у сістэме ГУЛАГа. Як заявіў Фядотаў, захаванне дакументаў, якія адносяцца да гэтага перыяду гісторыі, вельмі важная задача.
Раманаў растлумачыў, што даследчыкі мінулага атрымалі адказы з МУС, у якіх гаварылася аб знішчэнні архіўных ўліковых картак асуджаных.
«У выпадку калі зняволены паміраў або гінуў у лагеры, яго асабістая справа адпраўлялася на бестэрміновае захоўванне, — растлумачыў Раманаў. — А калі чалавек вызваляўся, то яго справа знішчалася, але складалася архіўная картка, дзе ўказваліся імя, год і месца нараджэння, перамяшчэнне зняволенага паміж лагерамі і лагернымі пунктамі, а таксама дата вызвалення». Аб практыцы знішчэння картак даведаўся адзін з партнёраў музея, даследчык Сяргей Прудоўскі. Гэтай вясной ён шукаў інфармацыю пра рэпрэсаванага селяніна Фёдара Чазава, чый брат Рыгор выжыў пасля расстрэлу, змог дайсці ў 1938 годзе да старшыні Усерасійскага ЦВК Міхаіла Калініна і зноў быў адпраўлены на расстрэл. Фёдар Чазаў быў асуджаны на пяць гадоў лагераў і высланы ў Магаданскую вобласць.
Дарадца прэзідэнта Расіі Міхаіл Фядотаў заявіў «Коммерсанту», што вывучыць праблему.