Reuters.com

Reuters.com

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыняў рашэнне аб працягу на год дзеяння амерыканскіх санкцый супраць шэрагу грамадзян Беларусі і членаў урада краіны. Пра гэта, як адзначае Tut.by, паведаміла прэс-служба Белага дома.

Меры, прынятыя амерыканскім урадам супраць беларускіх чыноўнікаў, павінны былі дзейнічаць да 16 чэрвеня 2018 года. Новым рашэннем санкцыі працягнулі яшчэ на год — да чэрвеня 2019 года.

«Дзеянні і палітыка пэўных членаў урада Беларусі і іншых асоб працягваюць ствараць неардынарную і выключную пагрозу для нацыянальнай бяспекі і замежнай палітыкі ЗША», — гаворыцца ў заяве Белага дома.

Cанкцыі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і шэрагу чыноўнікаў і членаў іх сем'яў, былі ўведзеныя 16 чэрвеня 2006 года Джорджам Бушам. Нагодай сталі прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, якія у ЗША і ЕС прызналі недэмакратычнымі.

Зараз у спісе дзесяць чалавек:

Аляксандр Лукашэнка, Віктар Лукашэнка, Лідзія Ярмошына, Віктар Галаванаў, Віктар Шэйман, Дзмітрый Паўлічэнка, Сцяпан Сухарэнка, Аляксандр Зімоўскі, Уладзімір Навумаў і Наталля Пяткевіч.

Указам блакуецца ўласнасць і права на ўласнасць у ЗША, рахункі і магчымасць фінансавых аперацый. Амерыканскім кампаніям і прыватным асобам забаронена заключаць здзелкі з гэтымі службовымі асобамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0