Работніка Tesla, які заснуў з уключаным аўтапілотам падчас паездкі на Model S, знялі на відэа непадалёк ад завода кампаніі ў горадзе Фрымант, штат Каліфорнія.
«Гэта аўтапілот новага ўзроўню або аўтамабіль цалкам аўтаномны?» — напісаў аўтар роліка. У самой Tesla паспяшаліся пракаментаваць відэа, піша CNET. У кампаніі заявілі, што вельмі сур'ёзна ставяцца да пытанняў бяспекі і паабяцалі правесці расследаванне гэтага інцыдэнту.
За апошні час было зарэгістравана некалькі аварый з удзелам электракараў Tesla. У адной з іх, напрыклад, жанчына-кіроўца сцвярджала, што на момант аварыі на электракары дзейнічаў «аўтапілот», а сама яна глядзела ў экран мабільнага тэлефона.
Як неаднаразова падкрэслівалі ў самой кампаніі, цяперашняя версія аўтапілота не з'яўляецца паўнавартаснай заменай кіроўцу. Паводле інструкцый вытворцы, пры ўключаным аўтапілоце кіроўцу неабходна трымаць стырно.