10.06.2018 / 15:12

Дзе ў суботу было больш трэшова: на Дні шматнацыянальнай Расіі каля Ратушы ці на Зыбіцкай? ФОТЫ І ГІФКІ 44

На мінулых выходных імідж мінскай вуліцы Зыбіцкай сапсаваў міліцэйскі хапун. Тыя, хто адпачываў там у той дзень, сцвярджалі, што амапаўцы масава затрымлівалі людзей, без тлумачэння прычын, а пасля складалі пратаколы.

Пазней міліцыя абвергла такія звесткі, удакладніўшы, што затрымлівалі выключна п’яных, якія ўжывалі алкаголь па-за межамі бараў і тэрас. Было заяўлена, што кантроль на Зыбіцкай узмоцніцца. У прыватнасці, з’явяцца камеры відэаназірання, а вулічным музыкам забароняць выступаць пасля 23.00.

Згадваючы апошнія галоўныя навіны з тусовачнай вуліцы (пра тое, як там чарговы раз станчылі на машынах ці скралі адзенне), мы вырашылі самі праверыць, ці такі страшны чорт, якім яго малююць.

Увечары 9 чэрвеня Верхні горад, можна сказаць, падзяліўся на два лагеры. Адзін, больш сталага ўзросту, каля Ратушы спяваў разам з рускімі гуртамі ў межах «Дня шматнацыянальнай Расіі». І другі, зелянейшы, традыцыйна траціў грошы ў барах і кавярнях Зыбіцкай і аколіц.

Ад сцэны з артыстамі даносіліся вершаваныя радкі пра казакаў, пра тое, наколькі ім дарагі край бярозавы і пра тое, што Расію будуюць мужыкі і люд рабочы, а яшчэ проста тосты «За Расію!».

Амаль усе выканаўцы прыехалі да нас нібыта з мінулага. Калі не ведаць, можна было б падумаць, што ў Расіі зусім няма сучасных артыстаў, адны «Рэтра-хіты». Затое людзі іх ведалі. Радаваліся і ўздымалі ў паветра расійскія сцяжкі-трыкалоры.

 — У нас адна гісторыя, адна культура і зямля, — вітала беларусаў група «Ватага» з Бранска. 

Сустракаліся людзі ў касцюмах-двойках з назвай іх любімай краіны на ўсю спіну ці грудзі. Праўда, нягледзячы на тое, што руская кухня гасцінна прапаноўвала свае напоі, суўлакі і халадзец, на століках у многіх красаваўся алкагольны «Бульбаш».

Пластыкавыя талеркі са шклянкамі падалі на зямлю. Каб падтрымліваць вобраз чыстага Мінска, сабраць іх сярод п’яных танцаў спрабавала прыбіральшчыца.

Калі спусціцца крыху ўніз, у бок Герцэна, вачам адкрывалася нібыта зусім іншая рэальнасць. Вулічныя музыкі тут спрабавалі паўтарыць арыі вакаліста «Акіяна Эльзы» і Тома Ёрка.

Пытаемся ў музыкі-пачаткоўца Denmi, які сабраў вакол сябе аб’ёмнае паўкола з гледачоў, як яму ідэя ад чыноўнікаў: забараніць граць пасля 23.00 вулічным музыкам на Зыбіцкай. «Па-мойму, на ўсёй тусовачнай тэрыторыі такая забарона была б няправільная. Магчыма зрабіць гэта цывілізавана і арганізавана. Шчыра кажучы, не ўсе вулічныя музыкі ў нас робяць якасныя рэчы і элементарна імкнуцца выглядаюць ахайна. Я лічу, калі ты выступаеш перад людзьмі, то трэба адпавядаць узроўню. Але калі зрабіць выступы арганізаванымі, на выходных, думаю, можна спяваць і танчыць куды больш позна. Чаму ў Кіеве для гэтых мэт могуць перакрыць шырокі праспект Хрышчацік, а ў нас праблемы нават тут?»

У сувязі з масавым мерапрыемствам АМАП дзяжурыць вакол і правярае буйныя сумкі. Пасля таго, як у 23.00 заканчваецца святкаванне Дня Расіі, яны пакрыху «растаюць», робячы сціплыя заўвагі, асабліва тым, хто актыўна святкуе.

Малады міліцыянер, які сёння адпачывае на Зыбіцкай як звычайны грамадзянін, пад сакрэтам кажа, што аблава на мінулых выходных была запланаваная. У першую чаргу накіраваная на тое, каб папужаць «малалетак, якія тут п’юць». Сёння непаўналетнія на выпускных, нібыта таму міліцыі менш. Рэдкія людзі ў форме расслаблена шпацыруюць па вуліцах і набываюць квас у фудтраках.

Адміністратарка «Слоікаў-бутэлек» Таццяна кажа, што ўхваляе бачнасць прысутнасці праваахоўных органаў: «Тое, што яны сочаць за парадкам, — гэта добра. Бо нярэдка бліжэй да раніцы тут застаецца шмат людзей, якія, так скажам, пераацанілі свае сілы. Быў момант, калі на вуліцы не было зусім нікога. Спадзяюся, што нейкі кантроль прымусіць тых, каго алкаголь ператварае ў агрэсараў, задумацца пра культуру. Мы ў бары за якасны адпачынак».

Бармэн шот-бара «На дне» Максім выказвае альтэрнатыўную думку: «Калі тут будзе радыкальны кантроль, які сэнс у гэтай барнай вуліцы? І па практыцы дзеянняў міліцыі на мітынгах, калі хапаюць усіх без разбору, я не веру, што тут нашы органы будуць працаваць заўсёды чыста і забіраць толькі тых, хто сапраўды парушае закон. Можа, ім чарговы раз трэба будзе выканаць план».

Маладзёны, што гайдаюцца на кані каля медцэнтра «Ева», спрабуючы перакрычаць вулічных музыкаў, якія пакуль што спакойна спяваюць пасля 23.00, кажуць, што міліцыі тут нікога не запужаць.

Хто пераможа ў жаданні стаць уладаром Зыбіцкай, убачым у наступных серыях.

Кацярына Карпіцкая, фота Волі Афіцэравай

13
Satan / Адказаць
10.06.2018 / 15:33
Надо же как интересно. А я вчера дома просидел. Про интересно - *sarcasm*
7
Вольга / Адказаць
10.06.2018 / 15:46
У суботу выпадкова апынуліся каля ратушы. У параўнанні з днямі культуры, што праводзілі іншыя краіны, сапраўдны трэш. Падобна, Расея дажывае свой век.
6
Туш / Адказаць
10.06.2018 / 16:06
Аўтарам можна было не рабіць такі доўгі, поўны раздражнення і злой іроніі пра дзень Расіі рэпартаж. Напісалі бы назву артыкула, а ў нізе -" Дзень Расіі - очань плоха, Зыбіцкая нармальна, але хацелася б лепей"
Паказаць усе каментары/ 44 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру