Іспанскія ўлады абвясцілі, што гатовыя прыняць выратавальнае судна «Акварыус» з 629 мігрантамі на борце, якое стаіць ля берагоў Сіцыліі.
Прэм'ер-міністр Іспаніі Пэдра Санчэс, які ўзначаліў урад краіны менш за два тыдні таму, распарадзіўся адкрыць для выратаваных бежанцаў порт Валенсіі.
«Гэта наш абавязак — пазбегнуць гуманітарнай катастрофы і прапанаваць гэтым людзям бяспечны порт», — гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай канцылярыяй іспанскага прэм'ера.
«Акварыус» амаль на суткі затрымаўся ў Міжземным моры, пасля таго як у нядзелю новы міністр унутраных спраў Італіі Матэа Сальвіні адмовіўся пускаць яго ў порт.