Фота cnn
Дыега Марадона і Карлас Біларда ў аўторак правялі перамовы з прэзыдэнтам футбольнай асацыяцыі Аргентыны Хуліё Грандона, які прапанаваў абодвум парцу ў нацыянальнай камандзе.

Марадона, якому заўтра спаўняецца 48 гадоў, пагадзіўся стаць галоўным трэнерам зборнай, а Біларда — генэральным дырэктарам зборнай.

Марадона заменіць Альфіё Басіле на пасадзе галоўнага трэнера зборнай, які, нагадаем, прывозіў «б’янка‑сэлестэ» ў Менск.

«Мая асноўная праца будзе заключацца ў тым, каб назіраць за гульцамі, — сказаў Марадона. — Мне трэба пагутарыць з кожным паасобку, а потым ужо прыступім да трэніровак», цытуе ягоныя словы Спорт-Экспресс.

У Дыега Марадоны — аднаго з найлепшых футбалістаў сусьветнага футболу (ён — чэмпіён сьвету-1986 — і віцэ-чэмпіён-1990) ужо быў вопыт трэнерскай працы. У 1994 ён кіраваў аргентынскімі клюбамі «Дэпартыва» і «Расінг».

З футболам Марадона канчаткова разьвітаўся ў 37 гадоў, доўгі час лячыўся ад нарказалежнасьці, змагаўся з атлусьценьнем. Пасьля апошняй апэрацыі Дыега Марадона скінуў 30 кіляграмаў вагі ды вярнуўся да актыўнага жыцьця. Нядаўна вось наведаў Тбілісі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?