12.06.2018 / 15:45

Ніхто не паверыў рэформе Карпенкі — бацькі дзяжураць ад раніцы, каб запісаць дзяцей у гімназіі ФОТЫ 22

12 чэрвеня пачаўся прыём дакументаў у першыя класы школ і гімназій. 

У студзені 2018 года з падачы міністра адукацыі Ігара Карпенкі ў гімназіях адмянілі ўступныя экзамены ў 5-я класы і ўвялі правіла: паступаць туды могуць толькі дзеці з мікрараёнаў, замацаваных за пэўнай навучальнай установай (выключэнне робіцца толькі калі ў класах ёсць свабодныя месцы).

Неабходнасць такіх ноу-хау Карпенка тлумачыў жаданнем зрабіць так, каб адораныя вучні былі ва ўсіх школах, а не ў «абраных». Акрамя таго, новае правіла павінна было знізіць ажыятаж, які адбываўся ў сувязі з жаданнем бацькоў аддаць сваіх дзяцей менавіта ў гімназіі. Традыцыйна лічыцца, што гімназіі даюць лепшы ўзровень падрыхтоўкі, але ў Міністэрстве адукацыі вырашылі, што лепш максімальна ўраўняць школы. І праграму з «зорачкай» выкладаць толькі пасля 9-га класа.

Але ўсё адно ў першы ж дзень падачы дакументаў каля многіх мінскіх гімназій дзяжурылі бацькі.

Асабліва клапатлівыя маці і таты гатовыя былі часова прапісаць сваіх дзяцей у патрэбным раёне, каб трапіць ва ўпадабаную гімназію. Праўда, цяпер адміністрацыі будзе правяраць, каб будучы вучань быў зарэгістраваны ў мікрараёне не менш чым год таму.

Нягледзячы на тое, што гімназія №4 не мае замацаванага мікрараёна, першыя бацькі прыйшлі запісвацца ў школу ўжо ў 5:30 раніцы.

Бацькі дзяжураць каля гімназіі ад самай раніцы.

«Вось таму, што няма за гімназіяй замацаваных дамоў, таму і прыйшлі. Нервуемся. Хто першы запішацца, таго і возьмуць», — дзяліліся маці, якія засталіся дзяжурыць са спісам да 15.00 — менавіта ў гэты час пачаўся прыём першых заяў.

Аб 11-й раніцы сшытак са спісам ужо змяшчаў 62 прозвішчы. Прытым што ўсяго ў першых чатыры класы запланавана прыняць 96 чалавек.

Свой выбар бацькі тлумачаць проста: у гімназіі №4 кампактныя класы, выключна першая змена, шмат матэматыкі і замежнай мовы, добры ўзровень кадраў ды беларуская мова навучання. Дадатковай рэкламай гімназіі паслужыў сёлетні выпускнік Максім Багдановіч, які паступіў у Гарвард.

Спіс тых, хто запісаўся у гімназію у першы ж дзень.

Лілія Аляксандраўна змяніла на «варце» свайго зяця, украінца з расійскім пашпартам. Кажа, што менавіта яна рэкамендавала дзецям аддаць унука ў школу з беларускай мовай навучання:

«Ва Украіне да мовы прыйшлі праз страшныя падзеі, а мы тут не можам у спакойных умовах родную мову вывучыць — як так? Беларуская ў нас для большасці сёння як замежная — хай вучаць дзеці і дадаткова трэніруюць мозг».

Бацькі сілкуюцца квасам, печывам і клубніцамі ды жартуюць, што пастаяць у чарзе для беларусаў — звыклая практыка, ці то гаворка ідзе пра школы, ці то пра садкі, ці то пра басейн.

Наталля аддае ў гімназію №4 ужо другое дзіця. Сям’я жыве за горадам, за 16 кіламетраў ад вуліцы Кунцаўшчына, але для іх тут — найлепшы варыянт.

«Ведаеце, я першага сына аддала ў звычайную вясковую школу, бо была няўпэўненая, што ён пацягне гімназію. А пасля ўбачыла, што ён вучыцца добра. Праз два гады ён перавёўся сюды, здаўшы экзамены ў пяты клас, без нейкіх там інтрыг і дамоўленасцяў. Проста таму, што быў здольны. Пры сённяшніх правілах, калі б гэта было выключна па прапісцы, мы б не змаглі тут вучыцца. Мне не падаецца такі падыход слушным. Ва ўсіх павінны быць роўныя ўмовы вучыцца там, дзе хочацца. Галоўнае, каб бацькі адэкватна ацэньвалі здольнасці дзяцей. Калі дзеці могуць і хочуць вучыцца на павышаным узроўні — хай вучацца. А вось калі гімназіі — гэта толькі амбіцыі старэйшага пакалення, гэта ўжо дрэнна», — лічыць Наталля.

Прыём у першыя класы будзе адбывацца да 28 жніўня, але ў першы дзень падачы дакументаў, бацькі з бабулямі і дзядулямі дзяжураць каля большасці гімназій. Маці, што стаяць каля гімназіі №4, расказваюць, што ў некаторыя навучальныя ўстановы чаргу займалі яшчэ ноччу. У выніку адміністрацыя проста запісала бацькоў і сказала прыходзіць у спецыяльны прыёмны дзень: заявы ад сем'яў, якія не пражываюць у мікрараёне, замацаваным за абранай гімназіяй, будуць прымацца ў асобныя дні, па папярэдным запісу. І толькі пры ўмове, што засталіся месцы пасля ахвотных першай чаргі — тых, хто прапісаны побач.

Памятка з сайта гімназіі №50.

Загадзя прыходзяць да школ і тыя, каму, здавалася б, няма чаго хвалявацца: дом сям’і Міланы Аляксандраўны размяшчаецца проста насупраць гімназіі №43, што на вуліцы Казіміраўскай. Але яны з унучкай усё адно гуляюць каля школы зранку.

«З гэтым ажыятажам на гімназіі лепш падстрахавацца і загадзя ўсе моманты вырашыць», — кажа Мілана.

Відавочна, што попыт на гімназіі сваімі крокамі Міністэрству адукацыі знізіць не ўдалося.

Кацярына Карпіцкая

3
Вольга / Адказаць
12.06.2018 / 16:09
Ай, выдумаў Карпенка з гэтымі прапіскамі...

А калі ў мяне старэйшае дзіця на час прыняцця гэтага закону ўжо вучыцца ў гімназіі і мае тут шмат сяброў, а малодшае ідзе ў першы клас, і яго не бяруць у гэтую ж гімназію, бо не хапае месца, то што мне рабіць - вазіць аднаго ў адно месца, а другога ў іншае, а потым ездзіць забіраць зноў жа ў два месцы????
2
верашчака / Адказаць
12.06.2018 / 16:16
Прыем дакументаў з 12 чэрвеня - рэформа?Тады , апошні званок 30 траўня таксама
8
Алесь Марысевіч / Адказаць
12.06.2018 / 16:16
Адкрыю вялікі сакрэт, але некаторыя "гімназіі" не дацягваюць да патрабаванняў  і да ўзроня пасрэднай школкі. Але бацькі будуць стаяць у чэргах, будуць грошы насіць (неаднаразова), каб потым іх дзеці маглі спакойна здаць ЦТ на балаў 20-30 і пайсці  ў ВНУ вучыцца за грошы гэтых жа бацькоў :(((
Паказаць усе каментары/ 22 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру