Тлумачэнне, якое мы атрымалі на заводах-вытворцах, простае: нявыгадна.
Намесніца начальніка вытворчай лабараторыі Быхаўскага кансервава-гароднінасушыльнага заводу Таццяна Аліферчык расказала, што для вырабу варэння ў прамысловых аб’ёмах патрабуецца шмат сыравіны.
«Запускаць катлы для вырабу варэння з суніц немэтазгодна. Мы толькі размажам ягаду па катле. Вось чарніц, напрыклад, у краіне ў аб'ёмах значна больш. Таму ў сезон варэнне з чарніц адназначна будзе. Цяпер на заводзе сезон клубніцаў. Сёлетні план — 10 тон ягад».
У Беларусі выпрабоўваюцца чатыры гатункі суніц, і тыя французскія
Дырэктар Мазырскай гатункавыпрабавальнай станцыі Віктар Кочур тлумачыць, што задача станцыі — выпрабоўваць новыя гатункі суніц.
«Сёлета мы выпрабоўваем чатыры гатункі, але яны не беларускія, а французскія і галандскія. Плошчу суніцы займаюць невялікую, 10-15 сотак. Прадаваць мы яе не можам, бо гэтыя гатункі яшчэ не дапушчаныя для вытворчасці, рэалізацыі і выкарыстоўвання на тэрыторыі Беларусі. Калі гатункі выпрабаваныя, мы проста заворваем гэтыя грады. Наконт вырошчвання суніц у прамысловых масштабах не ведаю. Чуў толькі, што на Брэстчыне яе на продаж вырошчваюць фермеры».
На Камароўскім рынку кілаграм суніц прадаюць па 20-25 рублёў.
Літр сунічнага варэння будзе каштаваць прыкладна столькі ж.