13.06.2018 / 09:26

«Белсат» — Прэйгерману: Вядоўца Валер Руселік сапраўды мог падавацца больш эмацыйным, чым патрабуе праграма, але… 7

Агнешка Рамашэўская-Гузы адказвае на закіды Яўгена Прэйгермана.

Шаноўны спадар Прэйгерман,

Дзякую за Ваш ліст ад 11.06.2018, з якім я ўважліва азнаёмілася. Аднак ужо напачатку хачу адзначыць, што я асабіста не атрымала гэтага ліста (а гэта, здаецца, было б нармальным крокам), ён быў перададзены мне праз трэціх асобаў.

Паспрабую адказаць на закіды на адрас нашага тэлеканалу, выказаныя Вамі.

Пачну з акрэдытацыі. Наш калега Мікола Дзябёла спрабаваў акрэдытаваць журналістаў «Белсату» праз прэс-сакратарку «Менскага дыялогу», якая за дзень да дэдлайну адказала, што атрымала канчатковы спіс ад Вас, і «Белсату» ў ім няма. Тады іншы наш супрацоўнік Аляксей Мінчонак паспрабаваў даведацца прычыну адмовы непасрэдна ў Вас, спадар Прэйгерман, але на ягоныя шматлікія тэлефанаванні Вы не адказалі. Прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў, у якую Вы таксама накіравалі згаданы ліст, таксама не змаглі дамагчыся тлумачэнняў у гэтай справе.

Наколькі мне вядома, сітуацыя змянілася пасля хадайніцтва польскіх дыпламатаў, якія дапамаглі акрэдытаваць на «Менскі дыялог» нашых журналіста і аператара.

Што да зместу інфармацыйных матэрыялаў з «Менскага дыялогу».

У праграме «Прасвет» сапраўды быў паказаны фрагмент размовы з прадстаўніком Арменіі Аляксандрам Іскандар’янам — аднак яго ніяк нельга назваць «вялікім інтэрв'ю», бо доўжыўся ён 2 хвіліны 39 секундаў. Прычым заўважце, што спадар Іскандар'ян быў зняты на фоне сцяны з сімволікай Вашай імпрэзы, а сама размова з экспертам была па-за тэматыкай «Менскага дыялогу». Увогуле, дазваляючы журналістам працаваць на адкрытым мерапрыемстве, цяжка патрабаваць, каб кожны зняты там фрагмент быў пазначаны як зроблены менавіта на гэтым мерапрыемстве.

Што да праграмаў «Гарачы каментар», прысвечаных «Менскаму дыялогу», дык таго, што вы называеце «зняважлівымі заявамі» ды «заведамай хлуснёй», мы ў іх не знайшлі.

Магчыма, гэта вынікае з розніцы поглядаў на фармулёўку «лідары грамадскай думкі». Мы лічым, што шэраг такіх лідараў, да якіх прыслухоўваюцца, скажам, у еўрапейскіх структурах, Вы ў сваіх запрашэннях абмінулі.

Прызнаем, што ў дадзеным выпадку вядоўца «Гарачага каментара» Валер Руселік мог падавацца крыху больш эмацыйным, чым гэтага патрабуе праграма.

Аднак тут варта памятаць, што гаворка, сярод іншага, вялася пра акрэдытацыю нашага тэлебачання ў Беларусі, праз адсутнасць якой журналісты-фрылансэры, што супрацоўнічаюць з «Белсатам», амаль штодзённа цярпяць беспрэцэдэнтны пераслед з боку ўладаў — іх масава судзяць і штрафуюць. Толькі летась агульная сума штрафаў склала ў эквіваленце каля € 25 000, а за першыя пяць месяцаў сёлета — каля € 20 000. Таму эмоцыі нашага калегі можна ўсё ж зразумець.

акрэслю, што мы зусім не мелі на мэце дыскрэдытаваць «Менскі дыялог», а пагатоў не займаліся «чорным піярам» або «прапагандай» у дачыненні Вашага мерапрыемства. Лічу, што дыялог паміж прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, прадстаўнікамі ўладаў ды замежнымі экспертамі вельмі патрэбны сучаснай Беларусі. Аднак жа погляд на канкрэтныя праявы гэтага дыялогу, іх асвятленне (у тым ліку і крытыку) застаюцца прэрагатывай і эксклюзіўным правам рэдакцыі любога незалежнага СМІ, у тым ліку і нашага тэлеканалу, што Вы, я перакананая, добра разумееце.

Вы, вядома, можаце «цалкам спыніць любую супрацу» з нашым тэлеканалам, аднак жа гэта будзе чарговым крокам у абмежаванні гарантаванага Канстытуцыяй Беларусі права на доступ да інфармацыі, і дакладна не паспрыяе пашырэнню грамадскага дыялогу, за які, як я разумею, Вы горача выступаеце.

Напрыканцы адзначу, што апошнім часам Вы асабіста, спадар Прэйгерман, рэгулярна адмаўляліся браць удзел у нашых праграмах, аднак мы гатовыя ў любы момант даць Вам слова. На жаль, у летні перыяд нашыя праграмы, сярод іх і «Гарачы каментар», не выходзяць у жывым эфіры, аднак мы можам знайсці іншы фармат Вашага з'яўлення ў эфіры «Белсату».

Прэйгерман патрабуе ад «Белсата» выбачэнняў за неаб’ектыўнае асвятленне «Мінскага дыялогу»

1
Магнат / Адказаць
13.06.2018 / 09:47
Интересно, а эта экспертная инициатива вообще зарегистрирована как организация? Пусть бы прокуратура проверила ) есть же ст. 193.1
2
астатнім разам lazy-bones / Адказаць
13.06.2018 / 10:10
чаму дагетуль нямашака Бєлсату у мярежах Бєластоку, Бєльску, Друзґєнікау, Салєчнікау, Вільні(дзє здимаєцца да палови проґрамау!!!), Дзьвінску, Краслави, Луцку, Чарнігава??? дзє абяцаная аплікация дзєля смартЦі-Ві?
Вашия персональния разборкі са спритнюгамі ад політиканства,  што мараць убіцца на пасаду deputy of minister of MFA RB ні разу нє хвалююць...

2
Чэсь / Адказаць
13.06.2018 / 10:37
Што гэта за чалавек і якое ен мае дачыненне да лібералізму, дэмакраціі, дыялогу  i так далей бачна па таму, што яго клюб і  ен асабіста    да сюль не выказаўся наконт падзей вакол рэстарана  каля Курапат. 
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру