Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала абноўленыя папраўкі ў заканадаўства аб СМІ, падрыхтаваныя для другога чытання ў парламенце.
Папраўкі ў Закон аб СМІ, згодна з якімі каментатараў на інтэрнэт-форумах павінны ідэнтыфікаваць, а супрацоўнікі інтэрнэт-выданняў, якія не прайшлі рэгістрацыю, не будуць лічыцца журналістамі, дэпутаты ўжо прынялі ў першым чытанні. Тым часам беларуская асацыяцыя журналістаў, прадстаўнікі медыя перадалі і ў Мінінфарм, і ў парламент свае заўвагі па законапраекту. Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч сказаў, што, «магчыма, па некаторых пазіцыях прапановы будуць улічаныя».
Кіраўнік БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец, паведамляе, што ў законапраекце цяпер прапісаная магчымасць абскардзіць у судзе рашэнні Мінінфарма. Таксама знікла норма пра штрафы для інтэрнэт-рэсурсаў. На гэтыя моманты прасілі звярнуць увагу прадстаўнікі СМІ.
Паводле інфармацыі БАЖ, законапраект можа быць прыняты ў другім чытанні ўжо ў чэрвені.