Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

«Я даўно хацеў знешне адзначыць свае ўнутраныя погляды. Я не нейкі там люты нацыяналіст, працую лагістам, але люблю гісторыю сваёй Радзімы ў любыя яе часы.

Дык вось запланаваў набіць на плячо Пагоню. Прыйшоў у тату-салон на Піянерскай. Адміністратар сустрэў ветліва, удакладніў, што я хачу. Я растлумачыў, што Пагоню. Ён не ведаў, што гэта (што мяне здзівіла), таму мы разам пашукалі карцінкі ў інтэрнэце. Пасля адміністратар накіраваўся да майстра, каб удакладніць кошт і іншыя пытанні. Але ў выніку мне перадалі, што ён адмовіўся рабіць працу. Я спрабаваў распытаць, чаму, але ў адказ не атрымаў нічога выразнага. Не разумею, чаму нельга падзяляць працу і асабістыя погляды. Ды і што такога страшнага я папрасіў? Я ўвогуле думаў, што ўсе тату-майстры — брутальныя, без аніякіх страхаў», — задаецца пытаннем Глеб.

Адміністратар тату-салона ў каментары «НН» распавёў, што іх супрацоўніку проста «нецікава працаваць у гэтым кірунку»: «Нехта можа папрасіць партакі набіць ці тое, што модна было 20 год таму — гэта нецікава». Аднак даць нумар самога майстра адмовіўся.

Што тычыцца Глеба, то пасля гэтай сітуацыі мужчына яшчэ больш умацаваўся ў жаданні зрабіць тату з Пагоняй.

На наступны дзень пасля публікацыі з намі звязалася кіраўніцтва салона і папрасіла дадаць, што палітычных матываў у дзеяннях іх майстра не было. «Мы любім Беларусь, проста такі сюжэт нашаму майстру нецікавы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?