14.06.2018 / 11:00

Курорты для арыстакратаў, шакалад, Уленшпігель, Dour Festival: гід па Бельгіі 6

Сталіца Нямеччыны — Берлін. Сталіца Францыі — Парыж. Сталіца Еўрасаюза — і на гэтым пытанні многія «віснуць».

Між тым сталіца саюзу дваццаці васьмі еўрапейскіх дзяржаў месціцца не ў Германіі, не ў Францыі і тым больш не ў Велікабрытаніі, а ў Бельгіі.

Што мы ведаем пра Бельгію?

Фармальна гэта каралеўства — канстытуцыйная манархія — плошчай у сем разоў меншае за Беларусь. У ім 11 мільёнаў жыхароў. Падзяляецца Бельгія на дзве выразныя правінцыі: Фландрыю і Валонію. Першая бліжэй да Нідэрландаў, другая — да Францыі.

Утварылася Бельгія ў 1830-я, а імя сабе ўзяла ад кельцкага племені, пра якое згадваў яшчэ Юлій Цэзар у сваіх нататках. Сталіца Бельгіі — а цяпер яшчэ і ўсёй аб’яднанай Еўропы — гэта Брусэль.

Які сэнс мець Шэнгенскую візу і не наведаць сэрца Еўрасаюзу? Тым больш, там ёсць што паглядзець.

Еўрапарламент

Гэты велічны будынак бачны з любога пункту Брусэля. Дзякуючы люстрана-шкляному аздабленню, гмах Еўрапарламента здольны мяняць колер у залежнасці ад надвор’я — ад глыбока-блакітнага і сонечна-бліскучага да свінцова-шэрага. Перад будынкам стаіць 12-метровая скульптура «Сэрца Еўропы».

Уваход у Еўрапарламент вольны — можна трапіць нават на пасяджэнне і пабачыць, як вырашаюцца істотныя для лёсу цэлай Еўропы пытанні.

Хлопчык, які сікае

Гэта маленькая скульптурка, вышынёй усяго ў 61 см, была галоўнай славутасцю Брусэля, пакуль не з’явіўся Еўрапарламент. Але і цяпер турыстаў каля яго хапае. Тым часам фантану ў выглядзе хлопчыка, які сікае ў басейн, як мінімум 400 гадоў. Што ён сімвалізуе? Брусэльцы раскажуць гісторыю пра гераічнага малога, які ўласнымі сіламі згасіў раскладзены ворагамі пад гарадской сцяной агонь.

Брусэльцы любяць апранаць свайго хлопчыка. Кім ён толькі не быў — нават украінскім казаком. У яго гардэробе за 800 убранняў. Мяняюць іх ва ўрачыстай абстаноўцы, з духавым аркестрам.

Атоміум

Хлопчык, які сікае — не адзіная дзівосная скульптура, што ёсць у Брусэлі. Сталіца Бельгіі гэта адзінае месца ў свеце, дзе стаіць помнік крышталю жалеза. Маштаб — 1:165000000000.

Вышыня канструкцыі 102 метры, вага — 2400 тон, дыяметр кожнай з 9 сфер-атамаў — 18 метраў. На вяршыні Атоміума знаходзіцца рэстаран і аглядная пляцоўка. Да яе можна ўзняцца ліфтам.

Атоміум быў спраектаваны да Сусветнай выставы 1958-га як сімвал мірнага выкарыстання атамнай энергіі.

Марскія курорты

70 кіламетраў узбярэжжа Паўночнага мора ва Усходняй Фландрыі — безумоўна, самы арыстакратычны курорт свету. Вада тут прахалодная, сонца негарачае, а купальны сезон усяго два месяцы — ад сярэдзіны чэрвеня да сярэдзіны жніўня.

Інфраструктура тут выдатная — мноства гатэляў, вілаў замкаў, можна і дамок зняць. Паміж Дэ Панэ, Нуіпортам, Остэндэ, Дэ Ханам ходзіць чыгунка, а трамвай спыняецца проста на пляжы.

Бельгійскія каралі ведалі толк у пляжах: іх летняя рэзідэнцыя месцілася ў наваколлі Остэндэ — тут самы дробны пясок. Цяпер у каралеўскай віле гатэль-рэстаран.

Остэндэ ўвогуле слаўны сваімі рэстаранамі (цэлы прыбярэжны раён Visserkaai называюць «самым доўгім рэстаранам Еўропы» — тут можна пакаштаваць любыя морапрадукты), акіянарыумам з флорай і фаўнай Паўночнага мора, каралеўскімі паркамі, музеямі… Яшчэ ў Остэндэ ёсць порт, у яго прыходзяць паромы з Вялікабрытаніі, да якой адсюль — рукой падаць.

У Бельгіі ёсць свая «пустыня Сахара» — прыродны запаведнік Вестаеэк у дзюнах, паблізу Дэ Панэ. Праўда, гэтую пясчаную «пустыню» ў часе прыліваў залівае мора. У наваколлі Дэ Панэ найшырэйшыя пляжы — падчас адліваў яны здаюцца бясконцымі. Калі хочацца самоты, можна зняць дамок у дзюнах.

А вось наваколле Кноке-Хейста — для аматараў дарагога адпачынку з казіно, гольфам, сёрфінгам. Дзе грошы — там творы мастацтва: у горадзе 70 карцінных галерэй.

Бруге—Гент—Антверпен: тур у Сярэднявечча

А зусім блізка — за 20 кіламетраў — старажытны горад Бруге. У мінулым ён быў адным з цэнтраў магутнага Ганзейскага гандлёвага саюза, які ахопліваў усю Паўночную Еўропу. Кантора Ганзы была нават у нашым Полацку. Цяпер Бруге называюць «Паўночнай Венецыяй». Туды варта заехаць, каб пабачыць сярэднявечную архітэктуру, каналы, масты, рынкавую плошчу, на якую, відаць, не раз заязджалі і купцы з Вялікага Княства Літоўскага.

Калі архітэктура Бруге захапіла вас і хочацца яшчэ — можна наведаць Гент. Гістарычны цэнтр не абыйдзеш за тры гадзіны. Тут многа готыкі: сярэднявечны графскі замак, Сабор Святога Баво, гарадская вартавая вежа — можна сабе ўявіць, як жыла Еўропа 500 гадоў назад.

Яшчэ далей на ўсход ляжыць Антверпен, радзіма мастака Рубенса. Таксама гэта найвялікшы бельгійскі і другі па велічыні ў Еўропе марскі порт. Тут спадабаецца і аматарам каштоўных камянёў: Антверпен лічыцца сусветным цэнтрам дыяментаў. Тут ёсць цэлы квартал буцікоў з упрыгожаннямі.

Пячоры Ан-сюр-Лес

Бельгія — краіна не горная. Больш за тое: частка яе тэрыторый ляжыць ніжэй за ўзровень мора. Але пячоры там ёсць. І самая славутая — каля валонскай вёскі Ан-сюр-Лес. Яна ўтварылася дзякуючы рацэ Лес, якая стагоддзямі размывала вапняковую гару. Даўжыня заблытаных тунэляў пячоры — да 15 кіламетраў, але турыстаў пускаюць па асноўным трохкіламетровым маршруце. Штогод паўмільёна наведнікаў прыязджаюць пабачыць падземныя залы са столяй пяціметровай вышыні, азёры, на якія ніколі не падала сонечнае святло, вялізныя сталактыты… Варта ўзяць з сабою швэдар ці байку — пад зямлёй прахалодна.

Дарэчы, да самага ўваходу ў пячору — не была б то Бельгія — ходзіць трамвай.

Дам — радзіма Уленшпігеля

Чыталі «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Караткевіча? Ёсць нагода наведаць бельгійскі горад Дам — у ім нарадзіўся той, без каго б гэтага рамана не было. Ну, як нарадзіўся: пісьменнік Шарль дэ Кастэр «пасяліў» там свайго героя Тыля Уленшпігеля, яго бацьку Клааса, сябра Ламе Гудзака, каханую Неле… Раман дэ Кастэра апавядае пра часы, калі Фландрыя змагалася супраць іспанскіх захопнікаў. Вайна за незалежнасць доўжылася восемдзесят гадоў. Караткевіч прызнаваўся, што «Легенда пра Уленшпігеля» зрабіла на яго вялікае ўражанне.

У мінулым Дам стаяў на беразе мора, і караблі гёзаў — марскіх партызанаў часоў Васьмідзесяцігадовай вайны — падыходзілі проста да яго сцен. З тых часоў узровень вады Сусветнага акіяна ўпаў, да мора шаснаццаць кіламетраў.

Шакалад

Ну як мы маглі забыцца пра бельгійскі шакалад! Дванаццаць шакаладных фабрык краіны штогод вырабляюць 170 тысяч тон салодкай прадукцыі — па 15 тон на кожнага жыхара! Ёсць нават спецыяльная назва прафесіі для працаўніка шакаладнай індустрыі — шакалацье.

Шакаладным традыцыям Бельгіі ўжо больш як 250 гадоў. Спачатку шакалад быў зусім горкім, мужчыны-ваяры пілі яго як танізуючы напой. З цягам часу ў шакалад пачалі дадаваць спецыі, цукар, і гэта значна пашырыла кола яго спажыўцоў.

У Бельгіі ёсць тры жалезныя правілы вытворчасці шакаладу: толькі спелыя і якасныя какава-бабы; ніякіх штучных дадаткаў; ніякіх кансервантаў. Ад гэтага бельгійскі шакалад мае непаўторны смак, але нядоўга захоўваецца — пра гэта трэба памятаць, набываючы сувеніры з паездкі.

Найбольшы музей шакалада знаходзіцца ў Бруге. Ясная справа, там на яго можна не толькі глядзець.

© Alex Lermechin

Dour Festival

А калі камусьці для падарожжа ў Бельгію трэба нагода — дык вось і яна. Сёлета святкуе трыццацігоддзе адзін з найбольшых музычных фестываляў Dour Festival. Ён пройдзе 11—15 ліпеня ў валонскай камуне Дур пры самай французскай мяжы. Фестываль збірае штогод дзве сотні выканаўцаў і некалькі сот тысяч гледачоў. Рок, поп, хіп-хоп, электронная музыка — каля дзевяці сцэнаў фестывалю знойдзецца месца прыхільнікам любога музычнага кірунку. Сёлета будуць, напрыклад славутыя электроншчыкі The Chemical Brothers, амерыканскія металісты Ministry і многія-многія іншыя. Арганізатары абяцаюць грандыёзнае шоу з нагоды круглай даты.

Квіток на ўсе пяць дзён Dour Festival каштуе €170, за адзін дзень — €75. У цану квітка ўваходзіць, апроч доступу да музычных сцэнаў, магчымасць абсталявацца ў кэмпінгу, ездзіць спецыяльным аўтобусам да бліжэйшага мястэчка і запаркавацца на фестывальнай паркоўцы.

Іншымі словамі, калі летнія планы яшчэ не сфармаваныя, а душа прагне новых уражанняў — Бельгія мае што прапанаваць.

ТАА «Ірвінга Груп» УНП 191751509

1
Яўген К. / Адказаць
14.06.2018 / 11:39
Дзякуй, выправілі. - Рэд.
2
Максим Дизайнер / Адказаць
14.06.2018 / 18:16
Отлично!Надо ехать на Dour FestivalКемпинг бесплатно, можно не снимать оттель.
2
Поц / Адказаць
14.06.2018 / 18:39
А для мяне Бельгія у першую чаргу праца! Я тут працую, у Зеебрюге порт дзе швартуецца наш паром.
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру