14.06.2018 / 20:49

Пісьменніца, падазраваная ў крывавым забойстве. Займальная біяграфія Стэлы Чырковай, удзельніцы скандалу ў Курапатах 78

Імя экс-вядучай БТ Стэлы Чырковай усплыло пасля інцыдэнту ў Курапатах. 13 чэрвеня «Мазда», у якой была яна і яе муж Іван Ермакоў, наехала на двух жыхароў Мінска, што пратэставалі супраць адкрыцця рэстарана «Паедзем паядзім».

Іван Ермакоў і Стэла Чыркова. Фота з сацыяльных сетак.

Некалькі гадоў таму Чыркова пераехала з Расіі ў Беларусь, у шматлікіх інтэрв’ю яна распавядала пра сваю паспяховасць і запатрабаванасць. Чыркова была і журналісткай, і пісьменніцай, і «гуру» правільных сямейных адносін. Чыркову прынялі на канал «Беларусь-3», дзе яна вяла перадачу пра літаратуру.

«Наша Ніва» пацікавілася лёсам гэтай кабеты. 

«Алена будзе зоркай»

Сапраўднае імя Стэлы — Алена Барысаўна Чыркова. Яна нарадзілася ў Маскве ў сям’і інжынераў у 1983 годзе.

Яшчэ са школы дзяўчына бачыла сябе зоркай.

Падрабязней пра гэта пісала расійская «Камсамольская праўда» у 2000 годзе. 

«Стэла любіла «пантавацца». То яна збіралася ісці ў школу міліцыі, то ў МНС, цікавілася зброяй. Казала, што ў яе разрад па каратэ і фігурным катанні. Хлусіла, хутчэй за ўсё, — распавядалі «Камсамолцы» былыя аднакласніцы Чырковай. — У яе дома быў кубачак з надпісам: «Алена стане зоркай». Магла з'явіцца ў школе з голым пупком або ў «касусе» з шыпамі, з татуіроўкай, неймавернай прычоскай. Але вучылася добра. Нават прагульваючы ўрокі, адказвала на «выдатна». Аднойчы замест аднаго сачынення напісала адразу тры. І атрымала шэсць ацэнак «5». Насамрэч яе звалі Алена. Але ў пашпарце запісалася Стэлай».

Дарэчы, па інфармацыі іншых журналістаў, у школе Алена зацікавілася Толкіенам, пачала хадзіць на сустрэчы «ралевікоў» — людзей, якія таксама захапляюцца фэнтэзі і ладзяць тэматычныя гульні і сустрэчы па кнігах ды фільмах. Адтуль дзяўчына і ўзяла сабе незвычайнае новае імя — больш зорнае, чым шараговая «Алена».

Нават выкладчыкам школы Стэла-Алена як бы ў жарт казала, што яна зорка і таму ёй патрэбныя асаблівыя ўмовы.

«Стэла — своеасаблівая дзяўчынка, — расказвала настаўніца фізікі Людміла Эдуардаўна, якая была яе класнай кіраўніцай. — Цікавая, яркая, яна падабалася дзецям. Таленавітая. Пісала сачыненні ў вершах. Святкавала дні нараджэння Цвятаевай. Была першай артысткай у школьных спектаклях. Ёй важна было звярнуць на сябе ўвагу. Нават бегала ў сваю старую школу на конкурс чытальнікаў.

Ёй хацелася паказаць сябе. Але яна не была агрэсіўная, хутчэй баязлівая. З сяброўкай Насцяй Сераброўскай яны поўная супрацьлегласць. Насця — ціхая дзяўчынка, ні з кім, акрамя Стэлы, не сябравала. Я казала Насцінай маме: «Стэла не пасуе ў сяброўкі для вашай дачкі». І мама мне адказвала: «Гэта ж першая ў яе жыцці сяброўка».

У выніку Стэла стала і апошняй сяброўкай Насці. Адтуль і ўсе гэтыя шакуючыя звесткі, якія гуляюць па інтэрнэце: у верасні 2000 года Насцю Сераброўскую жорстка забілі, а Стэла трапіла ў СІЗА.

26 удараў нажом

У 2000 годзе Стэла і Насця разам паступілі ў РГГУ (Расійскі дзяржаўны гуманітарны ўніверсітэт). Але павучыцца там так і не паспелі.

4 верасня Насця Сераброўская не прыйшла дадому. Яе пачалі шукаць.

У пошуках брала ўдзел і яе найлепшая сяброўка Стэла. Яна тэлефанавала знаёмым, пыталася, ці не бачылі яны Насцю.

Сераброўскую абвесцілі ў вышук. А праз дзесяць дзён на поўначы Масквы сабака знайшоў чалавечую нагу, абгорнутую цэлафанам. Міліцыя, якую выклікаў гаспадар сабакі, адкапала каля дарогі яшчэ некалькі пакетаў. У іх былі парэшткі цела Насці Сераброўскай.

Агулам на целе Насці налічылі 26 нажавых удараў. 6 у грудзі і 20 — у спіну.

Пасля з’явіўся той артыкул у «Камсамольскай праўдзе», падрыхтаваны журналісткай Анастасіяй Плешаковай.

Труп павезлі ў аўтобусе. Ці не?

Журналістка «Камсамолкі» пагаварыла з маладым следчым Рэнатам Юркуліевым, які вёў справу. Той распавёў, што Стэла нібыта напісала прызнанне ў забойстве. Маўляў, яны з Насцяй і двума сябрамі адпачывалі ў яе кватэры, пасля пасварыліся… Затым адзін з хлопцаў, жыхар Літвы, расчляніў цела ў ванным пакоі, а раніцай адвез парэшткі на аўтобусе ў лес.

Вось толькі гэтыя факты пацверджання не знайшлі. У расейскай пракуратуры паведамілі, што судзімасцяў у Чырковай няма. Ва ўсякім выпадку, хуткі пошук нічога не паказвае.

«Наша Ніва» пагаварыла з самой Стэлай Чырковай. Тую гісторыю яна ўзгадвае не вельмі ахвотна, але пацвярджае — каля паўгода правяла ў СІЗА.

«Напэўна, бо я была апошняй, хто бачыў Насцю», — мяркуе Стэла.

У статусе падазраванай Чыркова была, пакуль усё ж не злавілі хлопца з Літвы.

Чыркову адпусцілі. Галоўным падазраваным стаў хлопец. А пасля, расказвае сёння Стэла, той літовец скончыў жыццё самагубствам. Да суда справа так і не дайшла.

Па словах Чырковай, насамрэч усё было не так, як у артыкуле. Вечарынка была. Але Насця пайшла дадому з кватэры Стэлы. Больш дзяўчыну не бачылі. Яе цела, парэзанае на кавалкі, сапраўды знайшлі ў лесе. 

«Я лічу, што забойцу так і не знайшлі. Тое зрабіў не хлопчык, а нейкі мужчына, найхутчэй. А на хлопчыка павесілі, бо зручна — замежнік», — кажа Чыркова.

Але ж адкуль тады ў СМІ пайшла інфармацыя аб прызнанні Чырковай? Сама Стэла ўсё адмаўляе.

«Наша Ніва» звязалася з аўтаркай матэрыялу ў «Камсамолцы» Анастасіяй Плешаковай. Тая прызнаецца, што гісторыю ў дэталях ужо не памятае: усё ж прайшло 18 гадоў. Але ўзгадвае, што праз працяглы час пасля публікацыі Стэла прыходзіла ў рэдакцыю газеты. Плешакова кажа, што яны з Чырковай тады разышліся мірам.

«Я звязалася з журналісткай, тады нават напісалі абвяржэнне, але яно чамусьці не выйшла, па нейкіх унутраных прычынах газеты», — пацвярджае Стэла.

Але ж пра гісторыю з забойствам Насці Сераброўскай Чыркова не забылася. У 2007 годзе Стэла выпусціла кнігу «Дзяўчына, якой не было», якая выйшла ў жанры так званага «сентыментальнага рамана». У кнізе расказваецца пра цяжарную дзяўчыну, якую міліцыянты прымушаюць прызнацца ў забойстве і расчляненні сяброўкі. Апісваецца ў кнізе і турэмны побыт.

Цікава, што на літаратурных форумах Чыркова адкрыта прызнавала, што была ў турме. Вось толькі казала, што за краты трапіла «па палітычным артыкуле».

Дарэчы, пасля зняволення ў СІЗА Чыркова сышла з РГГУ і паступіла ў Акадэмію турызму.

Суседка Зайдэса, фанатка Лукашэнкі… і проста цікавая асоба

Сёння Стэла Чыркова — узорная кабета з «калявышэйшага свету». Яна называе сябе і журналісткай, і блогерам, і пісьменніцай, бізнэсвумэн і проста «гуру шлюбу».

Яна ахвотна дзеліцца падрабязнасцямі свайго жыцця, вядзе семінары і вебінары пра сакрэты сямейнага жыцця. Актыўна расказвае пра дзяцей. Кажа, што з 12 гадоў працуе ў журналістыцы, у 22 гады стала галоўным рэдактарам часопіса. Чыркова — персанаж цікавы. І біяграфія ў яе адпаведная.

Так, напрыклад, вядома, што Ермакоў — другі муж Стэлы. Да яго Чыркова была замужам за іншым мужчынам, Дзмітрыем, ад якога і нарадзіла старэйшую дачку ў 2002 годзе. Але той муж аказаўся рэцыдывістам.

Сёння Чыркова не ўзгадвае пра яго. Але ж інтэрнэт усё памятае. У тым ліку і допісы Чырковай на форумах, у якіх расказваецца пра чатыры адседкі мужа і сяброў-крымінальнікаў. Допіс за 2008 год:

Праўда, людзі, знаёмыя са Стэлай, пісалі на форумах, што гісторыі пра крымінальнікаў і мужа-злачынцу могуць быць прыдумкамі. То бок муж (сужыцель?) быў, але ці сядзеў ён чатыры разы? Кажуць, у Чырковай ёсць такая рыса — прыдумваць сабе біяграфію. Так, напрыклад, яна пісала на адным з форумаў у 2004 годзе наступнае пра сябе:

«Першы шлюб — мне 17, мужу 19, дачку зачалі праз паўгода пасля вяселля. Яшчэ праз год загінулі і муж, і дачка. Другі шлюб — мне 19, яму 35. Цяпер мне 24, яму 40, дачцэ 1,5». Праўда, пазней пра гэтую трагедыю Чыркова нідзе не ўзгадвала.

«Нашай Ніве» Стэла паведаміла, што такі сюжэт быў у адной з яе кніг. У жыцці яе такога не здаралася. «Я шмат чаго пісала на форумах», — тлумачыць Стэла.

Акрамя таго, Чыркова пастаянна захаплялася Ідэямі. Менавіта так, з вялікай літары. Яна то была талкіеністкай, то публікавала ў сваім блогу клятвы Сатане, то выказвалася на тэму аўтыстаў — што іх трэба адкрыта называць хворымі і інвалідамі, а не людзьмі з асаблівасцямі развіцця.

У Мінск, да Карычаў

У 2009 годзе разам з мужам Іванам Ермаковым (таксама ўраджэнцам Масквы) Стэла пачала паціху перабірацца ў Мінск. Спачатку прыехаў і знайшоў працу Ермакоў, пару гадоў сям’я пажыла на дзве сталіцы.

А ў 2012 канчаткова прыехала і Чыркова. Нетыповы крок — звычайна ўсё адбываецца па адваротным маршруце.

У шматлікіх інтэрв’ю беларускім СМІ сама Чыркова тлумачыла пераезд проста. Маўляў, Беларусь — ідэальнае месца для жыцця. Тая ж Масква, толькі без крыміналу і гастарбайтараў, а жыццё таннейшае. Да таго ж, ёй вельмі падабаецца Лукашэнка і яго курс на «стабільнасць».

Стэлу ўзялі на БТ весці «Ды@блог аб літаратуры» на беларускамоўным тэлеканале «Беларусь-3», праўда, размаўляла яна ў эфіры па-руску. Каля двух гадоў таму перадачу закрылі.

Таксама Чыркова — прадстаўніца кампаніі «Мамут» у Беларусі. Гэта нідэрландская кампанія, якая спецыялізуецца на транспарціроўцы грузаў.

Таксама Стэла напісала аж 9 кніг у так званым жанры «сентыментальнага раману». Акрамя прозы яна піша яшчэ і вершы.

Як расказваюць знаёмыя, раней Стэла з Іванам здымалі катэдж на вуліцы Кальцова каля Цнянскага вадасховішча — у тым жа раёне ў элітным закрытым пасёлку мае маёмасць Леанід Зайдэс, гаспадар «Паедзем, паядзім».

Іван Ермакоў, муж Стэлы, таксама асоба заўважная.

Цяпер Ермакоў — дырэктар па развіцці кампаніі «Вітсвітстрой», якая займаецца мантажом ліфтавога абсталявання.

Стэла ж казала знаёмым, што муж працуе дырэктарам вагонарамонтнага завода ў Жодзіне.

Па адукацыі Ермакоў інжынер, у сябе ў фэйсбуку ён піша, што скончыў так званую «Баўманку» — прэстыжную тэхнічную ВНУ.

Акрамя таго, Ермакоў падзяляе камуністычныя погляды. Ходзяць чуткі, што пераезд у Мінск быў менавіта яго ідэяй, бо Беларусь надта ўжо падобная да СССР. Сам Ермакоў у размове з «Нашай Нівай» тое і не пацвердзіў, але фактычна і не абверг. У сацыяльных сетках Ермакоў троліў абаронцаў Курапат і сваіх крытыкаў. У прыватнасці, ён сцвярджаў, што, магчыма, расстрэлы ў Катыні — справа рук немцаў.

Варта адзначыць, што свой працоўны шлях у Беларусі Ермакоў пачаў у кампаніі «Зомекс Інвестмэнт», якая фактычна належыць сербскім братам Карычам. Так, тым самым уладальнікам «Дана Холдынгз», якія забудоўваюць Мінск.

Хто ж можа спрачацца з дзяржавай?

Пра сваю паездку ў Курапаты, якая праславіла яе, Чыркова ўзгадвае са здзіўленнем — маўляў, нікога не траўмавалі. А ў сам рэстаран, расказвае Стэла, яна паехала проста таму, што ён побач.

«Мы не гатуем дома, я не люблю. А гэта рэстаран найбліжэйшы да хаты», — запэўніла Чыркова.

За навінамі, сцвярджае Стэла, яна не сочыць, таму дэталяў узнікнення рэстарана ў Курапатах не ведае. Але кажа так: «Калі дзяржава вырашыла, што яно там трэба, то хто ж можа спрачацца? Відавочна, што не я».

Чытайце таксама: БТ адхрысцілася ад Стэлы Чырковай: «Яна нядоўга працавала пазаштатнікам і па дамове»

Чытайце таксама: «Чаму расcтрэлы ў Курапатах валяць на НКВД? Можа, гэта нацысты?» — Іван Ермакоў распавёў пра свае камуністычныя погляды і наезд на актывістаў

Улад Швядовіч

2
Алек.RU / Адказаць
14.06.2018 / 16:33
Во якiя абракадабры у вас руляць, зорка БТ,адно слова.
1
Я / Адказаць
14.06.2018 / 16:40
Рэд. Дзякуй, перадамо рэпарцёру.
3
Туш / Адказаць
14.06.2018 / 16:51
Нейкія мутныя персанажы. Тое, што з БТ я не здзіўлены, БТ - гэта бадай самы маргінальны дзяржаўны канал на постсавецкай прасторы. Зрэшты, менавіта такія людзі цяпер ў фаворы ўлады, да і ўлада такая ж самая, як яны, - мутная, незразумелая, нахабная, хамская і абсалютна на сто адсодкаў антынародная. Добра, што НН асвятляе такія рэчы, бо гэта і ёсць сапраўдная журналістыка.
Паказаць усе каментары/ 78 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру