14.06.2018 / 16:25

Стась Карпаў. Калі над вясковымі стрэхамі месяц засвеціць. Верш 31

Калі над вясковымі стрэхамі месяц засвеціць
І самае чорнае з чорным спляцецца ў суквецці,
То зменіцца голас старых, што ўвесь дзень гаманілі ля тыну,
Іх твары збялеюць і вочы заззяюць бурштынам.
Яны павыносяць бажкоў са спархнелых каморак
І, плачачы, будуць шаптаць у калодзежны морак:

— Ў людзей такія пяшчотныя, белыя шыі,
Галовы людскія нібыта ў пажоўклым кавылі.
— І сэрцы такія, што спіца навылет прашые.
— І целы такія, што спіца прашые навылет!
— Крыві ў іхных целах так мала, так мала, так мала,
Амаль і няма. І таму ад няма на амалі
У іх кожная ножка жыве, каб яе паламала.
— У іх кожная ручка жыве, каб яе паламалі.
Каб зводзіць пахілыя вузкія, вузкія плечы,
Рыпець і гайдацца, нібыта пяцелька на браме.
— Такія, нібыта каб толькі ламаць і калечыць
Ці песціць і гладзіць па свежананесенай ране.
— Іх жылы імкнуцца сабой завязацца на вузел
Ці лезуць з-пад скуры агрызкам капронавым вонкі.
— Бо ўсё, што рабіў іх кравец, — бессардэчна завузіў
І шыў усляпую, абмётваў, не бачачы кромкі.
— Ад рання да рання такія сляпыя, сляпыя,
Прыгожыя, тонкія, крохкія зрання да рання.
Яны паміраюць заўчасна такія любыя,
Бо створаны так — для заўчаснасці і памірання.

Так будуць старыя глядзець у калодзежны сподак,
І шэпт іх заціхне, і рэха закончыць размову.
А слёзы, якія, зляцеўшы, застынуць у водах,
На дне месяц прыме лагодна за дождж бурштыновы.

Стась Карпаў

3
хамса / Адказаць
14.06.2018 / 16:42
>Бо створаны так — для заўчаснасці і памірання.
так - чалавек, як толькі нараджаецца, пачынае свой шлях да смерці
затое 'Жизнь великих людей начинается с момента их смерти.' (Ж.Арреа)
цікава, самага друкаванага паэта на нн (Карпава) будуць помніць праз 100 год?
6
Люстэрка / Адказаць
14.06.2018 / 17:27
Дарагі Стась Карпаў, кідайце лаяцца матам, бо падумайце пра нас, чытачоў: як праз шмат гадоў мы будзем з вас рабіць класіка беларускай літаратуры? Шукайце замену расейскаму мату. Нам жа трэба будзе напаўняць падручнікі для дзяцей. І дарэчы, пра дзяцей. Угаворвайце ўжо жонку на наследніка. Такія гены трэба абавязкова памнажаць! Пажадана ў геаметрычнай прагрэсіі. Для таленавітых людзей нараджэнне і выхаванне дзяцей гэта не асабістая справа сям’і, а важная грамадская справа па паляпшэнні якаснага складу нацыі. Нас вынішчалі ў Курапатах. А мы павінны паказаць дулю энкавэдэшнікам і нарадзіць і выхаваць новыя таленты, перадаўшы ім свае гены, вопыт і сакрэты майстэрства. І праз гэта адрадзіць веліч нашай нацыі.
2
Жвiр / Адказаць
14.06.2018 / 20:22
Pryhoža, klasna, tonka. :)
Паказаць усе каментары/ 31 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру