Кіраўнік беларускага незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алесь Ліпай падазраецца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў на суму 173 тысячы рублёў, паведамляе КДК. Пасля допыту яго адпусцілі.

У дачыненні да яго распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі (ухіленне ад выплаты падаткаў).

Ліпая падазраюць у тым, што ён не заплаціў падаходны падатак з даходаў, атрыманых за мяжой.

Паведамляецца, што нібыта ў 2016-2017 гг. Ліпай атрымаў ад нерэзідэнтаў Беларусі даход на агульную суму больш за 1,3 мільёна рублёў, не падаў падатковыя дэкларацыі і не выплаціў падаходны падатак. Такім чынам, паведамляе КДК, Ліпай не выплаціў падаткаў на суму 173 тысячы рублёў.

Ліпай прызнаў парушэнне заканадаўства і заплаціў падатак і пеню ў памеры больш за 191 тысяча рублёў. Але з улікам таго, што памер урону перавысіў 1 тысячу базавых велічынь, фінансавая міліцыя абавязаная высветліць абставіны атрымання грошай.

БелаПАН — адзінае ў краіне незалежнае інфармацыйнае агенцтва. БелаПАН быў таксама генеральным спонсарам канцэрта на Дзень Волі ў 2018 годзе.

52-гадовы Алесь Ліпай вядомы таксама як аўтар некалькіх зборнікаў паэзіі і чалавек вялікай мужнасці. У чэрвені 1996 года, падчас аперацыі па вызваленні дзяцей, узятых у закладнікі тэрарыстам у дзіцячым садку ў Мінску, браў інтэрв'ю ў тэрарыста, адцягваючы тым самым ягоную ўвагу на сябе. Ліпай стварыў БелаПАН яшчэ ў 1991 годзе і нязменна ім кіраваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0