17.06.2018 / 10:04

Юлія Чарняўская: Пра Ізраілевіча, Курапаты і зерне нянавісці 67

Прачытала артыкул А. Ізраілевіча, дзе ён нападае на Алену Анісім, абвінавачваючы яе ў антысеміцкай кампаніі. Ведаю Алену асабіста, стаўлюся да яе з сімпатыяй — і не веру ў яе антысемітызм. Ізраілевіча я не ведаю. Тон артыкула мне зусім не спадабаўся. Аўтар мае рацыю толькі ў тым, што многія выданні і сапраўды «забываюць» аб гурце айчынных чыноўнікаў, якія прадалі зямлю і якія далі згоду на будаўніцтва рэстарана ў Курапатах.

Значна большая колькасць аўтараў згадвае толькі пра гаспадароў рэстарана — а яны ізраільцяне (наколькі мне вядома, родам не з Беларусі). Такім чынам — свядома ці не — і сапраўды фундуецца габрэйская канспіралагічная тэма.

Не хачу апраўдваць уладальнікаў: мне брыдка тое, што яны зрабілі. Абмоўлюся: так і не зразумела, папярэджваў іх нехта аб тым, што гэта была за зямля. Можа і папярэджваў. Вельмі можа быць, што яны і сапраўды з меркаванняў выгады наплявалі на гэта… Можа, яны і цынічныя нягоднікі. Так-так, і ў яўрэяў бываюць нягоднікі і цынікі. А можа, проста ўляпаліся па дурасці. Добра было б, каб яны патлумачылі сваю сітуацыю і пазіцыю нашаму грамадству. Але яны маўчаць. Чаму? Лепш было б, каб яны «адкрылі тварыкі».

(На жаль, мы позна спахапіліся: нам усім, а не жменьцы свядомых людзей, трэба было дамагацца, каб рэстаран не быў пабудаваны.)

Але вось тое, што піша Ізраілевіч потым — аб карысці абаронцаў Курапатаў, не лезе ні ў якія вароты. Гэта папросту непрыгожа.

Ці можна называць прозвішчы ўладальнікаў рэстарана? Можна і трэба. Але не смакаваць іх паходжанне і нацыянальную прыналежнасць. І не забываць імёнаў тых, хто прадаў зямлю і дазволіў будаўніцтва ў Курапатах. Нашых грамадзян, так бы мовіць. Гэта раз.

Другое.

Я чытала расследаванне Эдуарда Пальчыса. Яно надзвычай сур'ёзнае і дэталёвае. Але ёсць там момант, які бянтэжыць. Эдуард супрацьпастаўляе «дрэнных яўрэяў» — «добрым». Гэтыя другія, маўляў, памятаюць, што ў Курапатах ляжаць у тым ліку і яўрэі. А ўласнікі рэстарана — не. І ў гэтым ён бачыць праблему. Тут ёсць дзве лагічныя памылкі.

Першая, менш важная: ёсць людзі, незалежна ад ад этнічнага паходжання, якія радства ня памятаюць. Узяць хаця б вандалаў на могілках. Ім усё роўна, што пад крыжамі ляжаць іх суродзічы — і заўсёды будзе ўсё роўна.

Другая лагічная памылка такая: Зісер дапамагае Курапатам, таму што ён яўрэй і сам разумее, што там ляжаць і габрэі. Зісер дапамог і яшчэ будзе дапамагаць Курапатам не таму, што там пахаваныя габрэі, а таму што там пахаваныя ЛЮДЗІ. Расстраляныя людзі. Па-за этнічнымі рамкамі. Але стэрэатып у дзеянні: яўрэяў могуць турбаваць толькі яўрэі.

Між іншым, з гэтай нагоды было вельмі добрае інтэрв'ю Аляксандра Тамковіча. На жаль, інтэрв'ю знялі з сайта за суткі. Кажуць, не справіліся з мадэрацыяй антысеміцкіх каментароў. А вось пра гэтыя каментары трэба памятаць. Асабліва журналістам і блогерам.

Мы гаворым нешта (напрыклад, проста пералічваем прозвішчы) і сеем ў людзях зерне нянавісці. Уявіце сабе, што вашы — з чыстым сэрцам напісаныя артыкулы ў абарону Курапатаў — становяцца крыніцай самага дрымучага антысемітызму ў чытацкай публіцы, у масах. Вы гэтага хацелі? Думаю, што шмат хто — не. А сёй-той — так.

Асабліва мне падабаецца, калі ў артыкуле некалькі беларускіх чыноўнікаў згаданыя мімаходзь, а затое яўрэі, якія маюць дачыненне да сітуацыі, — падрабязна, з фотаздымкамі (адзін нават у кіпе: іншага фота, мацаючы па ФБ, не знайшлі).

Я не схільная лічыць чалавека антысемітам, калі ён кажа, што нейкі яўрэй — нягоднік. Але вось калі галоўным у нягоднікаў аказваецца, што той — яўрэй (пад любым эўфемізмам, напрыклад, «грамадзянін Ізраіля» і г.д.) — гэта сведчыць аб наяўнасці ўжо нават не стэрэатыпу, а перадсуду.

Пазаўчора гутарыла аб гэтым з двума праваабаронцамі — этнічнымі беларусамі, прычым беларускамоўнымі. Адзін не звярнуў на гэта ўвагу (што зразумела: такія тонкасці адчуваюць не ўсе і не адразу, асабліва на фоне Курапатаў і гэтага дзікага рэстарана). А другі сказаў: «Ведаеце, мяне хвалюе гэтая антысеміцкая плынь».

А Алена Анісім і абаронцы Курапатаў, сп-р Ізраілевіч, тут ні пры чым. І нармальныя беларусы ні пры чым.

5
Три вопроса без ответов / Адказаць
17.06.2018 / 10:16
Во всей истории, всего ТРИ основных вопроса, пока без ответа:
1. Кто и зачем, на каких основаниях, изменил охранную зону мемориала ???
2. Кто и зачем, не глядя на предупреждение прокуратуры, дал разрешение на постройку кабака ???
3.Почему МВД и государство, не глядя на гражданское мнение большинства беларусов, преследует протестующих, составив более 50 протоколов на них ???  Почему МВД не занимается первыми, двумя вопросами ???
 Остальное не столь важно. Собственники высказались, с ними всё понятно.
Национальный вопрос тут вообще не уместен, там расстреляны и евреи, и поляки, и беларусы, и русские.
3
Ваня / Адказаць
17.06.2018 / 10:19
Тут даже и сомневаться не надо, что владельцам ресторана наплевать, что там была за земля, и что там расстреливали в том числе и евреев!
26
Васіль Астрэйка / Адказаць
17.06.2018 / 10:20
Дзякуй, Юлія!
Паказаць усе каментары/ 67 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру