16 чэрвеня ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Багданаве адбыліся ўрачыстасці срэбнага юбілею прэзбітэрскага пасвячэння кс. Ігара Лашука. Узначаліў іх арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

На пачатку ўрачыстасцяў вернікі парафіі сустрэлі арцыбіскупа перад касцёлам. Затым іерарх благаславіў новую званіцу св. Аляксандра і Руфа і чатыры званы, два з якіх — новыя і прысвечаны міласэрнасці: яны носяць імёны Езуса Міласэрнaга і Маці Міласэрнасці.

Потым адбылася св. Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп. Канцэлебравалі Эўхарыстыю дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і шматлікія святары.

Фота Яўгеніі Найдовіч

Фота Яўгеніі Найдовіч

У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пазнаёміў прысутных са шляхам кс. Ігара Лашука да святарства і яго святарскім служэннем.

Юбіляр нарадзіўся ў 1966 г. у в. Макашы Нясвіжскага раёна. Выхаваны ў каталіцкай веры пабожнымі бацькамі, ён не паддаўся савецкай прапагандзе і не здрадзіў Хрысту ў часы ваяўнічага атэізму.

Пасля заканчэння школы будучы святар паступіў у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут.

«У той час я, аднойчы прыехаўшы з Вільні, пайшоў да кс. інфулата Міхала Арановіча ў пабэрнардынскі касцёл у Гродне,  узгадваў Тадэвуш Кандрусевіч.  У плябаніі сустрэў маладога худзенькага высокага чалавека. Потым сястра назарэтанка Стэля, якую ўсе называлі цёця Аня, мне шапнула, што гэты юнак марыць пра святарства».

«Вядома, у той час, калі атэістычны рэжым лютаваў у нашай краіне, цяжка было сабе ўявіць, што нашыя лёсы сыйдуцца», дадаў іерарх.

Скончыўшы два курсы інстытута, Ігар Лашук дабравольна пакінуў яго з думкай аб семінарыі. Але перад гэтым давялося адслужыць у войску, пасля чаго, будучы сакрыстыянінам у нясвіжскім касцёле, ён пачаў пападпольную падрыхтоўку да святарства ў кс. інфулата Вацлава Пянткоўскага ў Мядзведзічах.

У 1988 г. Ігару, нарэшце, удалося паступіць на другі курс Рыжскай духоўнай семінарыі.

«Яшчэ семінарыстам, ён прыйшоў да мяне ў 1990 г. з праектам выдання Малога катэхізіса на беларускай мове, узгадаў арцыбіскуп. Такі катэхізіс быў выдадзены накладам 95 тысяч асобнікаў».У 1990 г. Ігар Лашук працягнуў святарскую фармацыю ў салезіянскай духоўнай семінарыі ў Лёндзе ў Польшчы, якую скончыў у 1993 г. Год служыў святаром у Лідзе ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. У 1994—1997 гг. вучыўся ў Папскім салезіянскім універсітэце ў Рыме, які скончыў са ступенню ліцэнцыята дагматычнай тэалогіі.

У 1997—2011 гг. кс. Ігар Лашук быў пробашчам парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Мінску. Пабудаваў капліцу, адкрыў моладзевы цэнтр і распачаў будаўніцтва першага за 100 гадоў касцёла ў Мінску.

Адначасова ён выкладаў дагматыку у Пінскай духоўнай семінарыі і ў Катэхетычным каледжы ў Баранавічах.

З 2011 г. кс. Ігар з’яўляецца пробашчам у Багданаве. У 2014—2016 гг. вучыўся на факультэце журналістыкі БДУ.

Нястомны і няўрымслівы, кс. Ігар Лашук ініцыяваў рэгістрацыю парафіі ў пасёлку Маладзёжны каля Ліды, грэка-каталіцкай парафіі ў Лідзе, парафій у Раўбічах і Бараўлянах. Ён жа пабудаваў капліцу ў Бараўлянах і распачаў будаўніцтва парафіяльных цэнтраў у Бараўлянах і ў Раўбічах. Акрамя таго, аднавіў капліцу св. Станіслава ў в. Прасці і распачаў будаўніцтва капліцы Езуса Міласэрнага на Паўночных могілках у Мінску.

Каб у поўнай меры рэалізаваць энергію Божага Духа, якая ў кс. Ігары проста б'е фантанам, ён быў прызначаны таксама пробашчам парафіі св. Яна Паўла ІІ у Мінску, дзе імкнецца пабудаваць цэлы санктуарый.

Да гэтага «паслужнога спісу», як па-канцылярску адзначыў іерарх, неабходна дадаць шматлікія пастырскія ініцыятывы кс. Ігара, з якіх можна асабліва вылучыць распаўсюджванне культу малітвы ў інтэнцыі памерлых — справу дапамогі душам, якія церпяць у чысцы.

Арцыбіскуп нагадаў і пра рамонты, якія адбыліся і адбываюцца ў Багданаве. Была адноўлена плябанія, касцёл, на даху якога з’явілася фігура св. Міхала Арханёла. Нядаўна кс. Ігар прывёз фігуру св. Міхала з аднайменнага санктуарыя ў Гаргана (Італія). Плануецца, што гэтая фігура здзейсніць пілігрымку па беларускіх парафіях, прысвечаных св. Міхалу Арханёлу.

Арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў таксама значэнне паклікання да святарства як дару і таямніцы, пра што казаў св. Ян Павел ІІ.

«Таямніца бо гэта выбар не пакліканага, а Хрыста. Дар пакліканаму і людзям. Толькі святар можа здзяйсняць святыя таямніцы, бо ён дзейнічае моцаю Хрыста», патлумачыў арцыбіскуп.

Іерарх падрабязна спыніўся на патройнай функцыі святара: абвяшчаць, асвячаць і кіраваць.

Галоўным заданнем святара, па словах Мітрапаліта, з’яўляецца абвяшчэнне заўсёды жывога і дзейснага Божае слова, з якога нараджаецца вера. У наш час адыходу ад веры гэтае заданне з’яўляецца вельмі актуальным.

Толькі святар можа цэлебраваць сакрамэнты, і ў першую чаргу Эўхарыстыю, каб адорваць людзей патрэбнай для збаўлення Божай ласкай.

Трэцяй задачай святара з’яўляецца кіраванне давераным яму Божым народам найперш праз служэнне.

Ацэньваючы служэнне кс. Ігара і яго адкрытасць для людзей, арцыбіскуп назваў яго «народным святаром», які «добра ведае «пах» сваіх вернікаў», як кажа пра гэта папа Францішак, і імкнецца ім дапамагчы.

Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў юбіляру Божага благаслаўлення на далейшае паспяховае служэнне Богу і Касцёлу, а таксама пажадаў далей заставацца слугой людзей на іх шляху да Бога і святаром, які мужна бароніць прынцыпы веры і правы Касцёла.

Пасля Імшы каля касцёла адбыўся канцэрт, падчас якога вернікі цёпла павіншавалі свайго пастыра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?