29.10.2008 / 13:28

Клецак. Рэха ліпеньскага выбуху 1

хроніка апазыцыі

Клецкі ваенкамат распачаў масавую рассылку позваў з мэтай удакладненьня ўліковых дадзеных. Яўка абавязковая, пры гэтым зьявіцца па такой позьве неабходна не ў райваенкамат, а ў...Клецкі РУУС. А ўжо ў пастарунку ў мясцовых жыхароў бралі сьліну на аналіз ды адбіткі пальцаў. Такую павестку атрымаў і сын выдаўца мясцовага незалежнага бюлетэня Сяргея Панамарова. Той патэлефанаваў вайсковаму камісару Д. Гадуну, чый подпіс стаіць пад позвай, каб спытаць, на якіх падставах ваенкамат выклікае людзей для ўдакладненьня дадзеных у міліцыю. Па словах Панамарова, ваенкам спаслаўся на нейкі загад міністра абароны, але ня здолеў яго назваць.

Пасьля выбуху ў Менску ў ноч на 4 ліпеня 2008 году ў клецкая міліцыя ўжо праводзіла рэйды па мясцовых прадпрыемствах, дзе праводзіла дактыляскапічную рэгістрацыю ды зьбірала сьліну грамадзянаў. Былі й таксама масавыя выклікі ў РУУС.

Нагадаем, што згодна арт.7 Закону «Аб дзяржаўнай дактыляскапічнай рэгістрацыі» ад 4 лістападу 2003 г. № 236-3 абавязковай дзяржаўнай дактыляскапічнай рэгістрацыі падлягаюць прызнаныя недзеяздольнымі альбо абмежаванымі ў дзеяздольнасьці паводле рашэньня суду; падазраваныя (абвінавачаныя) ў зьдзяйсьненьні злачынства альбо асуджаныя за зьдзяйсьненьне злачынства; асобы, што знаходзяцца на прафіляктычным уліку ў органах МУС; асобы, у адносінах да якіх прымененыя прымусовыя меры бясьпекі і лячэньня, прадугледжаныя КК РБ; а таксама асобы, што зьдзейсьнілі адміністрацыйныя правапарушэньні, за якія прадугледжваецца адказнасьць у выглядзе адміністрацыйнага арышту.

У адпаведнасьці з ч.2 арт.234 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу РБ, сьледчы, дазнавальнік мае права атрымаць узоры як адбіткаў пальцаў, почырку сьліны, крыві, так і інш. для параўнаўчага дасьледаваньня ў пацярпелага, а таксама ў сьведкі зь яго асабістай згоды ў выпадках, калі ўзьнікла неабходнасьць высьветліць, ці не пакінуў ён сьляды на месцы здарэньня альбо рэчавых доказах.

Такую павестку атрымаў Сяргей Панамароў

0
Дзед Лукаш / Адказаць
30.10.2008 / 13:35
Дзякуй за юрыдычную даведку. Не аддам сваю сліну!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру