18.06.2018 / 15:04

Віктар Марціновіч пра Курапаты: Забудзьцеся пра ўбуханыя ў комплекс інвестыцыі 51

Фота Волі Афіцэравай

Ахвотна веру: вы ў абсалютным шоку, бо нічога такога не чакалі.

Вы ж думалі, як будзе? Як з тымі эрзац-феміністкамі, якія «пратэставалі» супраць «сэксізму» ў рэкламе майткоў (я яшчэ дзіву даваўся, чаму ж не ведаю ніводнага прозвішча з тых, хто крычаў). На хайпіку пазнавальнасць брэнду ўзнялася, а продажы пасля запланаваных другой часткай піяр-кампаніі прабачэнняў ад вытворцаў ірванулі да гары. Злодзеі зрабіліся коцікамі, а гучнае імя засталося.

Вы ж думалі, будзе як з той камшот-вадзіцай, з нагоды маркетынгу якой таксама ўзбілася SMM-хвалька. Ажно пакуль «кампанія супраць жаночай аб’ектывацыі» не злілася. Ці не тады ў вас узнікла ўпэўненасць, што, маўляў, гэтыя «майданутыя курапатнікі» пабунтуюць, а ў нармальных людзей толькі смага і апетыт прачнуцца? На тутбай, зноў жа, трапіце бясплатна. Усюды профіт!

То я вам шчыра спачуваю. Каб прачухаць, у якую вы пастку ідзяце, трэба было быць шчыльна ў тэме. Ці, прынамсі, ведаць каго з тых, хто шчыльна ў тэме. А ў вашым коле знаёмстваў такіх няма. Нарваліся — адграбайце.

Пратэстоўцаў, як вы і прадбачылі, усяго толькі дваццаць чалавек. Болей на ўсю краіну смелых [пакуль] не набралася. Але грамадскае меркаванне — халера яго бяры! — чамусьці схіляецца на бок «майданутых курапатнікаў». Грамадскія дзеячы ўключна з нобелеўскай лаўрэаткай, дзяржаўныя чыноўнікі, у сімпатыях да майдану якіх падазраваць не выпадае, каментатары з буйных парталаў і тыя, хто лайкае каментары, — усе неяк уз’еліся. А пры позірку на тых, хто прыязджае вас бараніць, нават у вас узнікаюць нейкія дастаткова супярэчлівыя пачуцці, ці не так?

То давайце пагутарым па-нармальнаму. Па-сяброўску. Давайце я патлумачу вам тое, што ведаюць усе, хто ў тэме. Вы ўлезлі ў бойку, якой як найменш 30 гадоў. Пра артыкул Пазняка вам, канечне ж, ужо расказалі, але вы тады толькі пасмяяліся, бо Пазняк жа супраць прэзідэнта, чаму б вам сур’ёзна ставіцца да яго артыкулаў?

Дык я вам распавяду пра іншы артыкул. Яго напісаў Алесь Адамовіч. Ведаеце такога? Таксама не? Што ж, пільней трэба ставіцца да зямлі, у якую вырашылі ўкладаць свае грошы.

Кіно «Ідзі і глядзі» знятае па сцэнары Адамовіча. Ён таксама аўтар кнігі «Я з вогненнай вёскі», пра якую вам распавядалі ў школе. Дык вось, у 1988 годзе, роўна 30 гадоў таму, Адамовіч апублікаваў тэкст «Азірніся навокал». Ён выйшаў не тут (вы ж іранічна ставіцеся да ўсяго, што пішуць «тутэйшыя інтэлектуалы»), а ў Маскве. У часопісе «Аганёк», які вы, канечне ж, некалі выпісвалі.

У гэтым артыкуле Адамовіч не толькі патлумачыў, што такое Курапаты і чаму гэтае месца смутку мае асаблівы статус, але і назваў Беларусь «антыперабудоўчай Вандэяй» — то бок краінай, якая спрабуе супрацьстаяць галоснасці і перагляду савецкага мінулага, якія адбываюцца ў Маскве. За гэты артыкул Адамовічу ладна дасталася ад мясцовых камуністых, але Саюз усё роўна распаўся (пішу, бо, можа, вы не ў курсе!). І праз нейкі час у Курапаты завабілі вас.

Хаця не, чакайце! Да гэтага было яшчэ нешта.

Групка маладых людзей, таксама не болей за 20 чалавек, начавала ў нулявых гадах у зімніку на ўскрайку гэтага лесу. Я там, дарэчы, таксама быў, і магу ад сябе засведчыць, што ў намёце было вельмі холадна. Вельмі. Ужываць алкаголь для сугрэву ў лагеры строга забараняў яго камендант Павел Севярынец. Яго ўсе хутчэй паважалі, чым баяліся. Дык вось, зімнік стаяў там толькі з адной мэтай: не дапусціць пракладання хуткаснай трасы — сучаснай кальцавой дарогі — па гэтых крыжах. Бо дарожку хацелі пусціць акурат тамака, дзе цяпер месціцца ваша кабачэнцыя.

Тады таксама было ўсё: і крыжы валілі ўначы, і дзецюкі нападалі, збіваючы ўсіх, хто грэўся ля вогнішча, і нават падпал намёта быў — дзякуй Богу, ніхто не згарэў. Але лагер выстаяў. І кальцавую пусцілі ў абход.

Я разумею, што вы пра гэта не ведалі.

Бо калі б ведалі — няўжо б вы дапусцілі, што ўпёртасці людзей, якія вымусілі дзяржаву змяняць абрысы кальцавой дарогі, не стане на тое, каб ладна сапсаваць вам гешэфт? За гэтым урочышчам стаіць ідэя, якая вымушае памяркоўных беларусаў, якія за знос уласнага жытла пры ўшчыльненні не ўздымаюцца, выходзіць і стаяць да апошняга. На гэтай ідэі шмат у чым вырасла дзяржаўная незалежнасць у 1994-м.

Ідэя вельмі простая: там, у ляску, ляжаць незаслужана забітыя ахвяры. На костках якіх была выбудаваная імперыя, якая — дзякуй Богу — знемагла ў 1991-м. Па гэтых бедных, бедных людзях выплакалі свае вочы іх жонкі. Іх не дачакаліся ўранку іх дзеткі. Пра іх на 60 гадоў проста забыліся, выкрасліўшы з ліку тых, хто хадзіў па зямлі.

І новай Беларусі не будзе без выбачэння перад гэтымі ахвярамі. У Расіі перад такімі павініліся. Там злачынствы 1937-га года прызнаныя на дзяржаўным узроўні, сталіся часткай новай ідэалогіі. У нас дагэтуль працягваюць жаваць соплі, не могучы вызначыцца: ці гэта ахвяры гітлераўцаў, ці гэта расстраляныя НКУСам бандыты.

Дарэчы, сённяшняя паганая сітуацыя зусім нечакана звяртае масавую ўвагу — не, не на вабы шашлыкоў на касцях! — на нявызначаны статус Курапатаў.

30 гадоў — вельмі працяглы тэрмін. Трэба ставіць кропку. Вы думалі, шум будзе хуткабежным і сціхне, але вы ўжо цяпер бачыце, як далёка ўсё пайшло. Ужо, бачыце, і пра карупцыйны складнік забалбаталі, і звароты ў пракуратуру пайшлі, і вас усіх пайменна пазнаходзілі, і спіс адказных чыноўнікаў на будучыню складаюць.

То глядзіце: тут ёсць два шляхі.

Першы: вы можаце спадзявацца на міліцыю. Бо вы ж адчуваеце, што вас кінулі, так? Што не абараняюць, хаця мусілі б.

Міліцыя сапраўды можа ў нейкі момант стаць на ваш бок. І пачаць пакаваць абаронцаў. І закрываць іх на суткі. Але вы ўяўляеце, які рокат узнімецца ў сеціве? Гэта ж не эрзац-феміністкі. Гэтыя ж людзі кайданкамі сябе ў мінулым годзе прычаплялі, каб абараніць памяць пра забітых. То нават калі дарожку зачысцяць — «тусэ» не атрымаецца.

Адсюль — другі варыянт. Анансуйце пакаяннае інтэрв’ю. Кажыце, што вы гатовыя перадаць свой забаўляльны комплекс пад музей ахвяр Курапатаў. Прасіце ўзамен зямлю на Камсамольскім возеры, ці Мінскім моры, ці дзе яшчэ. На ільготных умовах. Бо вас жа развялі. Абвяшчайце краўдфандынг на пабудову. Пасля таго як вы прыберацеся з Курапат, вы адчуеце шмат сімпатый людзей, якія цяпер ставяцца да вас з вялікім напружаннем.

І забудзьцеся пра ўбуханыя ў комплекс інвестыцыі: дзіцячая пляцоўка хоць ты трэсні выглядае жудасна на фоне крыжоў. А іх, крыжоў, проста за вашым плотам можа нарасці значна болей, калі вы даможацеся зачысткі. І ніхто з гэтым ні халеры не здольны будзе зрабіць. Бо валіць крыжы ў нашай культуры — справа праклятая.

То зрабіце выбар і заставайцеся людзьмі.

13
якбысокал / Адказаць
18.06.2018 / 15:35
Бо валіць крыжы ў нашай культуры — справа праклятая.
---------------------------------------------------------------------------
Не ўпэўнены. Пакуль нават ні адзін  рэлігійны лідар  краіны аб гэтых паваленых крыжах нічога не сказаў.

https://nn.by/?c=ar&i=211358

10
яухим / Адказаць
18.06.2018 / 15:40
на кону  либо  колоссальная  реклама будущему пищеблоку.    либо  проверка  нации на  вшивость
12
Жаконя / Адказаць
18.06.2018 / 15:48
Лучше и не скажешь! Уперлись, как бараны, а ведь так просто остаться людьми. Видимо знают, что шуневич любитель формы нквд - на него и надеются, ан нет, что- то не подкатывает он свой воронок к протестующим..
Паказаць усе каментары/ 51 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру