29.10.2008 / 15:42

Уладзімер Някляеў: На Дзяды-1988 усе зразумелі, што Беларусь была, ёсьць і будзе 3

«Адна справа – чытаць у творах Уладзімера Караткевіча, што ёсьць народ беларускі, ёсьць гісторыя беларуская. І зусім другая справа – увачавідкі ўбачыць: вось яна, Беларусь, прыйшла, прыйшла ў гэтых вось абліччах дзяўчынак, цётак і мужыкоў. Вось яно, тваё». З Уладзімерам Някляевым у «Вольнай студыі» гутарыць Міхась Скобла.

20 гадоў таму, 30 кастрычніка 1988 году, тысячы менчукоў, якія прыйшлі да Ўсходніх могілак, каб адзначыць Дзень памяці Дзяды, разагнала міліцыя. Хто аддаваў загады на разгон і зьбіцьцё людзей? Ці гатовыя былі ўлады прымяніць супраць народу агнястрэльную зброю? Зь якімі падзеямі ў адным шэрагу стаяць Дзяды‑88? Пра гэта Міхась Скобла гутарыць з Уладзімерам Някляевым.

Міхась Скобла: Вы ў 1988 годзе працавалі галоўным рэдактарам моладзевага часопіса «Крыніца», заснавальнікам якога быў ЦК камсамолу. Пасада як на той час намэнклятурная. Дык чаго вас панесла на тыя, забароненыя ўладай, Дзяды?

Уладзімер Някляеў: Я думаю, па той самай прычыне, па якой панесла туды дзясяткі тысячаў людзей.

Скобла: Вы кажаце пра значнасьць даты. Усё спазнаецца ў параўнаньні. У якім шэрагу палітычных падзей вам бачацца Дзяды‑88?

Някляеў: Калі вынесьці за дужкі Вялікае Княства Літоўскае і стварэньне ў 1903 годзе Беларускай сацыялістычнай грамады, то рэальная, факталягічная гісторыя Беларусі для мяне пачынаецца з рэвалюцыі 1917 году. Гэта першая дата. Другая дата – утварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе. Трэцяя – абвяшчэньне 1 студзеня 1919 году БССР. Чацьвёртая падзея, амаль забытая, – Варшаўская бітва палякаў з бальшавікамі ў жніўні 1920 году. У заходняй гістарыяграфіі яна разглядаецца ўпоравень з найвялікшымі бітвамі ў гісторыі чалавецтва. Невядома, што адбылося б з Эўропай, калі б Тухачэўскі прайшоў Польшчу… У войску Пілсудзкага, дарэчы, было шмат беларусаў.

Пятая падзея – 1924 год, першае ўзбуйненьне Беларусі. Шостая – 1926 год, другое значнае ўзбуйненьне, пасьля якога Беларусь стала налічваць 5 000 000 чалавек. Сёмая падзея – 1947 год, прыняцьце Беларусі ў склад краінаў‑заснавальніцаў ААН. І восьмай значнай падзеяй у гэтым сьпісе для мяне стаяць Дзяды 1988 году. Недакумэнтальным вынікам іх стала сусьветнае разуменьне таго, што Беларусь была, ёсьць і будзе. А дакумэнтальным вынікам стала прыняцьце Дэклярацыі аб сувэрэнітэце і стварэньне Рэспублікі Беларусь. Будзьма шчырымі,

што, пракамуністычная бальшыня ў Вярхоўным Савеце спалохалася двух дзясяткаў дэпутатаў з БНФ? Не, яна спалохалася тае Беларусі, якая праявіла сябе 30 кастрычніка 1988 году.

Скобла: Нядаўна ў інтэрвію нашаму радыё Зянон Пазьняк сказаў, што Белполк і Ўнутраныя войскі, якія разганялі людзей ля Ўсходніх могілак і ў Курапатах, былі ўзброеныя, і ім былі раздадзеныя баявыя патроны. Як вы лічыце, ці гатовая была тая ўлада прымяніць зброю супраць людзей?

Някляеў: Неўзабаве пасьля кастрычніка 1988 году ў часопісе «Крыніца» мы далі фотарэпартаж зь Дзядоў. Я нядаўна ўзяў падшыўку і паглядзеў яго. Мяркуючы па тварах сілавікоў,

яны маглі прымяніць зброю.
Вельмі цяжка сказаць, што было б лепш… Неяк мы ўспаміналі тыя падзеі з Кастусём Тарасавым, вельмі сьмелым, дарэчы, чалавекам. І ён гаварыў, што ня варта было Пазьняку спыняць людзей, садзіць іх на зямлю, хай бы яны пайшлі далей, і адбылася сутычка. І, можа быць, пасьля яе працэсы дэмакратызацыі і сувэрэнізацыі пайшлі больш інтэнсіўна. Ну, я ня ведаю… Па мне, дык кровапраліцьця трэба пазьбягаць да апошняга, і я тут цалкам на баку Зянона.

Скобла: У адной дзяржаўнай газэце я прачытаў, што 30 кастрычніка 1988 года праваахоўныя органы былі мусілі спыняць агрэсіўнасьць людзей і таму прымянілі газ і дубінкі. Але ў чым была людзкая агрэсіўнасьць? Здаецца, вадамётаў не пераварочвалі, агароджу на могілках на жалезныя пранты не разабралі. Па‑мойму, агрэсіўнасьць ішла толькі з аднаго боку – з боку ўладаў.

Някляеў: Міліцыянэры былі сапраўды перапужаныя. І перапужаныя яны былі не праз тое, што нехта там выварочваў лаўкі. Яны не маглі ўцяміць, як гэта ім, уладзе, не падпарадкоўваюцца?! Яны кажуць: «К наге!» І павінны ж бегчы да гэтай нагі, а – ніхто не бяжыць! Вось у чым для іх былі незразумеласьць і спалох.

Скобла: Мне акурат запомніліся неадэкватныя па сваёй жорсткасьці дзеяньні міліцыі. На сядзячых у полі людзей міліцыянты пайшлі клінам. На маіх вачах ішлі па людзях, па плячах, па галовах. Пісьменьніку Алесю Асташонку тады зламалі рэбры. Майму сябру проста абцасам бота растаўклі гадзіньнік і патрушчылі палец на руцэ. Хто мог аддаваць такія бязглуздыя – зь якога боку ні паглядзі – загады?

Някляеў: На маіх вачах цягнулі ў варанок Алеся Бяляцкага. Дзяўчаткі кінуліся яго бараніць, і я там за нейкага сяржанта схапіўся. Ззаду мне нехта дубінкай прыклаўся, але міліцыянты разгубіліся, можа, спыніцца? І тут я на свае вушы пачуў: «Выполнять приказ!» Значыць – быў аддадзены загад арыштоўваць, біць, труціць газам. Памятаецца, тады збоку хадзіў, нібы не прымаючы ўдзелу ў супрацьстаяньні, намесьнік міністра ўнутраных справаў Кастусь Платонаў. Я яго ведаў даўно, калі ён працаваў яшчэ камсамольскім сакратаром. Ён нібыта застаўся незамяшаным на Дзяды. Але ж гэта немагчыма. Пасьля сабралася адна цікавая кампанія, дзе былі і прадстаўнікі ўладаў, і творчай інтэлігенцыі. І

адна фацэтная дама паднялася і кінула ў твар генэралу Платонаву: «Ты душыцель! Маліся Богу за тое, што забойцам ня стаў». І ён гэта моўчкі праглынуў.
Так што сваю віну і ўлада адчувала.

Скобла: Ці ня першым мастацкім творам пра Дзяды‑88 стаў ваш верш «Маўклівы мітынг», надрукаваны тады ж у тыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Заканчваўся ён радкамі: «І ўпершыню, маўкліва сьцяўшы рот, з натоўпу глянуў люд. Амаль народ». Мне тут хочацца засяродзіць увагу на слове «амаль». Беларусь даўно стала стала незалежнай краінай. А слова «амаль» – яно засталося?

Някляеў: На жаль. На жаль, засталося «амаль». Каб яно не засталося, то я б не напісаў аповесьць «Вяртаньне Веры», яна надрукаваная ў № 35 часопіса «Дзеяслоў». Там гэтае «амаль» прысутнічае ці не на кожнай старонцы. Там, дарэчы, я цалкам прыводжу і верш «Маўклівы мітынг». І галоўны герой пытаецца: «Быў жа нацыянальны ўздым, была жывая энэргетыка. Куды ўсё падзелася?» І, прызнаюся, дакладнага адказу, чаму за прамінулыя дваццаць гадоў з «амаль народу» ня ўзьнікла народу «не‑амальнага», калі можна так сказаць, я ня маю».

Скобла: Герой аповесьці «Вяртаньне Веры» таксама пабываў ля Ўсходніх могілак у кастрычніку 1988‑га. Дзяды паўплывалі на яго далейшы лёс. А для вас асабіста яны сталі нейкім падзея‑падзелам, найперш сьвядомасным?

Някляеў: Безумоўна. Тыя Дзяды паўплывалі на мяне і эмацыйна, і палітычна, і як заўгодна яшчэ.Таму што са мною сталася тое самае дзіва, якое сталася з большасьцю людзей. З тым самым Глёбусам, які блюзьнерыць. І ён, і я тады ўбачылі рэальную Беларусь.

Адна справа – чытаць у творах Уладзімера Караткевіча, што ёсьць народ беларускі, ёсьць гісторыя беларуская. І зусім другая справа – увачавідкі ўбачыць: вось яна, Беларусь, прыйшла, прыйшла ў гэтых вось абліччах дзяўчынак, цётак і мужыкоў. Вось яно, тваё. Я тады ўпершыню неяк аб’ёмна ўбачыў рэальную Беларусь.
І тэксты свае я стаў усьведамляць па‑другому. Яны сталі шукаць нейкі адрас, пачалі шукаць, да каго прыйсьці. Я ўсё гэта і ўсіх іх – убачыў.

0
Рыгор / Адказаць
30.10.2008 / 17:09
Ды хоць бы адзін фотаздымак дадалі.
0
Баязьліва-талерантныя / Адказаць
30.10.2008 / 22:05
"хай бы яны пайшлі далей, і адбылася сутычка. І, можа быць, пасьля яе працэсы дэмакратызацыі і сувэрэнізацыі пайшлі больш інтэнсіўна. Ну, я ня ведаю…" Для намэнклятурнага някляя зь ягоным страхам перад пакараньнем - гэта нельга ўявіць. Сутычка . Ого !
0
Якуб Лапатка / Адказаць
30.10.2008 / 23:43
2Баязьліва-талерантныя "Для намэнклятурнага някляя зь ягоным страхам перад пакараньнем - гэта нельга ўявіць." Шаноўны! Вы часам не трызьніце? Наменклатурны Някляй пайшоў на забаронены мітынг, не баючыся пакараньня. А сутычка без мэты -- гэта не глупсва, а дурасьць, бо мардабой дзеля мардабою толькі нажратым у кабаку дастаўляе задавальненьне. Я памятаю колькі было віскату такога кшталту: Во яны прывялі людзей пад міліцэйскія дубінкі! А калі б адбылася сапраўдная бойка, колькі б тонаў бруду яшчэ вылілі б? Думайце, што пішае, зух Вы наш талерантны!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру