Кампанія Google распрацавала нейронавую сетку, якая можа прагназаваць дату смерці чалавека на аснове яго медыцынскіх паказчыкаў, паведамляе агенцтва Bloomberg.

Паводле яго даных, нейронавая сетка змагла больш дакладна прадказаць імавернасць смерці пацыенткі, якая трапіла ў шпіталь з тэрмінальнай стадыяй рака грудзей. У той час як камп'ютар бальніцы ацаніў імавернасць смерці жанчыны падчас знаходжання ў медыцынскай установе ў 9,3%, нейронавая сетка Google — у 19,9%. Пацыентка памерла праз некалькі дзён.

Большай дакладнасці прагнозу ўдалося дасягнуць дзякуючы аналізу запісаў у старых медыцынскіх картах і файлах PDF. Усяго нейронавая сетка прааналізавала 175639 фактараў, зрабіўшы гэта хутчэй і дакладней, чым любая іншая з існуючых зараз праграм.

Нейронавая сетка Google таксама можа даваць прагноз на выздараўленне пацыента, тэрмін яго знаходжання ў бальніцы і імавернасць паўторнага звароту.