Арыштаваны Зьміцер Галко завяршыў знаёмства з крымінальнай справай, паводле якой ён абвінавачваецца ў гвалтоўных дзеяньнях да супрацоўніка міліцыі, піша Радыё Свабода.

Справа перададзеная ў суд Савецкага раёну Менску. Паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, судзьдзя можа вывучаць матэрыялы да двух месяцаў, таму працэс пачнецца ў ліпені-жніўні, мяркуе бацька Зьмітра Мікалай Галко.

Мікалай Галко расказаў Свабодзе, што Зьміцер па-ранейшаму ўтрымліваецца ў Жодзінскім сьледчым ізалятары, але перад судом яго перавядуць у менскае СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.

«Умовы ўтрыманьня параўнальна нармальныя, у камэры двое. Праўда, са Зьмітром быў псыхічна хворы стары чалавек, але адвакат кажа, што таго абяцалі перавесьці ў іншую камэру. Ад прагулак Зьміцер адмаўляецца, бо лічыць вельмі зьневажальным сам «рытуал», працэдуру вываду на прагулку, калі рукі назад, прымушаюць згінацца лбом да кален і такім чынам перасоўвацца. Што да ежы, кашу на сьняданак есьці яшчэ можна, пісаў Зьміцер, усё астатняе есьці немагчыма, на Валадарцы харчаваньне значна лепшае», — падзяліўся Мікалай Галко.

Зьміцер не прызнаў сваёй віны і наагул нічога, што яму інкрымінуюць, адмовіўся супрацоўнічаць са сьледзтвам. Яму не дазволілі ніводнага спатканьня з роднымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?