21.06.2018 / 08:33

На Вайсковых могілках рэжуць дрэвы і мяняюць 3000 надмагілляў. Сярод іх гістарычна каштоўныя 16

Жыццё кіпіць на гістарычным могільніку. Туды-сюды сноўдаюць людзі, ездзяць трактары і машыны. 4 чэрвеня тут пачалася маштабная рэканструкцыя, якая будзе доўжыцца два гады.

Сёння рабочыя за дзень паспяваюць паставіць каля 30 новых надмагілляў, папярэдне прыбраўшы старыя крыжы, помнікі, загарадкі.

Рабочыя расказваюць, што цягам дня на могілкі прыходзяць і сваякі тых, хто тут пахаваны, і жыхары суседніх дамоў. І далёка не ўсе прыходзяць, каб падзякаваць за работу.

«Канечне, ёсць незадаволеныя. Мы ж пасягнулі на іх маёмасць. А дзе гэтыя сваякі былі, калі цягам двух гадоў на агароджы вісела аб’ява з просьбай прывесці пахаванне ў парадак? Прыходзяць незадаволеныя і тым, што мы спілоўваем дрэвы. А чаго абурацца? Працуем па законе, рэжам толькі аварыйныя дрэвы».

Па могілках ходзіць жанчына, шукае кіраўніцтва. Кажа:

«Мой бацька тут пахаваны. Сама магілка знаходзілася пад дрэвам. Мы некалькі разоў ссоўвалі помнік, каб не спілоўваць дрэва. А цяпер хачу папрасіць, каб замест кветніцы і вялікага помніка на месцы пахавання бацькі паклалі адну плітачку. Я адна засталася, усе найбліжэйшыя сваякі ў Пецярбургу, а мне цяжка з другога горада ездзіць даглядаць магілку».

Дачка пахаванага на Вайсковых могілках Аляксандра Трутнева папрасіла, каб замест старога надмагілля паставілі невялічкі помнік. 

З такімі просьбамі, кажа намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце УП «Спецкамбінат КБА» Сяргей Тур, сваякі прыходзяць па некалькі разоў на дзень.

«Мы ж не адмаўляем нікому. Хочуць сваякі зрабіць кветніцу — калі ласка. Звяртаюцца да нас таксама ўсхваляваныя сваякі, якія ў агароджы пакідалі сабе месца для пахавання. Па законе, Вайсковыя могілкі закрытыя для пахавання трунамі, таму калі нехта хоча зрабіць кветніцу, каб быць упэўненым, што урну з яго прахам пахаваюць побач са сваяком, мы дазваляем. Дазволім і кветкі пасадзіць, і траўку».

Сваякам пахаваных тут людзей дазволяць да надмагілля паставіць кветнік. 

Рашэнне правесці інвентарызацыю на могілках было прынятае яшчэ ў 2015 годзе, згодна з законам «Аб пахаваннях». Тады на магілкі, якія былі ў неналежным стане, работнікі Спецкамбіната КБА прымацавалі таблічкі з просьбай прыбрацца там.

«На Вайсковых могілках каля 8000 магіл, — працягвае Сяргей Тур. — На 3882 з іх мы прымацавалі таблічкі з просьбай навесці парадак. І амаль 3000 магілак так і засталіся незакранутымі. На іх паваліліся крыжы, адсутнічаюць таблічкі, хто там пахаваны».

Такіх неапазнаных магіл на Вайсковых могілках шмат.

Замест старых крыжоў і іржавых агароджаў на Вайсковых могілках з’явяцца так званыя ідэнтыфікацыйныя знакі.

Яны ўяўляюць сабой падгалоўнік з мармуровай крошкі.

Каштуюць такія падгалоўнікі каля 50 рублёў за штуку.

«Акрамя таго, грошы з бюджэту Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта выдзеленыя на дэмантаж старых захаванняў і спілоўванне аварыйных і сухастойных дрэў, — удакладняе Сяргей Тур».

На пытанне, ці задумваліся работнікі КБА пра тое, што яны руйнуюць гістарычныя помнікі, Сяргей Тур запэўніў:

«Ні адзін помнік, які выглядае дагледжаным, знесены не будзе. Паглядзіце, мы не зачапілі ні адно надмагілле, якое акуратна прыбранае».

Справа не ў дагледжаных магілках, а ў тым, што гэта гістарычная каштоўнасць

Сакратар грамадска-назіральнай камісіі па ахове помнікаў Павел Каралёў звяртае ўвагу на тое, што помнікі на Вайсковых могілках нельга раўняць катэгорыяй прыбраныя — непрыбраныя.

«Могілкі — гэта гісторыка-культурная каштоўнасць.Там павінна быць праведзеная інвентарызацыя.

А тое, што адбываецца зараз, нагадвае працу на дачы. Рабочыя ходзяць і «на вока» вызначаюць, ці з’яўляецца помнік каштоўным, ці можна яго руйнаваць.

Так адбылося з агароджай помніка Іосіфу Апанскаму, кіраўніку савецкага ЧК. Так, агароджа 30-х гадоў. Але яна адметная для свайго часу: з сярпамі і молатамі. А яе проста вывезлі на металалом. Я буду пісаць ліст у Міністэрства культуры, хай дадуць адказ, ці быў праект на работы на гэтых могілках».

Тое, што сёння адбываецца на Вайсковых могілках, нагадвае вялікі суботнік. 

Вайсковыя могілкі месцяцца ў раёне Залатой Горкі і існуюць ад ХІХ ст. Там пахаваныя Янка Купала, Якуб Колас, Аляксандр Чарвякоў і Усевалад Ігнатоўскі. 

Скончыцца рэканструкцыя Вайсковых могілак у кастрычніку 2019 года.

Наталля Тур, фота аўтара

4
Нарацкі Сема / Адказаць
21.06.2018 / 08:52
Ну вось дабраліся і да могілак аматары еўрарамонта і парадку(чтобы фсе чістенько было, с пліточкой і без деревьев старых). Чаму калгасьнік ненавідзяць вялікія старыя дрэвы? Таму што гэта для іх дровы
1
Guinness / Адказаць
21.06.2018 / 08:54
няма чаго цырымоніцца, аддайце зямлю інвестарам, хай гандлёва-забаўляльны цэнтр адбудуюць.
0
Кхе-кхе / Адказаць
21.06.2018 / 09:03
Косткі чэкістаў выкапаць і перазахаваць у іншым месцы, зверху пабудаваць рэстаран на 170 месцаў з танцполом і саўнай. Родзічам будзе дзе памянуць продкаў-чэкістаў.
Паказаць усе каментары/ 16 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру