Скандал узнік у польскім порце Свінавусце, што каля Шчэціна. Матрос з парусніка «Крузэнштэрн», які зайшоў з візітам у польскі порт, сфатаграфаўся ў такой позе, нібы ён душыць папу Яна Паўла ІІ, бюст якога стаіць у горадзе. Той здымак ён выставіў у сацыяльныя сеткі, суправадзіўшы нацыяналістычным подпісам. На гэта звярнулі ўвагу палякі.
Інцыдэнт выклікаў абурэнне ў Польшчы. У выніку капітан карабля вымушаны быў даслаць афіцыйны ліст з прабачэннямі за выхадку двух курсантаў.
Папа-паляк Ян Павел ІІ — каталіцкі святы і вельмі шанаваная постаць у Польшчы.
«Крузэнштэрн» — найбольшы ў свеце карабель пад ветразямі. Ён быў збудаваны немцамі ў 1926 годзе, расіяне атрымалі яго ў спадчыну ад СССР, які забраў яго ў Нямеччыне па рэпарацыях пасля вайны. Яго выкарыстоўваюць як навучальны карабель у Акадэміі рыбапрамысловага флота ў Калінінградзе (Караляўцы).