21.06.2018 / 16:19

Праз Альманскія балоты будуюць дарогу. Эколагі: Нашто??? ФОТЫ 42

Да верасьня 2018 году праз Альманскія балоты пройдзе новая дарога. Яе кошт — 1 мільён даляраў. 14 кілямэтраў грунтовай дарогі пракладаюць праз натуральнае балота. Карэспандэнт «Свабоды» Антон Трафімовіч пабачыў, як экскаватары раскопваюць ляндшафтны заказьнік.

Балоты належалі вайскоўцам, таму тут не было мэліярацыі

Альманскія балоты — адзін з найбуйнейшых у Эўропе комплексаў непарушаных балот. Сёньня гэта рэспубліканскі ляндшафтны заказьнік, які займае 900 квадратных кілямэтраў. 40 км з поўначы на поўдзень і 35 км з усходу на захад. Тут мог бы зьмясьціцца цэлы Клецкі ці Кармянскі раён.

Унікальнасьць Альманаў — у іхнім памеры. Пра гэта на месцы будоўлі распавядае Андрэй Абрамчук, кіраўнік лясной працоўнай групы грамадзкай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

«Калі ня браць Эўрапейскую частку Расеі, — гэта самы буйны балотны масіў у Эўропе», — кажа Абрамчук.

На Палесьсі шмат балотаў, але Альманскія адрозьніваюцца ад усіх астатніх, бо яны не пацярпелі ад мэліярацыі. У савецкія часы тут быў палігон. Тэрыторыя належала вайскоўцам, а таму тут не капалі мэліярацыйных каналаў.

Андрэй Абрамчук на Альманскіх балотах

«Маштабных зьменаў для экасыстэмы ад выпрабаваньняў не адбываецца. Варонка ад снарада для 94 тысячаў гектараў — нішто. Балота хутка зацягвае гэтыя раны. Дарогі праз балота — нашмат горшыя рэчы. Яны парушаюць гідралягічны рэжым», — кажа Абрамчук.

Раней тут была лясная дарога. Але новую будуюць па некранутым балоце

У жніўні 2017 году Палескі лясгас (ён мае сядзібу ў Давыд-Гарадку) пачаў будаваць 24-кілямэтровую лесагаспадарчую дарогу ад вёскі Букча на поўнач заказьніка. Ушыркі дарога мае 5 мэтраў. Аднак бульдозэры раўняюць будаўнічую пляцоўку больш як на 20 мэтраў. Як патлумачыў Свабодзе Васіль Петравец, галоўны лясьнічы Палескага лясгасу, — гэта частка тэхналёгіі. Праз пэўны час над балотам будзе ўзвышацца толькі 5-мэтровая грунтоўка.

Направа ідзе старая лясная дарога. Новую дарогу пракладаюць па жывым балоце

Дарогу будуюць дзеля дзьвюх рэчаў. Па-першае, каб тэхніка магла праехаць да месца пажару. Па-другое, каб грузавікі маглі вывозіць дрэва зь лясоў, дзе ідзе высечка.

«Лясгас ня вельмі багаты, Па заканчэньні будаўніцтва дарог мы зможам нармальна па-гаспадарску распараджацца лесам», — сказаў Васіль Петравец.

Галоўная прэтэнзія «Аховы птушак Бацькаўшчыны» — 14 з 24 кілямэтраў дарогі пракладаюць па балоце, па нерушы. Раней тут праходзіла лясная дарога. Яна ішла па лясах, астравах і дзюнах. Але новая дарога толькі напачатку ідзе па старой лясной. На момант, калі Свабода была на месцы, было пабудавана 2,3 кілямэтры праз натуральнае балота.

«Тое, што па балоце прайшло, гэта ня наш капрыз, — сказаў Петравец. — Я даваў толькі тэхнічнае заданьне — шырыня дарогі, прапускная здольнасьць».

Лясгас: Дарога прынясе карысьць

Будаўніцтва дарогі ў Альманскіх балотах 18 чэрвеня 2018 году

Чаму вырашана пракласьці дарогу менавіта праз балота, невядома. Васіль Петравец скіроўвае да праектантаў — Берасьцедарпраект. Але ў кожным разе праект прайшоў экалягічную экспэртызу.

«Шкоды навакольнаму асяродзьдзю гэта дакладна не прынясе. Прынясе пэўную карысьць. Гэтая дарога будзе натуральны бар’ерам. Калі будзе гарэць балота, яна прыпыніць агонь», — кажа Петравец.

Васіль Петравец

Але ў «Ахове птушак Бацькаўшчыны» ня згодныя з такой думкай. Па словах Абрамчука, новая дарога — гэта дамба, якая парушае гідралягічны рэжым тэрыторыі. Адна частка балота будзе назапашваць ваду і ператварацца ў вадаём, другая — асушацца.

«Натуральнаму балоту пажары не нясуць сур’ёзнай пагрозы, — кажа Андрэй Абрамчук. — Больш церпяць перасушаныя тэрыторыі. І невядома, ці гэтая дарога будзе дапамагаць тушыць пажар, ці будзе спрыяць асушэньню».

Уздоўж дарогі ляжаць трубы, якія будаўнікі выкарыстаюць для ператокаў — каб вада магла трапляць з адной часткі балота ў другую.

«Ёсьць спосабы зьмякчыць уплыў на экасыстэму, — кажа Абрамчук. — Але калі такі праспэкт па натуральным балоце кладуць, тут адназначна ідзе гаворка пра сур’ёзны ўплыў».

Дырэктар заказьніка: Мы яшчэ не былі на будоўлі

Пясок для новай дарогі бяруць зь ледавіковых дзюнаў вакол балота

Дырэктар заказьніка «Альманскія балоты» Павал Мірановіч ня можа адказаць, ці не парушыць дарога натуральны стан балота. Усе пытаньні ён перанакіроўвае ў столінскую інспэкцыю аховы прыроды і навакольнага асяродзьдзя.

«Мы ўсяго толькі кіруем заказьнікам. Я думаю, узгадненьне нашае і не патрэбнае. Гэта нашмат вышэй узгадняецца», — сказаў ён праз тэлефон Свабодзе.

Больш за тое, кіраўніцтва заказьніка яшчэ не было на будоўлі, хоць на тэрыторыі ўжо арудуе тэхніка.

«Мы яшчэ там дакладна не былі, — сказаў Мірановіч. — Я ня думаю, што гэтай дарогай будзе нехта наносіць шкоду (балоту. — РС). Яна толькі скіраваная на тое, каб балота захаваць на бліжэйшыя нашыя пакаленьні».

«Дарога не абгрунтаваная ні эканамічна, ні экалягічна»

Па словах Васіля Петраўца, ужо да канца лета дарога будзе цалкам пабудаваная.

«Будаўнікі зараз актыўна штурмуюць, — кажа ён. — Потым будзе будавацца дарога на Кароцічы. Грошы выдзяляе дзяржава, Мінлясгас. Але грошы, сказалі, ёсьць, і будуць будаваць».

У сваю чаргу, «Ахова птушак Бацькаўшчыны» прапануе прыпыніць будоўлю ўжо зараз і перагледзець будаўнічы праект і ягоную экалягічную экспэртызу. Запыт накіраваны ў Генэральную пракуратуру.

«Мэтазгоднасьць праходжаньня дарогі праз натуральныя ўчасткі ня можа быць абгрунтаваная ні эканамічна, ні экалягічна. Альтэрнатыўныя варыянты праходжаньня дарогі таксама ёсьць, бо гістарычна дарога ішла іншым маршрутам, пераважна па астравах», — гаворыцца ў звароце.

Па словах Віктара Фенчука з «Аховы птушак Бацькаўшчыны», па новай дарозе будуць езьдзіць ня толькі лесавозы. Па зручнай дарозе туды будзе больш езьдзіць мясцовых жыхароў.

«Калі павялічыць доступ людзей у балоты, вырасьце колькасьць пажараў», — кажа Фянчук.

Замест дарогі можна было б пабудаваць сотні кілямэтраў экасьцежак

Кошт новай дарогі — каля 2 мільёнаў рублёў. Грошы выдзяляе Міністэрства лясной гаспадаркі. У той жа час у агромністым заказьніку ёсьць толькі адна экалягічная сьцежка — драўляны насьціл працягласьцю ў 1,3 кілямэтра.

«На адзін кілямэтар такой дарогі можна пабудаваць некалькі соцень экалягічных сьцежак, — кажа Андрэй Абрамчук. — Калі з толкам арганізаваць экалягічны турызм, дык прыбытку ад экасьцежкі нашмат больш, чым ад вывазу лесу».

Але каб экалягічны турызм прыносіў грошы, па словах Абрамчука, павінна быць дзяржаўная праграма, якая б выхоўвала ў дзяцей пашану да прыроды.

«У Польшчы дзяцей зь дзіцячага садку возяць у нацыянальныя паркі. Таму ў іх 1,5—2 мільёна чалавек на год наведваюць адзін нацпарк. А ў нас у школах вучылі, што балота — гэта дрэнна. І такое разуменьне сфармавалася ў цэлага пакаленьня».

«Для мяне Альманскія балоты больш каштоўныя, чым Белавеская пушча»

Да мінулага тыдня ніхто не выступаў супраць будаўніцтва. У тым ліку мясцовыя людзі. Прынамсі ў лясгасе кажуць, што жыхары суседніх вёсак якраз зацікаўленыя, каб зьявілася новая дарога. Так ім прасьцей будзе трапіць на балота, дзе зьбіраюць ягады і грыбы.

У размове са Свабодай мясцовыя, наадварот, скардзіліся на новую дарогу. На іх думку, цяпер на балота будзе прыяжджаць больш людзей, каб зьбіраць журавіны. У сэзон на іх зборы некаторыя тут зарабляюць да некалькіх тысяч даляраў.

Але на вуліцу з пратэстам ніхто не выходзіць.

«У Польшчы тут ужо стаялі б намёты. І пакуль юрысты б разьбіраліся, ці можна, яны проста блякавалі б будоўлю», — кажа Андрэй Абрамчук.

Альманскія балоты сёньня маюць высокі міжнародны статус. Яны ахоўваюцца Рамсарскай канвэнцыяй як водна-балотнае ўгодзьдзе. Але нацыянальны статус заказьніка не перашкаджае весьці тут гаспадарчую дзейнасьць. Хоць стварыць нацыянальны парк тут плянавалі яшчэ ў 1920—1930-я гады, калі гэты рэгіён належаў Польшчы.

«Калі б у Альманскіх балотаў быў статус запаведніка, тут нічога нельга было б рабіць», — кажа Андрэй Абрамчук.

Цяпер абмяркоўваецца ідэя, каб уключыць усё Прыпяцкае Палесьсе ў Сьпіс усясьветнай спадчыны ЮНЭСКО. Па словах Віктара Фенчука, ужо ў наступным годзе пачнецца падрыхтоўка намінацыі, каб унесьці Прыпяцкае Палесьсе, у тым ліку і Альманскія балоты, у Сьпіс аб’ектаў усясьветнай спадчыны.

«Альманы гэтага вартыя, гэта адназначна, — кажа Абрамчук. — Для мяне Альманы нашмат больш каштоўныя, чым Белавеская пушча. Бо лясоў у нас 40%, а балотаў — толькі 4%».

0
вар / Адказаць
21.06.2018 / 16:33
Калгаснікі хочуць знішчыць унікальныя прыродныя тэрыторыі Беларусі, выпіліць і распрадаць увесь лес адтуль. Дарога будуецца менавіта для гэтага. Няблага было б Нашай Ніве зрабіць уласнае расследванне.
0
Андрэй / Адказаць
21.06.2018 / 16:46
Быў я на Альманскіх балотах. Мясціны там выдатныя. Як па мне, дык гэты дыямант Беларусі. Шкада, калі мы яго страцім. Трэба забараніць будоўлю дарогі!
6
Язэп / Адказаць
21.06.2018 / 16:50
Слышця эколаги запусьциця у гэныя балоты кракадзилау. Пусьць разводзюца штоб. Начальники туда баялися хадзить.
Паказаць усе каментары/ 42 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру