Бібліятэкі Віцебска і Віцебскай вобласці першымі ў Беларусі атрымалі ў падарунак 452 камплекты пяцітомнага збору твораў лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч «Галасы Утопіі», выдадзенага з дапамогай «Белгазпрамбанка».
Урачыстая цырымонія перадачы прайшла 21 чэрвеня ў Віцебскай абласной бібліятэцы.
Выдадзены па-беларуску цыкл «Галасы Утопіі» складаецца з пяці кніг, над якімі Святлана Алексіевіч працавала сорак гадоў: «У вайны не жаночы твар», «Апошнія сведкі», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва» і «Час сэканд-хэнд».
Перакладалі кнігі Алексіевіч найлепшыя літаратары краіны — Уладзімір Арлоў, Сяргей Дубавец, Андрэй Хадановіч, Барыс пятровіч, Валянцін Акудовіч.
Грошы на выданне збіралі праз краўдфандынг на платформе «Вулей». Збор стартаваў 21 лютага 2018 года і прыцягнуў 231 950 рублёў, стаўшы самым маштабным у гісторыіі беларускага краўдфандынгу, а таксама адным з найбуйнейшых у СНД.
«Белгазпрамбанк» узяў удзел у праекце і размясціў замову на друк дадатковага накладу ўнікальнага пяцітомнага выдання. Кнігі бязвыплатна перадаюцца ў фонды бібліятэк краіны, пачынаючы з Віцебскай вобласці. Усяго віцебскаму рэгіёну перададзена 452 камплекты кніг.
Збор трапіць як у гарадскія, так і вясковыя бібліятэкі.
«Адносіны да дасягненняў у інтэлектуальнай галіне вызначаюць узровень развіцця краіны і яе магчымасці. Безумоўна, мы ганарымся прызнаннем заслуг беларускага нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч, і наша задача — зрабіць даступным плён яе творчасці на роднай, беларускай мове», — адзначыў старшыня праўлення «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка.
«Белгазпрамбанк» стала падтрымлівае маштабныя грамадскія ініцыятывы ў галіне дабрачыннасці (Міжнародны фонд дапамогі дзецям «Шанс»), тэатральнага і выяўленчага мастацтва (Міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ», нацыянальны гісторыка-культуралагічны праект «Арт-Беларусь»), адукацыі (штогадовая канферэнцыя па краўдэканоміцы «Новая рэальнасць: выклікі для Беларусі»), спорту (Брэсцкі гандбольны клуб імя А.П.Мяшкова).