27.06.2018 / 10:34

Боль і злачынства. Чаму дактароў не павінны судзіць за памылкі Абмяркоўвайце! 37

Фота Piron Guillaume on unsplash.com.

У «Нашу Ніву» прыйшоў ліст ад дактароў, у якім яны рэагуюць на суд над медыкамі з Рэчыцы, якія зрабілі фатальную памылку. Мусіць быць страхавая кампенсацыя за няўдалыя дыягназы, але ў дактароў павінна застацца права на памылку, пішуць Васіль Іваненка і Сяргей Змітрычын.

Апошнім часам у нашым жыцьці з’явілася новая тэндэнцыя — судовы пераслед лекараў за іх прафесійную дзейнасць. Пакінем у баку тэму «хабар & удзячнасць», як і прычыны гэтай яшчэ савецкай традыцыі, а звернем увагу толькі на лекарскія памылкі і ўскладненні медычных маніпуляцый.

Як вядома, работа лекара не зусім звычайны від эканамічнай дзейнасці. Дый «эканамічнай» яе прызнаюць далёка не ўсе. Ратаванне жыцця чалавека альбо дапамога яму ў бядзе, сапраўды, часцей лічыцца ўчынкам маральным, а не меркантыльным. Але той, хто займаецца гэтым штодзённа, мусіць з чагосьці жыць ці атрымліваць якуюсь «узнагароду». Адылі ў наш час, у час «пераможнага шэсця капіталізму», калі матэрыяльныя дачыненні выйшлі на першае месца і ўсё ў жыцці імкнецца манетызавацца. Нават ісціна.

«Прычым тут ісціна?» — спытаеце вы. А справа ў тым, што работа лекара ў вялікай ступені ёсьць пастаянным пошукам ісціны. І калі ісціна філосафа — абстрактная, навукоўца — тэарытычна-прыкладная, мастака — суб’ектыўна-эстэтычная, то ў лекара яна — жывая і балючая.

Пастаноўка дыягназу — вось пошук «доктарскай ісціны», ад якой залежыць лёс, а часам і жыццё канкрэтнага чалавека. Нягледзячы на ўсе сучасныя метады дыягностыкі, працэс гэты не заўсёды просты і прадказальны, як здаецца недасьведчанаму назіральніку.

Сярод тысяч вядомых сёння хвароб, ёсць і вельмі рэдкія, з якімі лекар можа сустрэцца адзін раз у жыцці ці ўвогуле іх не спаткаць. Дый «старыя», даўно вядомыя хваробы маюць апошнім часам тэндэнцыю да амаладжэння альбо нетыповага, сцёртага цячэння, без характэрных «класічных» сімптомаў і праяў. Пастаноўка правільнага дыягназу, бывае, зацягваецца на тыдні і месяцы нават у спецыялізаваных клініках. А калі для гэтага ёсць толькі некалькі гадзін ці нават хвілін (!), як тое бывае пры хуткай дапамозе? Імавернасць памылкі тут заўсёды немалая. Асабліва калі медык не ведае анамнезу, не мае магчымасці правесці хаця б мінімальныя даследаванні, ці калі пацыент знаходзіцца ў цяжкім стане. Канечне, назіральнасць, інтуіцыя і досвед лекара маюць вялікае значэнне, але і яны часам не дапамагаюць. Здараецца і такое, што сярод тых двух-трох працоўных (меркаваных) дыягназаў, вакол якіх адбываецца пошук, ні адзін не аказваецца праўдзівы. Памылка, на жаль, ёсць непазбежным спадарожнікам работы лекара.

Памыляюцца ўсе — не толькі інтэрны ці маладыя спецыялісты, але і прафесары ды акадэмікі. Хіба што не заўсёды тыя памылкі становяцца вядомымі, бо яны не маюць такіх трагічных наступстваў, якія адбыліся ў Рэчыцкай ЦРБ, дзе ў выходны дзень пацыент памёр ад ларынгаспазму на фоне ангіны.

Віна маладых кардыёлага і тэрапеўта, якія дзяжурылі ў той дзень, нібыта даказана ў судзе. Яны асуджаны. Але ж ці ёсць лекарская памылка крымінальным злачынствам? То бок наўмысным ці ненаўмысным нанясеннем шкоды? Атрымліваецца якраз наадварот: дзеянні медыкаў заўсёды накіраваны на дапамогу ці змяншэнне шкоды арганізму пацыента, нават у тых выпадках, калі яны ідуць памылковым шляхам. Відавочнай памылка становіцца пастфактум, а ў момант аказання дапамогі лекары перакананы ў правільнасці і карыснасці сваіх дзеянняў. Кансультацыя псіхіятра таксама бывае выратавальнай пры дэлірыях ці псіхозах, гэтак жа як хірурга — пры апендыцыце, а ЛОРа ці рэаніматолага — пры хуткацечным ацёку гартані. Дыягнастычная памылка, якая нават прывяла да лятальнага канца, не ёсць забойствам, халатнасцю ці невыкананнем сваіх абавязкаў. Гэта толькі лекарская памылка, то бок адзін з магчымых варыянтаў сыходу хваробы, які ў той, канкрэтнай сітуацыі ў сілу розных абставін, не ўдалося папярэдзіць. Дык ці будзе правільна караць за гэта па крымінальных артыкулах?

Пытанне матэрыяльнай кампенсацыі блізкім памерлага ёсць немалой праблемай, і яно мусіць вырашацца так, як у развітых кранах — праз страхавыя фонды. У нас пакуль да гэта не дайшло, але рана ці позна і мы будзем прававой дзяржавай і звернемся да страхавання рызыкі медычнай дзейнасці. Бо асабіста выплачваць тыя сумы, якія патрабуюць пацярпелыя, не змогуць нават самыя высокааплатныя спецыялісты. І зусім нонсэнсам выглядае пазбаўленне лекараў прафесіі ў выніку дыягнастычнай памылкі. Па-першае, як чалавеку жыць і з чаго выплачваць той штраф, калі ён на 5 гадоў пазбаўлены працы. Па-другое, ці мэтазгодна (пры наяўнасці дэфіцыту кадраў) пазбаўляць раён двух лекараў — магчыма, някепскага тэрапеўта і перспектыўнага кардыёлага. Горш будзе і тым пацыентам, якія не змогуць атрымліваць адпаведную дапамогу. Па-трэцяе, ці вернуцца гэтыя маладыя спецыялісты пасля перанесенага псіхалагічнага і эмацыйнага стрэсу ў прафесію праз 5 гадоў? А каб падрыхтаваць кваліфікаванага лекара-спецыяліста, трэба 10—12 гадоў. Вось вам і «эканамічны эфект», і «меркантыльны разлік».

А ўвогуле, калі б за дыягнастычныя памылкі нашы суды пазбаўлялі работы ўсіх «вінаватых», то ў медыцыне засталіся б выключна чыноўнікі і адміністратары, то бок тыя, хто непасрэдна не займаецца клінічнай дзейнасцю. Любы практыкуючы доктар мае ў сваіх аналах калі і не «могілкі», то як мінімум лекарскія няўдачы і дыягнастычныя памылкі, на якіх даводзілася сталець любому спецыялісту. Як кажуць, за аднаго бітага двух нябітых даюць, і ў медыцыне гэта таксама актуальна, бо наймацнейшы досвед (на жаль) набываецца праз памылкі, і другі раз тую ж памылку ўжо звычайна ніхто не робіць.

Што да ўскладненняў медычных маніпуляцый, то тут усё яшчэ прасцей, бо працэнт ускладненняў аперыцый, наркозаў, анестэзій, пункцый ды іншых інтэрвенцыйных дзеянняў мо й не высокі, але даволі стабільны. Прычым у розных клініках, краінах і медычных сістэмах. З той хіба розніцай, што ў савецкія часы гэта звычайна хавалася і рэдка трапляла «на людзі», а на Захадзе фіксавалася ў статыстыцы і адкрыта абмяркоўвалася.

Такія ўскладненні звычайна цяжка прагназаваць ці папярэджваць, бо залежаць яны ад асаблівасцяў анатамічнай будовы сасудзістай і нервовай сістэмы, непрадказальных імунных ці алергічных рэакцый, нераспазнаных хранічных хвароб. Але перад працэдурай пацыент папярэджваецца аб магчымых пабочных эфектах і дае пісьмовую згоду на маніпуляцыю. Калі ўскладненне кароткачасовае, то праблемы няма, а калі ж мае працяглыя ці незваротныя наступствы, то зноў уступаюць у дзеянне страхавыя фонды. Але ніхто не лічыць лекара злачынцам ці забойцам, як гэта робіцца ў нас, ды не пазбаўляе права на прафесію. І ўрэшце гэта гуманней і рацыянальней.

Вядома, дыягнастычныя памылкі і ўскладненні медычных умяшальніцтваў заўсёды разбіраюцца на ўсіх ўзроўнях сістэмы аховы здароўя, з’яўляюцца нагодай для арганізацыйных ці прафесійных высноў, што часам каштуе нямала здароўя і самім лекарам. Яны таксама маюць мяжу трываласці, і працаваць пад псіхалагічным прэсам «злачынцаў у белых халатах» або патэнцыйных «ворагаў народа» — вельмі цяжка. А бадай і немагчыма. Бо доктар — не «ўніверсальная дыягнастычна-лячэбная машына», а звычайны жывы чалавек, які можа рабіць сваю справу пры наяўнасці пэўных умоваў, у тым ліку даверу і ўзаемапавагі з хворым і яго сваякамі. Але тэндэнцыя да судовых пераследаў лекараў апошнім часам падрывае гэты немалаважны складнік у нармальнай рабоце аховы здароўя. Застаецца толькі прыгадаць, што прафесія лекара інтэрнацыянальная, а пры такіх умовах жыцця і працы варта чакаць далейшага адтоку спецыялістаў. 

Васіль Іваненка, Сяргей Змітрычын

27
Віктар / Адказаць
27.06.2018 / 11:01
Згодзен на 100%, хоць сам і не ўрач. Дзякуй, што закранулі гэтую тэму.
27
mnb / Адказаць
27.06.2018 / 11:06
Статья написана тем кто не хочет отвечать за ошибки своей деятельности. Надо для начала разделять осложнения, которые нельзя было объективно предугадать и выявить, и те осложнения которые стали результатом врачебной ошибки (недообследование, неверное толкование результатов диагностических манипуляций, непринятие во внимание сопутствующих заболеваний, оставление пациента без присмотра, невладение в должной мере медицинскими манипуляциями и т.д.).
Если это осложнение появилось в тех обстоятельства, в которых объективно нельзя было помочь пациенту, то это одно. Но тогда когда ухудшение состояния произошло по вине недосмотра докторов - это совсем другое. Доктор должен нести ответственность. Почему доктора считают что они должны быть неприкасаемыми и их нельзя осуждать даже за ошибки? Я уверен на 100% что если доктор приедет на СТО сменить резину на своем авто, а специалист по шиномонтажу плохо прикрутит колесо, которое отвалится когда доктор будет ехать на скорости 100 км/ч, то доктор или его родственники будут обвинять этого специалиста в причинении вреда здоровью или смерти по неосторожности. Здесь можно много профессий привести: строитель, электрик, инженер, водитель и т.д. Все несут личную отвественность за свои действия. Так почему тогда врачи не должны нести ответственность за свои ошибочные действия или бездействия которые приводят к самым печальным последствиям? Такая их позиция неправильная, нечеловечная и несправедливая.
Я достаточно побывал в белорусских поликлиниках и больницах, и могу сказать что минимум 90% врачей не делают максимум из того что могут для пациентов. И лучшие врачи по наблюдениям это не интерны, не профессора и не академики, а обычные врачи среднего звена. У интернов нет достаточной практики, они инфантильны, ветер в голове, а седые профессора остановили свое самообучение еще 30 лет назад, они не владеют современными знанимями и навыками.
Отдельная тема это устаревшие клинические протоколы. Нормальные врачи часто их нарушают, чтобы вылечить пациента. Надо всё перерабатывать и брать за основу протоколы США и стран ЕС.
6
Ат / Адказаць
27.06.2018 / 11:10
Каб найперш саміх тых суддзяў як мае быць каралі, ды не тольк за памылкі, але і нячэснасць, дык тады можна было б і пра ўрачоў радзіць. А то суддзі ў нас выключна бязгрэшныя. Напаткаеце - даведаецеся. 
Паказаць усе каментары/ 37 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру