У амерыканскім штаце Каліфорнія ва ўзросце 46 гадоў памерла гарыла Кока, якая лічылася самым разумным і інтэлектуальна развітым прыматам планеты (акрамя чалавека), паведамляе арганізацыя The Gorilla Foundation.
Жывёла памерла ў сне. Кока была вядомая тым, што на працягу жыцця змагла выдатна засвоіць мову жэстаў, з дапамогай якой магла ясна выказваць свае думкі і пачуцці. Усяго самка гарылы магла разумець каля 2 тысяч англійскіх слоў.
Кока паказала свету унікальныя эмацыйныя і кагнітыўныя здольнасці гарыл.
Кока нарадзілася ў заапарку Сан-Францыска і пачала вывучаць мову жэстаў у раннім узросце — у рамках даследчай праграмы навукоўцаў Стэнфардскага універсітэта.