Пагадненне аб прыярытэтах партнёрства Еўрасаюза і Беларусі будзе падпісана ў гэтым годзе. Пра гэта Еўракамісар па еўрапейскай палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні ЕС Ёханэс Хан заявіў падчас дзясятага раўнда нефармальных міністэрскіх дыялогаў міністраў замежных спраў краін — удзельніц ініцыятывы ЕС «Усходняе партнёрства», які праходзіць у Мінску.

— Пытанне прыярытэтаў партнёрства ЕС і Беларусі цяпер абмяркоўваецца. Учора я гаварыў пра гэта з беларускім прэзідэнтам, сёння мы абмяркоўвалі гэта на перамовах. Я ўпэўнены, што вельмі хутка гэта пагадненне будзе гатова і мы яго падпішам у гэтым годзе, — заявіў Хан.

Кіраўнік МЗС дадаў, што прыярытэты партнёрства — гэта свайго роду дарожная карта адносін Беларусі з ЕС да 2020 года.

— Для нас, як нам здаецца, заключэнне гэтых прыярытэтаў партнёрства вельмі важна, таму што гэта створыць глебу для больш цеснага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і ЕС, — дадаў Макей.

З нагоды павышэння коштаў на візы да 80 еўра Хан сцвярджае, што ЕС не зацікаўлены ў зараблянні грошай. А асаблівы падыход да кожнай краіны, і Беларусі ў тым ліку, у Еўрасаюзе не практыкуецца.

— Не хацелася б перашкаджаць перамоўнаму працэсу, але не думаю, што Еўрасаюз зацікаўлены зрабіць візы крыніцай прыбытку Еўрасаюза. Наша мэта — паскорыць выдачу віз, мы не нацэльваемся на тое, каб зарабляць грошы, — сказаў Хан. — Мне хацелася б падкрэсліць, што ў Еўрасаюза няма дыферэнцыяцыі ў падыходах да краін, але ўсё залежыць ад інтэнсіўнасці адносін з краінамі. Што тычыцца візавага пытання з Беларуссю, мне не хацелася б каментаваць перамоўны працэс спрашчэння візавага рэжыму, але калі ёсць нацэленасць з абодвух бакоў, я падкрэсліваю, з абодвух бакоў, то мы не прабяжым, а праляцім гэты шлях.

Нагадаем, у ліку прапанаваных змяненняў у Візавы кодэкс ЕС — павелічэнне кошту ўязных дакументаў з 60 да 80 еўра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0